Валянцін Стэфановіч: "У XXI стагоддзі смяротнае пакаранне – гэта варварства"

Смяротнае пакаранне не забаронена міжнародным правам, больш за тое – Міжнародны пакт па грамадзянскім і палітычным правам дазваляе яго выкарыстоўваць за найбольш цяжкія злачынствы. Між тым, ва ўсім свеце назіраецца ўстойлівая тэндэнцыя адмены выключнай меры пакарання. У Беларусі такую кампані абвесцілі праваабаронцы. З адным з яе ініцыятараў – Валянцінам Стэфановічам гутарыць карэспандэнт www. Euramost.org.

– На рэферэндуме 1996 году пытанне пра смяротнае пакаранне было вынесена на абмеркаванне, і беларуская грамадскасць большасцю галасоў выказалася за захаванне выключнай меры пакарання. Разам з тым, пытанне адмены смяротнага пакарання ці ўвядзення мараторыя на яго выкананне застаецца актуальным. На вашую думку, чаму дзяржава не зацікаўленая ні ў адмене смяротнага пакаранння, ні ў яго шырокім грамадскім абмеркаванні?
– Мне складана адказаць, чаму дзяржава не зацікаўлена ў адмене смяротнага пакарання ў прынцыпе, бо на сёння мы чуем выказванні розных службовых асобаў, адно з апошніх – новага спікера палаты прадстаўнікоў Андрэйчанкі, які сказаў, што Беларусь падыйшла да таго этапу, калі магчыма ўвядзенне мараторыя на смяротнае пакаранне. Больш актыўна прадстаўнікі ўлады пачалі пра гэта казаць у апошні час, і падыходзяць да яго ў нейкім сэнсе з кан’юнктурных пазіцый, таму што ўлады відавочна нацэлены на сяброўства ў Радзе Еўропы. А між тым, Беларусь з’яўляецца, бадай, адзінай краінай Еўропы і постсавецкай прасторы, якая не ўваходзіць у Раду Еўропы, а адно з патрабаванняў сяброўства ў арганізацыі – увядзенне мараторыя на смяротнае пакаранне. Пытанне з пункту гледжання каштоўнаснага, гуманістычнага, цывілізацыйнага пра сутнасць смяротнага пакарання ўлады не закранаюць, і адпаведнай дыскусіі ў грамадстве таксама няма. Чаму гэта так? Я мяркую, што на гэта ўплывае агульная сітуацыя: улады ў прынцыпе не любяць, каб народ нешта абмяркоўваў. Яны лічаць магчымым прадставіць насельніцтву нейкую дазаваную інфармацыю, ці дэзінфармацыю, ці прапаганду, але такое адкрытае абмеркаванне ў грамадстве на балючыя тэмы і нават нейкія пабытовыя пытанні – публічнага абмеркавання ўлады не хочуць. А тым больш пытанняў, якія носяць пэўны палітычны падтэкст. Смяротнае пакаранне таксама можна аднесці да такога кшталту праблематыкі.

– Чаму кампанія “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” абвешчана менавіта зараз?
– Насамрэч, мы, праваабаронцы, са свайго боку неаднаразова падкрэслівалі, што Беларусь з’яўляецца адзінай краінай у Еўропе, якая практыкуе смяротнае пакаранне, і ўпэўнены, што час для ўвядзення мараторыя ў краіне сапраўды настаў. Мы лічым, што ў XXI стагоддзі смяротнае пакаранне – гэта варварства, і вельмі спадзяемся, што ў гэтым годзе Беларусь далучыцца да зоны, свабоднай ад смяротнага пакарання. А кіраўнікі краіны на тое і кіраўнікі, што мусяць кіравацца ў сваіх дзеяннях, сваіх поглядах не эмоцыямі, як гэта часта робяць звычайныя людзі. Бо калі казаць аб тым, што на рэферэндуме большасць насельніцтва прагаласавала за падтрымку смяротнага пакарання, то большасць апытанняў у краінах Еўропы і Еўразвязу таксама паказвае, што людзі выказваюцца за аднаўленне інстытуту смяротнага пакарання. Але ж людзі кіруюцца эмацыйнымі памкненнямі, помстай, а кіраўнікі дзяржаваў – гэта эліта, і яны павінна абапірацца якраз на пазіцыі гуманістычныя, цывілізацыйныя, яны мусяць разумець, што жыццё чалавека з’яўляецца найвышэйшай каштоўнасцю, і ніхто не мае права яго адбіраць, нават ад імя дзяржавы.

– Неяк па дзяржтэлебачанні мяне вельмі ўразіў дакументальны сюжэт пра асуджанага да пажыццёвага зняволення. Нягледзячы на тое, што былі паказаныя нібыта добрыя ўмовы ўтрымання, зняволены фактычна дайшоў да пэўнай ступені і псіхічнага расстройства, выгляд у яго быў знясілены, жудасны. Да таго ж сам супрацоўнік турмы адзначыў, што ў памяшканнях нават пах спецыфічны. На вашую думку, наколькі пажыццёвае пакаранне з’яўляецца больш гуманным, бо ў нашай краіне перагляд такіх справаў малаверагодны, людзі цалкам губляюць усялякую надзею і, магчыма, у такім стане смерць палічылі б за ласку? Нават калі ўявіць, што таго асуджанага выпусцілі, ён быў бы абсалютна неадаптаваны да звычайнага жыцця.
– Гэтае пытанне даволі шырокае – пытанне усёй пенітэнцыярнай сістэмы і яе рэформы , і яго варта разглядаць у комплексе, бо з турмаў увогуле людзі выходзяць малаадэкватнымі і не могуць адаптавацца да звычайнага жыцця па аб’ектыўных і суб’ектыўных прычынах. Не трэба забываць, што ўмовы ўтрымання ў беларускіх турмах далёкія ад ідэальных, і асуджаныя знаходзяцца ў вельмі жорсткіх умовах. Таму тут варта гаварыць і пра паляпшэнне ўмоваў утрымання, і пра будаўніцтва новых, якія б адпавядалі міжнародным стандартам, і г. д. Але я лічу, што пажыццёвае зняволенне значна гуманнее, чым забойства чалавека, і шмат якія даследаванні паказваюць, што ў любым выпадку асуджаныя трымаюцца за жыццё, яно вельмі дарагое чалавеку, спрацоўвае такі, можна сказаць, жывёльны інстынкт самазахавання. Акрамя таго, пажыццёвае зняволенне дае магчымасць рэабілітацыі чалавека, калі ён быў вымушаны прызнаць сваю віну ў здзяйсненні злачынства. Калі б ён быў расстраляны – выправіць судовую памылку ў такім разе проста немагчыма. Між тым, у гісторыі вельмі шмат выпадкаў, і ў Злучаных Штатах, і ў іншых краінах, калі праз шмат гадоў пераглядаюць нейкія матэрыялы справы і прыходзяць да высновы, што, аказваецца, чалавек быў асуджаны незаконна. І яго вызваляюць. Акрамя таго мы не мусім забываць, якія задачы пакарання злачынцы – задачы, скіраваныя на ягонае выпраўленне, на тое, каб ён усвядоміў сваю віну за здзейсненае. Натуральна, калі такога чалавека забіваюць, ён ужо выправіцца не можа і ўсвядоміць сваю віну таксама не можа. Мы не гаворым, што мы баронім злачынцаў, забойцаў, якія ў сваю чаргу пераступілі тую рысу і забралі жыццё іншага чалавека. Яны мусяць адказваць за свае злачынствы ў адпаведнасці з законам, але, паўтаруся, што мы мусім сыходзіць з пункту гледжання гуманнасці і гуманізму.

– Вы прывялі прыклад са Злучанымі Штатамі Амерыкі. Вядома, што ў гэтай дэмакратычнай краіне законы 38 з 50 амерыканскіх штатаў прадугледжваюць смяротнае пакаранне, і, такім чынам, даюць падставы гаварыць пра парушэнні правоў чалавека. Асабліва, скажам, на БТ?
– Трэба сказаць, што калі мы гаворым дэмакратычны, дэмакратычнасць – мы маем на ўвазе ўсё ж вельмі шырокае паняцце. Мы можам прывесці шмат прыкладаў дэмакратычных краінаў, дзе існуе інстытут смяротнага пакарання: Японія, ЗША і яшчэ шэраг некаторых краінаў. Калі глядзець у вузкім сэнсе, то дэмакратычнасць – гэта інстытуцыі фармавання улады, безумоўна, выкананне грамадзянскіх і палітычных правоў. Аднак правы чалавека парушаюцца ў любых краінах, і задача праваабаронцаў – змагацца за тое, каб яны не парушаліся. Ніхто не говорыць, што ў Злучаных Штатах няма праяваў нейкіх парушэнняў правоў чалавека. Я сам быў у адным са штатаў, Фларыдзе, якая займае другое месца пасля Тэхаса па колькасці прыведзеных смяротных прысудаў. Прычым трэба сказаць, што ў заканадаўстве ЗША няма абмежавання адносна асобаў, да якіх можа быць ужытая гэтая мера, у адрозненне ад Беларусі. У нас, напрыклад, гэта толькі мужчыны, старэйшыя за 18 гадоў, таксама ўведзена максімальная планка. Захаванне смяротнага пакарання ў ЗША абумоўлена рознымі прычынамі, у тым ліку і гістарычнымі, традыцыйнымі. І амерыканскія праваабаронцы таксама змагаюцца за тое, каб было спынена смяротнае пакаранне, яны праводзяць пікеты ў дзень казні з патрабаваннем гэтага не рабіць. Шмат хто з іх гаворыць, што ахвярамі смяротнага пакарання робяцца людзі бедныя, у якіх няма грошай на добрых адвакатаў, таму, безумоўна, гэта тая праблема, якой займаецца амерыканская грамадскасць і якая абмяркоўваецца. Але мы мусім кіравацца тым, што жывем ў Еўропе, якая з’яўляецца кантынентам, свабодным ад смяротнага пакарання, бо Еўропа вызначыла гэта як цывілізацыйны свой шлях, і таму мы павінны далучыцца да гэтай сям’і еўрапейскіх народаў, да еўрапейскай цывілізацыі.


Алена Кісялевіч

P.S. У канцы 2007 года на сесіі Генеральнай Асамблеі ААН была прынятая рэзалюцыя з заклікам да ўсіх краінаў паступова абмяжоўваць выкарыстанне смяротнага пакарання, увесці мараторый на прывядзенне смяротных прысудаў у выкананне з наступнай адменай вышэйшай меры пакарання. Абавязковай сілы гэтая рэзалюцыя не мае

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны