Кацярына Пытлева: “Смяротнае пакаранне з’явілася ў той час, калі людзі не ведалі і не бачылі іншага выйсця. Але зараз мы не павінны вяртацца ў сярэднявечча” (Відэа)


Кацярына Пытлева, VJ Першага музычнага канала, Dj Радыё “Мир”, салістка гурта "Клёндайк" далучылася да кампаніі супраць смяротнага пакарання ў нашай краіне.

 

Кацярына, дзяўчына добра вядомая ў беларускім шоўбізе, да праблемы смяротнага пакарання ставіцца па-філасофску.  

 

“На самой справе я доўгі час не задумвалася пра гэтую праблему, мабыць, як і большасць людзей, якія жывуць на планеце Зямля і з гэтым ніколі не сутыкаліся. Але, калі надыйшоў момант задумацца пра гэта, я ўзважыла ўсе “за” і “супраць” і прыйшла да свайго асабістага меркавання. Я лічу, што смяротнага пакарання не павінна быць. Па-першае, гэта парушэнне правоў чалавека. Па-другое, ніхто з нас не мае права забіраць жыццё іншага чалавека. Вядома, многія злачынцы гэта робяць. І людзі гавораць, што смяротнае пакаранне патрэбнае для таго, каб злачынца атрымаў па заслугах. Так шмат хто гаворыць, але, насамрэч, помста ніколі не з’яўлялася чымсьці добрым і не ўпрыгожвала чалавека. Чалавек мусіць быць дабрачынным і ніколі не прыніжацца да помсты. Таму што ў помсце няма нічого прывабнага. А смяротнае пакаранне фактычна і з’яўляецца помстай. Прычым, не самай лепшай, калі на тое ўжо пайшло. 

 

Я лічу, што чалавек, які здзейсніў злачынства, лепш усведамляе зробленае, калі гэта ўвогуле магчыма, калі ён да канца пражыве жыццё, ведаючы, што ён ніколі не пакіне сценаў камеры і не зможа больш зрабіць нічога, акрамя як сядець, думаць і ўзгадваць тое, што ён зрабіў.

 

Смяротнае пакаранне з’явілася ў той час, калі людзі не ведалі і не бачылі іншага выйсця. Але зараз мы жывем у сучасным, цывілізаваным грамадстве і мы не павінны вяртацца ў сярэднявечча, адбіраць у чалавека жыццё, калі ён здзейсніў штосьці, што супярэчыць нашым законам”.

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны