Святлана Алексіевіч: “Я думаю, што наш свет так і застанецца светам людзей, якія забівалі да сябе падобных” (Відэа)
Беларуская пісьменніца, лаўрэат Нацыянальнай прэміі крытыкаў ЗША Святлана Алексіевіч, якая цяпер жыве і працуе ў Берліне, падчас прэзентацыі свайго чатырохтомніка з хронікі “Галасы Утопіі” на ХVІ Міжнароднай Мінскай кніжнай выставе 14 лютага сустрэлася з ініцыятарамі кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” і падпісала петыцыю, звернутую да беларускіх уладаў.
“На працягу 30 гадоў я пішу сваю “чырвоную хроніку”, так я называю свой цыкл кніг. Я вельмі многа пішу пра вайну. І сама была ў Афганістане і бачыла, як забіваюць людзей, як забіраюць чалавечае жыццё… І я заўсёды думала, як людзі жывуць адзін на адзін з той думкай, што яны могуць забіць іншага чалавека, зрабіць справу Бога. Паколькі ні ў кога з нас няма на гэта права.
Гэта старое, дапатопнае вырашэнне чалавечых праблемаў: забіць іншага, таму што ён з табой не згодны, таму што ён не такі, як ты, або ён здзейсніў штосьці страшнае. Я думаю, што наш свет так і застанецца светам людзей, якія забівалі да сябе падобных.
Я, вядома, далучаюся да тых, хто хоча наблізіць іншы час, калі ў іншага чалавека нават не ўзнікне думкі, як сёння у нас не ўзнікае думкі з’есці іншага чалавека, так як людажэрства знікла з чалавечага жыцця, так і не ўзнікне думкі забіць іншага чалавека. Вось таму я стаўлю свой подпіс”.