“Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”: першыя вынікі кампаніі
Ужо месяц як распачалася кампанія “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”. За гэты час петыцыю, звернутую да беларускіх уладаў, падпісалі 11 вядомых асобаў Беларусі – Старшыня Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 12-га склікання Мечаслаў Грыб, Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна, пісьменнікі Уладзімір Арлоў, Святлана Алексіевіч і Адам Глобус, музыкі Уладзімір Пугач, Кася Камоцкая, Зміцер Вайцюшкевіч, тэле- і радыёвядучыя Зінаіда Бандарэнка, Тамара Лісіцкая і Кацярына Пытлева. Кожны з гэтых людзей, паставіўшы свой подпіс пад зваротам, выказаў сваё стаўленне да гэтай праблемы і распавёў, што прывяло асабіста яго да высновы пра неабходнасць адмены выключнай меры пакарання ў нашай краіне.
Мечаслаў Грыб, які першым падпісаў петыцыю, распавёў, што яго падштурхнуў далучыцца да кампаніі колішні ўдзел у раскрыцці серыйных забойстваў жанчын у нашумелай “Віцебскай справе”. Нагадаем, што ў студзені 1985 годзе Мечаслаў Іванавіч узначаліў следчую групу, дзякуючы працы якой у лістападзе таго ж году быў затрыманы сапраўдны злачынца. Падчас раскрыцця гэтага злачынства высветлілася, што былі незаконна асуджаныя 14 чалавек, адзін з іх прыгавораны да смяротнага пакарання і расстраляны.
Святлана Алексіевіч, якая цяпер жыве і працуе ў Берліне, далучылася да кампаніі падчас свайго кароткага візіту ў Мінск з нагоды прэзентацыі сваёй хронікі “Галасы Утопіі” на ХVІ Міжнароднай Мінскай кніжнай выставе. Пісьменніца падпісала петыцыю ў акружэнні прыхільнікаў сваёй творчасці і падзялідася з прысутнымі занепакоенасцю тым, што “наш свет так і застанецца светам людзей, якія забівалі да сябе падобных”.
Адам Глобус, далучыўшыся да кампаніі супраць смяротнага пакарання, прапанаваў абмеркаваць гэтую праблему наведвальнікам свайго блогу ў рубрыцы “апытанка”, а таксама выказаў аргументы ў абгрунтаванне сваёй пазіцыі ў запісах у livejournal.
“Распачаты збор подпісаў стаў першым крокам кампаніі. За гэты час мы зрабілі даволі шмат апытанняў і выслухалі розныя меркаванні па гэтай праблеме. Праблема смяротнага пакарання закранае шмат аспектаў. Мы сутыкнуліся з тым, што пэўная колькасць апытаных не мае акрэсленай пазіцыі ў гэтым пытанні. Таму мы лічым, што наспеў час дыскусіі ў грамадстве наконт смяротнага пакарання ў нашай краіне. І пабуджэнне да такой дыскусіі мусіць стаць наступным нашым крокам”, - зазначыла праваабаронца Ірына Тоўсцік падчас прэзентацыі кампаніі на VI Асамблеі няўрадавых арганізацыяў ды ініцыятываў, што адбывалася 6-7 сакавіка ў Мінску.
Каб наладзіць зваротную сувязь у абмеркаванні гэтага пытання, праваабаронцы звярнуліся да ўсіх жадаючых з прапановай выказацца, а менавіта, узяць удзел у конкурсе творчых прац на тэму смяротнага пакарання.
“Для нас важнае кожнае меркаванне, але як праваабаронцы мы спадзяемся, што асэнсаванне гэтай праблемы будзе сыходзіць з таго, што жыццё з’яўляецца найвышэйшай каштоўнасцю, натуральным і неад’емным правам чалавека”, - зазначыла Ірына Тоўсцік, звяртаючыся да ўсіх, хто зацікавіўся конкурсам.
На фота: праваабаронца Ірына Тоўсцік падчас прэзентацыі кампаніі на VI Асамблеі няўрадавых арганізацыяў ды ініцыятываў