Праваабаронцы занепакоеныя выказваннем П.Міклашэвіча пра рэферэндум па пытанні адмены смяротнага пакарання

Пётр Міклашэвіч
Пётр Міклашэвіч

Пытанне аб адмене смяротнага пакарання ў Беларусі, у адпаведнасці з Канстытуцыяй, можа быць вырашана толькі на рэферэндуме, адзначыў старшыня Канстытуцыйнага суда Беларусі Пётр Міклашэвіч на прэс-канферэнцыі 11 сакавіка. Паводле яго словаў, “у Канстытуцыі закладзены асобы парадак, што датычыцца адмены смяротнага пакарання”, паведамляе interfax.

 

Праваабаронцы выказваюць занепакоенасць гэтымі словамі старшыні Канстытуцыйнага суда Рэспублікі Беларусь. Як адзначае Валянцін Стэфановіч, выказванне Пятра Міклашэвіча супярэчыць адпаведнаму Заключэнню Канстытуцыйнага суда, згодна з якім   часовы характар смяротнага пакарання быў замацаваны ў Крымінальным кодэксе Рэспублікі Беларусь. 

 

“Сённяшняе выказванне старшыні Канстытуцыйнага суда Пятра Міклашэвіча выклікае пэўную занепакоенасць. Таму што ёсць Заключэнне Канстытуцыйнага суда РБ ад 11 сакавіка 2004 года аб адпаведнасці Канстытуцыі РБ і міжнародным дамовам РБ палажэнняў Крымінальнага кодэксу РБ, якія прадугледжваюць прымяненне ў якасці пакарання смяротнага пакарання. Паводле гэтага Заключэння, Канстытуцыйны суд лічыць, што ч. 3 арт. 24 Канстытуцыі, якая ўсталёўвае магчымасць ужывання смяротнага пакарання ў якасці выключнай меры пакарання толькі да яе адмены, дазваляе прыняць рашэнне аб абвяшчэнні мараторыю на ўжыванне смяротнага пакарання ці аб поўнай адмене гэтага віду пакарання. То бок, у Канстытуцыі ўжо закладзены часовы характар смяротнага пакарання. І паводле гэтага Заключэння, абвесціць мараторый, прынамсі ў якасці першага кроку, можа ці глава дзяржавы, прэзідэнт, ці парламент. І, адпаведна, для гэтага не патрабуецца ніякага правядзення рэферэндуму. Таксама ў гэтым Заключэнні адзначана, што вынікі рэферэндуму 1996 году, падчас якога за захаванне смяротнага пакарання выказалася 80, 44% грамадзянаў, не насілі абавязковага характару.

 

Таму мы вельмі занепакоеныя тым, што сёння сказаў сп.Міклашэвіч. І тут застаецца незразумелым – гэта новая пазіцыя новага старшыні Канстытуцыйнага суда, якая адрозніваецца ад пазіцыі папярэдніка, сп.Васілевіча, і адпаведнага рашэння, прынятага ў 2004 годзе, ці сп.Міклашэвіч, магчыма, проста забыўся на гэтае рашэнне. Але ж узгаданае Заключэнне было прынятае і яно дзейнічае” – пракаментаваў сітуацыю Валянцін Стэфановіч.

 

 

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны