У Гдыне прайшла акцыя супраць парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі
25 сакавіка на пляцоўцы ля музычнага тэатра польскай Гдыні адбылася акцыя, арганізаваная праваабарончай сеткай "Міжнародная амністыя" і беларускімі студэнтамі Гданьскага ўніверсітэта. Акцыя была прымеркаваная да Дня Волі, перадае БелаПАН.
Падчас акцыі, у якой прынялі ўдзел некалькі дзясяткаў чалавек, раздаваліся ўлёткі з інфармацыяй аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, а таксама было сабрана больш за сто подпісаў пад петыцыяй да ўладаў рэспублікі з просьбай аб адмене смяротнага пакарання.
28 сакавіка прадстаўнікі беларускага культурнага аб’яднання "Хатка" (Гданьск) плануюць ускласці кветкі на магілу грамадскага дзеяча, удзельніка абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі Лукі Дзекуць-Малея, беларускага мастака Міхася Чурылы, а таксама да помніка беларускаму класіку Янку Купале.