Праваабаронцы цалкам падтрымліваюць рашэнне ПАРЕ па Беларусі

Статус спецыяльна запрошанага ў ПАРЕ парламенту Беларусі вернуць толькі пасля ўвядзення мараторыя на смяротнае пакаранне. Такое рашэнне 23 чэрвеня было прынятае на сесіі ПАРЕ ў Страсбургу. Як заявіў прадстаўнік ПЦ “Вясна” Валянцін Стэфановіч, праваабаронцы цалкам падтрымліваюць дадзеную прапанову.

 

- Мы станоўча ацэньваем рашэнне, прынятае сёння на сесіі ПАРЕ. Аднаўленне статуса спецыяльна запрошанага ў Радзе Еўропы не мусіць быць падарункам для беларускіх ўладаў. Улады Беларусі павінны зрабіць яшчэ пэўныя крокі ў накірунку дэмакратызацыі у краіне, каб атрымаць такі статус, - сказаў В.Стэфановіч.

 

Праваабаронца адзначыў, што, хаця статус спецзапрошанага не прадугледжвае наяўнасці мараторыя на смяротнае пакаранне (паколькі не вядзецца гаворка пра паўнавартаснае сяброўства ў Радзе Еўропы), патрабаванне Асамблеі цалкам адэкватнае.

 

- Мы цалкам падтрымліваем дадзеную прапанову і лічам, што ўвядзенне мараторыя на смяротнае пакаранне было б адпаведным крокам для таго, каб парламенту Беларусі аднавіць такі статус, - сказаў праваабаронца.

Нагадаем, што ў 1993 годзе Беларусь ўжо атрымлівала статус спецыяльна запрошанай у ПАРЕ. Аднак пасля  рэферэндуму 1996 г., вынікі якога не былі прызнаныя дэмакратычным светам, краіна была пазбаўленая гэтага статусу.

 

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны