У Беларусі вынеслі чарговы сьмяротны прысуд
Брэсцкі абласны суд прысудзіў 30-гадовага мужчыну да пакараньня сьмерцю за здзяйсненьне серыі забойстваў. Яго 28-гадовага саўдзельніка - да пажыццёвага зняволеньня з адбываньнем пакараньня ў выпраўленчай калоніі асобага рэжыму, піша БЕЛАПАН.
Асуджаныя пражывалі ў вёсцы Тарацья.
Як паведаміла начальнік аддзела пракуратуры Брэсцкай вобласці Наталля Васерчук, якая падтрымлівала дзяржаўнае абвінавачваньне па дадзенай справе, 29 чэрвеня суд прызнаў 30-гадовага мужчыну вінаватым у здзяйсненьні злачынстваў, прадугледжаных пунктамі 12, 15, 16 ч. 2 ст. 139 (забойства пры абцяжарвальных акалічнасцях), ч. 2 і 3 ст. 207 (разбой), яго саўдзельніка - вінаватым у здзяйсненьні злачынстваў, прадугледжаных пунктамі 12, 15, 16 ч. 2 ст. 139 і ч. 3 ст. 207 Крымінальнага кодэксу.
Падчас судовага паседжаньня высьветлена, што з лістапада 2007 года па студзень 2008 года злачынцы зьдзейсьнілі ў Драгічынскім раёне чатыры забойствы пажылых адзінокіх жанчын. Яшчэ два аналагічныя забойствы ў дадзеным рэгіёне асуджаны здзейсьніў адзін.
Акрамя таго, суд палічыў даказаным здзяйсненьне апошнім разбою на тэрыторыі Гарадзенскай вобласці.
Нагадаем, што 23 чэрвеня Рада Еўропы прыняла рэзалюцыю, паводле якой беларускі "парламент" атрымае статут адмысловага запрошанага ў ПАСЕ толькі пасля адмены пакараньня смерцю. У адказ беларускія "дэпутаты" заявілі, што ў Беларусі практычна ўжо год не праводзіцца смяротнае пакаранне.
У сваю чаргу прадстаўнікі міжнароднай інстытутаў, такіх як "Міжнародная амністыя", не раз заяўлялі, што для адмены смяротнага пакарання рэферэндум не патрэбен.