Amnesty International: "Абаронім права на жыццё! Не смяротнаму пакаранню ў Беларусі!"
3 ліпеня 2009 году актывісты Amnesty International правялі пікет перад пасольствам Рэспублікі Беларусь у Маскве. Удзельнікі акцыі заклікалі беларускія ўлады ў неадкладным парадку абвясціць мараторый на вынясенне і выкананне смяротных прысудаў у якасці першага кроку на шляху да поўнай адмены смяротнага пакарання.
У сваім афіцыйным прэс-рэлізе міжнародная праваабарончая арганізацыя звяртае ўвагу на тое, што, нягледзячы на патрабаванні міжнародных органаў, улады Беларусі па-ранейшаму прыводзяць у выкананне смяротныя прысуды:
"Надаўна стала вядома, што 29 чэрвеня 2009 году Брэсцкі абласны суд вынес смяротны прысуд 30-летняму мужчыну. Гэта адбылося праз тыдзень пасля таго, як 23 чэрвеня Парламенцкая асамблея Рады Еўропы (ПАРЕ) у Страсбургу прагаласавала за аднаўленне для парламента Беларусі статусу адмыслова запрошанай дзяржавы пры ўмове, што Беларусь абвесціць мараторый на выкананне смяротных прысудаў.
Міжнародныя органы неаднаразова заклікалі Беларусь цалкам скасаваць гэты від пакарання. Аднак, беларускія ўлады працягваюць ігнараваць патрабаванні міжнароднай супольнасці, якая дамагаецца ўвядзення ў краіне мараторыя на смяротнае пакаранне".
Amnesty International выступае супраць смяротнага пакарання ва ўсіх выпадках без выключэння.
"Смяротнае пакаранне з'яўляецца крайнім адмаўленнем правоў чалавека. Вышэйшая мера пакарання - парушэнне права на жыццё, абвешчанага ва Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, і ўяўляе сабою крайне жорсткае, бесчалавечнае і прыніжаючае годнасць пакаранне", - заяўляюць міжнародныя праваабаронцы.
Падчас акцыі каля беларускага пасольства актывісты Amnesty International выступілі з лозунгамі: "Абаронім права на жыццё! Не смяротнаму пакаранню ў Беларусі!"
Праз сімволіку акцыі прадстаўнікі Amnesty International зрабілі акцэнты на асаблівасцях прывядзення ў сілу смяротных прысудаў у Беларусі:
"Знакамі акцыі сталі чорныя постаці ахвяраў смяротных прысудаў у рэспубліцы. Чорныя сілуэты на асфальце сімвалізавалі пакараных грамадзянаў рэспублікі Беларусь; чырвоныя гваздзікі нагадвалі пра тое, што ахвяры пакарання смерцю ў Беларусі былі не толькі пазбаўленыя жыцця, але і права на пахаванне.
Вядома, што вышэйшая мера пакарання ў Беларусі - пад завесай сакрэтнасці. Целы пакараных не выдаюцца для пахавання; сваякоў у афіцыйным парадку не паведамляюць ні пра дату пакарання смерцю, ні пра месца пахавання.
Смяротнае пакаранне ў Беларусі прыводзяць у выкананне стрэлам у патыліцу. Кампазіцыя ката і ахвяры на пікеце наглядна выяўляла дадзены спосаб ажыццяўлення пакарання смерцю ў рэспубліцы".
Даведка: Беларусь - апошняя з краінаў Еўропы і былога СССР, дзе працягваюць караць смерцю людзей. Афіцыйных дадзеных пра колькасць прыведзеных у выкананне смяротных прысудаў няма, аднак, па ацэнках Amnesty International, з моманту набыцця Беларуссю незалежнасці ў 1991 годзе ў краіне маглі пакараць смерцю не менш за 400 чалавек.
Ужыванне вышэйшай меры пакарання ў Беларусі пагаршаецца шматлікімі заганамі ў сістэме крымінальнага судаводства. Ёсць пераканаўчыя доказы таго, што ў краіне ўжываюцца катаванні і іншыя віды жорсткага абыходжання з мэтай атрымання патрэбных паказанняў, і што асуджаныя пазбаўленыя магчымасці звярнуцца да эфектыўнага механізму падачы апеляцый.