Вынікі конкурсу творчых працаў па тэме смяротнага пакарання будуць абвешчаныя 10-га кастрычніка
Пераможцы конкурсу творчых працаў, які праходзіў у межах кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”, будуць абвешчаныя 10-га кастрычніка.
Менавіта гэтая дата была абраная арганізатарамі для падвядзення вынікаў невыпадкова. З 2003 года Сусветная кааліцыя супраць смяротнага пакарання ў гэты дзень па ўсім свеце ладзіць акцыі з заклікам адмяніць гэты від кары. У 2007 годзе Рада Еўропы зацвердзіла Еўрапейскі дзень барацьбы супраць смяротнага пакарання, які штогод адзначаецца 10-га кастрычніка.
Арганізатары конкурсу выказваюць падзяку ўсім, хто браў у ім удзел, і запрашаюць на падвядзенне вынікаў.
Нагадаем, ініцыятарамі конкурсу з’яўляюцца грамадскія аб’яднанні Праваабарончы цэнтр “Вясна”, Беларускі Хельсінскі Камітэт, Беларуская Асацыяцыя журналістаў, Беларускі Пэн-цэнтр і Саюз беларускіх пісьменнікаў.
Запрашаем усіх жадаючых разам адзначыць Сусветны Дзень без смяротнага пакарання!
Мерапрыемства адбудзецца 10 кастрычніка ў памяшканні Беларускага ПЭН-цэнтра (Менск, вул. Казлова-7, 101). Пачатак а 12-ай гадзіне.
Па дадатковую інфармацыю можна звяртацца на e-mail: nash.konkurs@gmail.com