Пераможцы конкурсу творчых працаў па тэме смяротнага пакарання атрымалі свае ўзнагароды
Імёны пераможцаў конкурсу творчых працаў, які праходзіў у межах кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”, былі названыя 10-га кастрычніка
Менавіта гэтая дата была абраная арганізатарамі для падвядзення вынікаў невыпадкова. З 2003 году Сусветная кааліцыя супраць смяротнага пакарання ў гэты дзень па ўсім свеце ладзіць акцыі з заклікам адмяніць гэты від кары. У 2007 годзе Рада Еўропы зацвердзіла Еўрапейскі дзень барацьбы супраць смяротнага пакарання, які штогод адзначаецца 10-га кастрычніка. Пераможцамі творчага конкурсу сталі 4 удзельнікі. У намінацыі “Лепшы літаратурны твор” журы адзначыла п’есу Андрэя Карэліна “БЛІЦ – С ці ТУТ ТАНЧАЦЬ! (хроніка апшніх гадзінаў)”.
“Лепшым публіцыстычным творам” стала эсэ Вікторыі Старасценка.
Арыгінальным поглядам на праблему вызначыліся два ўдзельнікі конкурсу. Сяргей Дзядзюль праблему каштоўнасці чалавечага жыцця ў графічных выявах. А матэматык Міхась Булавацкі прапанаваў доказы таго, што “Наяўнасць смяротнага пакарання ў дзяржаве зніжае маральнасць дзяржавы” ў выглядзе тэарэмы.
Паколькі працы пераможцаў конкурсу, на думку арганізатараў, будуць вельмі цікавыя для шырокай грамадскасці, то ўсе творы будуць прадстаўленыя на сайце www.spring96.org.
Нагадаем, ініцыятарамі конкурсу з’яўляюцца грамадскія аб’яднанні Праваабарончы цэнтр “Вясна”, Беларускі Хельсінскі Камітэт, Беларуская Асацыяцыя журналістаў, Беларускі Пэн-цэнтр і Саюз беларускіх пісьменнікаў.
Кампанія “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” распачалася ў Беларусі ў студзені 2009 году. Яе ініцыятары ставяць за мэту спыненне смяротнага пакарання ў краіне і далучэнне Беларусі да агульнаеўрапейскіх каштоўнасцяў.
На дадзены момант Беларусь засталася адзінай краінай у Еўропе, дзе выносяцца і прыводзяцца ў выкананне смяротныя прысуды. Пасля адмены смяротнага пакарання Узбекістанам з 1 студзеня 2008 году наша краіна засталася апошняй з дзяржаваў на постсавецкай прасторы, якая прымяняе дадзены від пакарання.