Праваабаронцы нагадалі пра праблему смяротнага пакарання ў Беларусі (фота)
10 кастрычніка, у Сусветны дзень барацьбы супраць смяротнага пакарання, прадстаўнікі праваабарончых арганізацыяў нагадалі грамадскасці пра праблему смяротнага пакарання ў Беларусі. Як высветлілася з размоваў з мінакамі, у той час, калі ў краіне выносяцца смяротныя прысуды, не ўсе грамадзяне нават ведаюць пра наяўнасць гэтага віду пакарання ў дзяржаве.
Сябры Праваабарончага Цэнтру “Вясна” выйшлі на цэнтральны праспект Менску, каб раздаць менчукам і гасцям сталіцы паштоўкі Міжнароднай праваабарончай арганізацыі Amnesty International, якая падтрымлівае кампанію “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”.
Людзі, якія атрымалі такія паштоўкі, змаглі не толькі азнаёміцца з заклікам і аргументамі уплывовай міжнароднай арганізацыі наконт неабходнасці неадкладнага ўвядзення мараторыя на смяротнае пакаранне ў краіне. Разам з тым у іх з’явілася магчымасць ад сябе асабіста даслаць на імя прэзідэнта краіны зварот з просьбай замяніць усе вынесеныя смяротныя прысуды на тэрміны пазбаўлення волі.
Са словаў праваабаронцаў, ім было вельмі прыемна, што сярод іх суразмоўцаў былі людзі, якія падпісвалі такія звароты без усялякіх сумневаў адразу як толькі атрымалі паштоўкі. Таксама сустракаліся і сярод беларусаў, і сярод турыстаў, людзі, якія шчыра здзіўляліся, калі даведваліся, што ў нашай краіне да гэтага часу ўзаконена і прымяняецца такая жорсткая, бесчалавечная кара.
Як адзначыў прадстаўнік ПЦ “Вясна” Валянцін Стэфановіч, сённяшняя акцыя, як і апошнія апытанні сярод грамадзянаў па дадзенай праблеме, паказалі не такія ўжо песімістычныя вынікі. У апошнія часы колькасць прыхільнікаў адмены смяротнага пакарання ў нашай краіне значна павялічылася і складае каля 40 адсоткаў. Пры параўнанні гэтай лічбы з вынікамі рэферэндуму 1996 году заўважаецца пэўны прагрэс.
Таксама ў размове з журналістамі праваабаронца даў ацэнку пазіцыі беларускіх уладаў у пытанні смяротнага пакарання.
- Да Сусветнага дню барацьбы супраць смяротнага пакарання мы, на жаль, падыйшлі з несуцяшальнымі вынікамі. Мараторый, пра які на працягу доўгага часу казалі беларускія ўлады, дагэтуль не ўведзены. Мы не маем ніякай пэўнай інфармацыі пра падрыхтоўку да яго ўвядзення, акрамя ранейшых завярэнняў з боку ўладаў. Зараз увогуле настала зацішша ў гэтым пытанні, ніхто пра яго нават і не ўзгадвае.
У той жа час на сёння мы маем два смяротныя прысуды ў краіне, вынесеныя не так даўно. Гэтыя акалічнасці нас як праваабаронцаў вельмі турбуюць. Мы спрабуем зрабіць усё магчымае, каб вынесеныя прысуды не былі прыведзеныя ў выкананне, а асуджаныя на смерць людзі не сталі апошнімі растралянымі ў гісторыі сучаснай Беларусі.
На жаль, ўлады вялі размовы пра неабходнасць увядзення мараторыя з вельмі практычных падыходаў. Ім гэта неабходна для ўступлення ў Раду Еўропы і аднаўлення статусу спецыяльна запрошанага. Пры гэтым мала гаворыцца пра самую сутнасць смяротнага пакарання, не абмяркоўваецца маральны бок праблемы, узаемасувязь наяўнасці смяротнага пакарання з узроўнем злачыннасці ў грамадстве – тыя пытанні, на якія мы, праваабаронцы, мусім звяртаць увагу пры інфармаванні грамадзянаў Беларусі, калі тлумачым, чаму мы лічым, што не павінна быць смяротнага пакарання ў нашай краіне, - сказаў Валянцін Стэфановіч.