Стэфан Эрыксан: Беларускае грамадства гатова да абмеркавання пытання аб пакаранні смерцю

Стэфан Эрыксан
Стэфан Эрыксан

Беларускае грамадства гатова да абмеркавання пытання аб пакаранні смерцю.

Такую думку выказаў сёння, 12 кастрычніка, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Швецыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан на прэс-канферэнцыі, прысвечанай Еўрапейскаму дню барацьбы супраць пакарання смерцю.

«Мы заўважылі, што ў апошнія гады ў Беларусі зменшылася колькасць прыгавораных да вышэйшай меры пакарання. У беларускім грамадстве па ініцыятыве ўлад пачалося абмеркаванне магчымасці ўвядзення мараторыю на прымяненне смяротнай кары, у парламенце створана рабочая група, якая будзе вывучаць гэта пытанне», — сказаў ён.

Паводле слоў Стэфана Эрыксана, Еўрасаюз вітае гэтыя крокі беларускіх улад і спадзяецца, што пачатая дыскусія будзе мець прадаўжэнне і завершыцца ўвядзеннем мараторыю.

«Але пакуль у Беларусі пакаранне смерцю прымяняецца, мы будзем узнімаць гэта пытанне спадзеючыся пераканаць уладу», — сказаў ён. Пры гэтым пасол падкрэсліў, што ніхто не можа прымусіць Беларусь або якую-небудзь іншую дзяржаву, якая прымяняе смяротную кару, прыняць рашэнне аб увядзенні мараторыю.

Адказваючы на пытанні журналістаў аб неабходнасці правядзення рэферэндуму па пытанню ўвядзення мараторыю на пакаранне смерцю, пасол Швецыі адзначыў, што кожная краіна сама вырашае, якія рэферэндумы праводзіць. У той жа час ён лічыць, што ёсць пытанні, якія не варта выносіць на ўсеагульнае абмеркаванне, і смяротная кара — адно з іх. Галоўнае — не рэферэндум, а каб улады занялі цвёрдую прынцыповую пазіцыю, сказаў ён.

Стэфан Эрыксан таксама адзначыў, што пакаранне смерцю прымяняецца ў многіх краінах свету, у тым ліку ў ЗША. «Гэта адно з пытанняў, па якіх у ЕС і ЗША няма згоды», — дадаў ён.

 

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны