У асуджанага да смяротнага пакарання Юзэпчука з'явілася надзея
12 кастрычніка 2009 году Камітэт па правах чалавека ААН зарэгістраваў пад нумарам 1906/2009 індывідуальны зварот Васіля Юзэпчука, асуджанага да смяротнага пакарання Брэсцкім абласным судом. Адпаведнае паведамленне з Жэнеўскага офіса Вярхоўнага камісара па правах чалавека атрымаў юрыст, праваабаронца Раман Кісляк.
Рэспубліка Беларусь ратыфікавала Міжнародны Пакт пра грамадзянскія і палітычныя правы і Факультатыўны пратакол да яго. Тым самым Беларусь прызнала кампетэнцыю Камітэта ААН па правах чалавека разглядаць індывідуальныя звароты пра мяркуемае парушэнне якога-небудзь з правоў, выкладзеных у Пакце.
У паведамленні, атрыманым Раманам Кісляком, гаворыцца, што аналагічная копія "накіраваная дзяржаве-ўдзельніцы 12 кастрычніка з просьбай перадаць у Камітэт якую-небудзь інфармацыю ці заўвагі наконт прымальнасці і па сутнасці індывідуальнага паведамлення на працягу шасці месяцаў".
Таксама офіс Вярхоўнага Камісара паведамляе, што "паводле правіла 92 Правілаў працэдуры Камітэта дзяржаве-ўдзельніку выстаўленае патрабаванне не прыводзіць у выкананне смяротны прысуд, пакуль справа знаходзіцца на разглядзе Камітэта".
"Юзэпчук звярнуўся ў Камітэт па правах чалавека 2 кастрычніка пасля ўступленне смяротнага прысуду ў сілу. Гэта 67-ая зарэгістраваная Камітэтам скарга па Беларусі. Мы будзем дамагацца ўстанаўлення ў Камітэце па правах чалавека парушэння права на жыццё ў дачыненні да Васіля Юзэпчука. Нельга асуджаць чалавека да смяротнага пакарання пры наяўнасці неправераных належным чынам фактаў ужывання катаванняў і грубых парушэнняў гарантыяў справядлівага судаводства", - пракаментаваў Раман Кісляк.