Праблема смяротнай кары аднолькава хвалюе і вядомых драматургаў, і простых студэнтаў (фота)

Пераможцы конкурсу Сяргей Дзядзюль, Андрэй Карэлін, Вікторыя Старасценка, Міхась Булавацкі
Пераможцы конкурсу Сяргей Дзядзюль, Андрэй Карэлін, Вікторыя Старасценка, Міхась Булавацкі

Сярод творчых працаў, дасланых на конкурс у межах кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”, “Лепшым літаратурным творам” журы назвала п’есу Андрэя Карэліна “БЛІЦ – С ці ТУТ ТАНЧАЦЬ! (хроніка апошніх гадзінаў)”. “Лепшым публіцыстычным творам” стала эсэ студэнткі юрыдычнага факультэту Інстытута правазнаўства Вікторыі Старасценка.

Прапануем вашай увазе творы пераможцаў.

“Драму Андрэя Карэліна я прачытаў з вялікім задавальненнем. Мне яна спадабалася, нягледзячы на тое, што там усяго тры персанажы… Гэта геніяльна. 15 старонак. Усяго адна ноч перад смяротным пакараннем. Але за гэту ноч разам з героямі п’есы я перажыў цэлае жыццё, іхны лёс”, - падзяліўся сваімі ўражаннямі знакаміты бард і паэт Эдуард Акулін падчас віншавання пераможцы.

Аўтар п’есы зазначыў, што ўзяў удзел у конкурсе па праблеме смяротнага пакарання таму, што яму не ўсё роўна, што адбываецца ў яго краіне.

“Мяне як чалавека, грамадзяніна і творчую асобу вельмі хвалюе пытанне смяротнага пакарання ў краіне, дзе я жыву. З гэтай прычыны 4 гады таму і была напісаная гэтая п’еса. Я лічу, што адзін Бог мае права вырашаць, каму жыць, а каму памерці. І нават калі грамадства лічыць інакш, то гэта не падстава для таго, каб пазбаўляць кагосьці жыцця ”, - сказаў Андрэй Карэлін.

Вікторыі Старасценка падчас цырымоніі ўзнагароды распавяла прысутным, што тэма смяротнай кары яе цікавіць даўно:

“Мне як чалавеку з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй цяжка заставацца раўнадушнай да таго, што я ў сілах змяніць. Я не магу вырашаць, хто павінен жыць, а хто паміраць, што добра, а што кепска. Але хоць штосьці я магу змяніць: на пачатку голасна заявіць, што я супраць смяротнага пакарання!”.

Сябра Беларускай Асацыяцыі журналістаў Яніна Мельнікава зазначыла, што свабода слова ў краіне не магчымая без забеспячэння права на жыццё.

“Як журналіст я магу сказаць, што Ваша эсэ мяне насамрэч захапіла. І тыя думкі, якія там былі выкладзеныя на трох старонках, прачыталіся на адным дыханні. Думаю, што гэта не першая і не апошняя Ваша праца, - звярнулася Я. Мельнікава да Вікторыі з віншаваннем. -  І хочацца яшчэ раз адзначыць, што Беларуская Асацыяцыя журналістаў стаіць за свабоду слова, але гэта проста будзе немагчыма, калі не будзе свабоды на жыццё ўсіх людзей – і тых, хто зрабіў дрэнныя крокі, і тых, хто па жыцці ішоў з Богам”.

 

П’еса Андрэя Карэліна “БЛІЦ – С ці ТУТ ТАНЧАЦЬ! (хроніка апшніх гадзінаў)”.

Эсэ Вікторыі Старасценка.

 

Фота

Эдуард  Акулін узнагароджвае Андрэя Карэліна
Яніна Мельнікава ўзнагароджвае Вікторыю Старасценка

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны