Заява Праваабарончага цэнтру “Вясна” з нагоды смяротных прысудаў, вынесеных Васілю Юзэпчуку і Андрэю Жуку
Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь разгледзеў касацыйныя скаргі Васіля Юзэпчука (на прысуд Брэсцкага абласнога суда ад 29 чэрвеня 2009 года) і Андрэя Жука (на прысуд Мінскага абласнога суда ад 17 ліпеня 2009 года) і пакінуў іх без задавальнення. Такім чынам абодва смяротныя прысуды набылі законную сілу.
Прадстаўнікі праваабарончай супольнасці краіны выказваюць занепакоенасць тым, што смяротныя прысуды Васілю Юзэпчуку і Андрэю Жуку могуць быць выкананыя.
Па словах адвакатаў, што выступалі ў судовым паседжанні па справе Юзэпчука, прысуд Брэсцкага абласнога суда пабудаваны на здагадках, бо прамых доказаў няма, у аснову абвінаваўчага прысуду былі пакладзеныя галоўным чынам сведчанні супрацоўнікаў міліцыі. Ёсць факты таго, што Юзэпчук збіваўся падчас знаходжання ў следчым ізалатары, яму наносіліся цялесныя пашкоджанні, што было зафіксавана. Таксама, паводле заключэння камісіі экспертаў, у асуджанага лёгкая ступень разумовай адсталасці, ён кепска арыентуецца ў наваколлі. Таму ў праваабаронцаў ёсць вельмі сур’ёзныя асцярогі наконт таго, што віна Юзэпчука не даказаная належным чынам.
У справе Андрэя Жука адвакаты таксама адзначаюць, што смяротны прысуд - занадта жорсткае і неабгрунтаванае пакаранне. Ёсць змякчаючыя віну абставіны: А.Жук прызнаў сваю віну, дабраахвотна супрацоўнічаў са следствам і раскаяўся ва ўчыненым злачынстве.
Праваабаронцы лічаць, што вынясенне смяротных прысудаў па завяршэнні судовых разбіральніцтваў, падчас якіх не выконваліся палажэнні Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, у тым ліку права на справядлівае судовае разбіральніцтва, уяўляе сабой адвольнае пазбаўленне чалавека жыцця.
Васіль Юзэпчук накіраваў індывідуальны зварот аб парушэнні яго правоў, у тым ліку права на справядлівае судовае разбіральніцтва і права на жыццё, у Камітэт ААН па правах чалавека. 12 кастрычніка Камітэт зарэгістраваў зварот Юзэпчука пад нумарам 1906/2009 і патрабуе ад дзяржавы не выконваць смяротны прысуд да разгляду скаргі па сутнасці.
Маці Андрэя Жука таксама звярнулася ў Камітэт ААН па правах чалавека з індывідуальным зваротам. 30 кастрычніка 2009 году Камітэт па правах чалавека ААН зарэгістраваў у неадкладным парадку пад нумарам 1910/2009. Згодна з правілам 92 Правілаў працэдуры Камітэта, калі быў вынесены смяротны прысуд, але парушаныя гарантыі справядлівага разбіральніцтва, што можа прывесці да парушэння права на жыццё, Камітэт звяртаецца да дзяржавы-ўдзельніцы Пакту з патрабаваннем прыпыніць выкананне смяротнага прысуду да разгляду скаргі па сутнасці.
Праваабаронцы заклікаюць беларускія ўлады не выконваць смяротныя прысуды Васілю Юзэпчуку і Андрэю Жуку і патрабуюць неадкладна прыняць меры для ўвядзення мараторыя на смяротнае пакаранне.