Камітэт па правах чалавека ААН адгукнуўся на просьбу маці Андрэя Жука

30 кастрычніка 2009 году Камітэт па правах чалавека ААН зарэгістраваў у неадкладным парадку пад нумарам 1910/2009 індывідуальны зварот маці Андрэя Жука, асуджанага да смяротнага пакарання Менскім абласным судом. Пра гэта паведаміў юрыст, праваабаронца з Берасця Раман Кісляк.

Жанчына звярнулася ў Камітэт 27 кастрычніка, пасля таго, як Судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага Суду Рэспублікі Беларусь не задаволіла касацыйную скаргу яе сына і пакінула прысуд Менскага абласнога суду без зменаў.

У адпаведнасці са спецыяльнай працэдурай, Жэнеўскі офіс Вярхоўнага камісара па правах чалавека накіраваў Рэспубліцы Беларусь паведамленне пра рэгістрацыю звароту і патрабаванне не прыводзіць у выкананне смяротны прысуд, пакуль справа знаходзіцца на разглядзе Камітэта.

“Мы лічым, што права на жыццё Андрэя Жука было парушана, і спадзяемся, што Камітэт выявіць гэтае парушэнне. Мы будзем дабівацца замены смяротнага прысуду на іншае пакаранне”, - адзначыў Р.Кісляк.

Нагадаем, што 12 кастрычніка 2009 году Камітэт па правах чалавека ААН зарэгістраваў індывідуальны зварот Васіля Юзэпчука, асуджанага да смяротнага пакарання Брэсцкім абласным судом.

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны