Праваабаронцы ў чарговы раз заклікалі МЗС выконваць міжнародныя абавязацельствы Рэспублікі Беларусь
Праваабаронцы накіравалі зварот у Міністэрства замежных спраў на імя міністра Сяргея Мартынава з нагоды рэгістрацыі ў Камітэце па правах чалавека ААН індывідуальнага звароту Васіля Юзэпчука, асуджанага да смяротнага пакарання.
Прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі заклікалі міністра замежных спраў прыняць усе неабходныя меры, скіраваныя на выкананне міжнародных абавязацельстваў, узятых на сябе Рэспублікай Беларусь. Таксама яны настойваюць, каб МЗС у межах сваёй кампетэнцыі накіраваў адпаведным дзяржаўным органам паведамленне Жэнеўскага офіса Вярхоўнага Камісара ААН ад 12 кастрычніка 2009 года пра рэгістрацыю індывідуальнага звароту Васіля Юзэпчука і патрабаванне Камітэта па правах чалавека ААН прыпыніць выкананне смяротнага прысуду да разгляду скаргі па сутнасці.
Згодна з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь п. 5.11 “Палажэння аб Міністэрстве замежных спраў Рэспублікі Беларусь” МЗС ажыццяўляе “ кантроль за выкананнем міжнародных дамоваў Рэспублікі Беларусь дзяржаўнымі органамі Рэспублікі Беларусь і садзейнічае выкананню міжнародных дамоваў Рэспублікі Беларусь”.
Нагадаем, што Рэспубліка Беларусь ратыфікавала Міжнародны Пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах і Факультатыўны пратакол да яго. Тым самым дзяржава прызнала кампетэнцыю Камітэта па правах чалавека ААН разглядаць індывідуальныя звароты пра мяркуемае парушэнне якога-небудзь з правоў, выкладзеных у Пакце.
“Мы вырашылі звярнуцца ў дзяржаўныя органы, у кампетэнцыю якіх уваходзіць нагляд за выкананнем пакаранняў, нагляд за законнасцю, а таксама ў Міністэрства замежных спраў, якое каардынуе і сочыць за выкананнем міжнародных дамоваў Рэспублікі Беларусь. Мы праінфармавалі гэтыя структуры пра тое, што індывідуальны зварот Васіля Юзэпчука зарэгістраваны Камітэтам па правах чалавека ААН і, згодна з працэдурнымі правіламі Камітэта і абавязацельствамі, узятымі на сябе Рэспублікай Беларусь, дзяржава не павінна выконваць смяротны прысуд да разгляду скаргі па сутнасці.
Мы адмыслова надаем публічнасць гэтым фактам праз сродкі масавай інфармацыі, каб прадстаўнікі адпаведных дзяржаўных органаў не казалі пазней пра тое, што не ведалі пра адпаведнае патрабаванне Камітэта па правах чалавека ААН - не выконваць смяротныя прысуды Васілю Юзэпчуку і Андрэю Жуку да разгляду скаргаў па сутнасці. Мы будзем сачыць за гэтымі справамі”, – адзначыў сябра Праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч.
Праваабаронца таксама паведаміў, што аналагічныя звароты атрымаюць генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь Рыгор Васілевіч, міністр унутраных спраў Анатоль Куляшоў і кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Уладзімір Макей.