Павел Сапелка: “Дзяржава абавязаная ўзяць на сябе адказнасць за плады выхавання сваіх грамадзянаў”
Адвакат Павел Сапелка далучыўся да кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” і падпісаў петыцыю, звернутую да беларускіх уладаў з патрабаваннем адмяніць смяротнае пакаранне ў нашай краіне. “Смяротнае пакаранне - гэта забойства. А забойства чалавека чалавекам застаецца забойствам, як бы яно не было названае дзяржавай, грамадствам. Будзь гэта “смяротная кара”, “выключная мера пакарання”, “сацыяльная справядлівасць” - забойства застаецца забойствам. Цывілізаваная дзяржава павінна прызнаць, што смяротнае пакаранне – гэта перажытак мінулага, які на сённяшні дзень ужо неактуальны. Я лічу, што дзяржава абавязаная ўзяць на сябе адказнасць за плады выхавання сваіх грамадзянаў. Таму я далучаюся да кампаніі па адмене смяротнай кары ў Беларусі”.