Беларускія ўлады лічаць зварот Юзэпчука ў ААН неправамерным
З упраўлення Вярхоўнага камісара па правах чалавека ААН атрымана паведамленне пра атрыманне інфармацыі ад кампетэнтных органаў РБ адносна індывідуальнага звароту ад імя прысуджанага да смяротнага пакарання Васіля Юзэпчука.
У паведамленні ўраду гаворыцца, што зварот неправамерны, паколькі Юзэпчуком не выкарыстаны ўнутрыдзяржаўныя сродкі прававой абароны. Таксама паведамляецца, што на цяперашні момант прашэнне Юзэпчука аб памілаванні знаходзіцца на разглядзе ў прэзідэнта РБ. Таксама з баку Беларусі абвяргаецца факт парушэння арт.6 (парушана права на жыццё) Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Паколькі рашэнне аб смяротным пакаранні вынесена ў сувязі з беларускім заканадаўствам. Указваецца і пра тое, што прыняцце да Юзэпчука папярэдніх мер абароны ад выканання смяротнага пакарання па беларускіх законах забяспечваецца ў адносінах да ўсіх, прысуджаных да смяротнага пакарання. Выкананне прысуду адбываецца толькі пасля разгляду скаргі ў парадку судовага нагляду і да вынясення рашэння па звароту аб памілаванні прэзідэнтам.
Юрыст-праваабаронца Раман Кісляк не згодны з тым, што індывідуальнае паведамленне ад імя Юзэпчука накіравана рана:
- Зварот у парадку судовага нагляду ў ВС і прашэнне аб памілаванні з’яўляюцца экстраардынарнымі сродкамі прававой абароны. Гэтыя сродкі прававой абароны не з’ўляюцца звычайнымі сродкамі абскарджвання парушэння правоў чалавека. Перад зваротам у Камітэт няма неабходнасці праходзіць працэдуру памілавання. Зварот зарэгістраваны. І дзяржава павінна выконваць свае абавязкі па Пакту. Дзяржава ставіць таксама пытанне па непрыемлемасці разгляду звароту. Спадзяюся, што такая пастаноўка пытання проста недаразуменне, а не пазіцыя кампетэнтных органаў.
Па словах праваабаронцы, выкананне смяротнага пакарання павінна быць прыпыненае не толькі да ўнутрыдзяржаўнага разгляду, але і да разгляду звароту ў Камітэце па правах чалавека ААН. На дадзеным этапе Камітэт прадставіў магчымасць да 14 снежня прадставіць заўвагі з боку Юзэпчука на дадзеную інфармацыю.