Асуджаны да смяротнага пакарання Андрэй Жук падаў прашэнне аб памілаванні
Асуджаны да смяротнага пакарання Андрэй Жук падаў прашэнне аб памілаванні. Адпаведны зварот на імя прэзідэнта Беларусі быў накіраваны 13 лістапада. Памілаванне – прадугледжаная дзеючым заканадаўствам працэдура. І на сёння ў сітуацыі А.Жука гэта амаль адзіная магчымасць захаваць яму жыццё.
Праваабаронцы Беларусі таксама настойваюць на памілаванні А.Жука.
“Мы як праваабаронцы са свайго боку заклікаем беларускія ўлады праявіць гуманізм. З просьбай аб памілаванні да прэзідэнта звярнуліся ў адкрытым лісце і сваякі Андрэя Жука. Хоць гэты зварот і не цягне ніякіх юрыдычных наступстваў, але мы спадзяемся, што да гэтага ліста ўлады таксама прыслухаюцца”, - ад імя праваабаронцаў зазначыў сябра ПЦ “Вясна” Валянцін Стэфановіч.
Па меркаваннях праваабаронцы, памілаванне А.Жука магло б стаць крокам да ўвядзення мараторыя на смяротнае пакаранне ў Беларусі.
“Памілаванне Жука стала б добрай перадумовай для ўвядзення мараторыя на смяротнае пакаранне, і Беларусь сапраўды зрабіла б дзейсны крок на шляху да паляпшэння сваіх стасункаў з Еўразвязам, з Радай Еўропы. Паколькі Рада Еўропы чакае ад Беларусі мараторыя, то ў такім выпадку еўрачыноўнікі былі б гатовыя разгледзіць пытанне аб аднаўленні статуса спецыяльна запрошанага для Беларусі, замарожанага з 1996 году. Мы ў чарговы раз заклікаем беларускія ўлады да ўвядзення мараторыя на смяротнае пакаранне”, - дадаў В.Стэфановіч.