У Генпракуратуры не зразумелі сутнасці ліста праваабаронцаў
Праваабаронцы “Вясны” атрымалі чарговы адказ на свой зварот датычна рэгістрацыі скаргаў асуджаных да вышэйшай меры пакарання Васіля Юзэпчука і Андрэя Жука ў Камітэце па правах чалавека ААН. Адказ даслала Генеральная пракуратура.
Пракурор аддзела дзяржаўнага абвінавачвання і касацыйнай вытворчасці Генпракуратуры Гаўрыленка паведамляе: “правам звароту з надзорнай скаргай валодаюць асуджаны, яго абаронца, пацярпелы, грамадзянскі адказчык ці іх прадстаўнікі… Паколькі аўтары ліста не з’яўляюцца ўдзельнікамі крымінальнага працэсу, скарга пакідаецца без разгляду”.
З гэтага паведамленьня вынікае, што сутнасць звароту праваабаронцаў, на жаль, засталася незразумелай для работнікаў Генеральнай пракуратуры.
“З адказу пракуратуры бачна, што нас не зусім зразумелі ў Генеральнай пракуратуры. Таму што мы не збіраліся абскарджваць смяротныя прысуды, вынесеныя па справах Юзэпчука і Жука ў парадку пракуроскага нагляду”, - каментуе сябра ПЦ “Вясна” Валянцін Стэфановіч.
Накіроўваючы гэты ліст, правааабаронцы мелі намер усяго толькі праінфармаваць Генпракуратуру аб тым, што офіс Вярхоўнага камісара ААН выставіў Беларусі патрабаванне не выконваць смяротныя прысуды, пакуль справы абвінавачаных знаходзіцца на разглядзе ў Камітэце па правах чалавека ААН. Гэтае патрабаванне вынікае з міжнародных пагадненняў, заключаных Рэспублікай Беларусь.
“Мы звярнуліся да іх са зваротам, у якім праінфармавалі, што скаргі зарэгістраваныя ў Камітэце ААН і што згодна з міжнароднымі дамовамі дзяржава не мусіць выконваць смяротныя прысуды да разгляду Камітэтам скаргаў па сутнасці. Сутнасць жа адказу ў тым, што мы не маем права і не ўпаўнаважаныя падаваць наглядныя скаргі па гэтых прысудах. А мы не збіраліся гэтага рабіць. Атрымліваецца - ці пракуратура не ўважліва чытала наш зварот, ці, можа быць, кепска разумее па-беларуску, ці проста напісала адпіску”, - патлумачыў праваабаронца.
Нагадаем, што праваабаронцы некалькі дзён таму атрымалі адказ на аналагічны зварот з Міністэрства замежных справаў Рэспублікі Беларусь.