Злачынцы пакараныя, а забойствы працягваюцца?

У Драгічынскім раёне працягваюцца забойствы пажылых жанчын. І ў некаторых СМІ ўжо прагучалі намёкі на “цыганскі след”: аналагічныя забойствы адбываліся ў гэтым раёне на працягу 2007 года. Злачынцы пакараныя. 30-гадовы жыхар раёна Васіль Юзэпчук прыгавораны да смяротнай кары, а яго 28-гадовы зямляк Сяргей Гучэнка — да пажыццёвага зняволення. З’яўленне новага забойства з падобным почыркам не можа не насцярожваць правабаронцаў. 

У справе Юзэпчука і Гучэнкі судом было ўстаноўлена, што з лістапада 2007 года па студзень 2008 года злачынцы ўчынілі ў Драгічынскім раёне чатыры забойствы пажылых адзінокіх жанчын. Яшчэ два аналагічныя забойствы Юзэпчук учыніў у адзіночку.
Усе гэтыя забойствы здзяйсняліся з адной мэтай - завалоданне грашовымі сродкамі ахвяраў. Пяці з жанчынаў было больш за 70 гадоў.

Ужо пасля таго, як смяротны прысуд Юзэпчуку ўступіў у сілу, 13 лістапада, у Драгічынскім раёне зноў было здзейсненае падобнае забойства. Знойдзена цела 85-гадовай жыхаркі вёскі Гутава. Паводле экспертызы, жанчына таксама была задушаная. Па падазрэнні ў забойстве затрыманыя дзве 24-гадовыя жанчыны, адна з якіх з’яўляецца грамадзянкай Расіі.

Падабенствы абодвух выпадкаў відавочныя. Ахвяры - пажылыя жанчыны з розных вёсак Драгічынскага раёну. Усе яны задушаныя з мэтай завалодання маёмасцю. Таму пытанне напрошваецца само па сабе: злачынцы пакараныя, а забойствы працягваюцца?

У дадзеным выпадку, улічваючы недасканаласць судовай сістэмы Беларусі, праваабаронцы не выключаюць судовай памылкі ў справе Юзэпчука. Тым больш, як зазначае віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Алесь Бяляцкі, насцярожвае той факт, што гаворка ідзе пра жыццё чалавека.

“Гэта сітуацыя выклікае дзіўныя пачуцці і падазрэнні, бо мы, праваабаронцы, неаднаразова казалі, што судовая сістэма і сістэма даследвання злачынстваў у Беларусі недасканалая. Як і ў іншых краінах, у Беларусі ёсць пэўны працэнт судовых памылак і памылак у даследаваннях справаў. Вядомыя сітуацыі, да прыкладу, у Велікабрытаніі, калі людзей адпускаюць пасля таго, як яны адседзелі за кратамі па гадоў 17, паколькі пазней высвятляецца, што іх віна была даказаная недастаткова. У Беларусі таксама вядомыя такія справы. Гэта знакамітая справа Міхасевіча, пра якую мы заўсёды ўзгадваем і якая пацвярджае, што момант судовых памылак прысутнічае. Тым больш небяспечныя і выклікаюць асаблівую трывогу сітуацыі, у якіх размова ідзе пра прысуды, што не маюць зваротнай сілы, пра смяротныя прысуды”, - падкрэслівае праваабаронца.

У звязку са справай Юзэпчука А.Бяляцкі ўзгадвае іншыя крымінальныя справы, дзе ад следчых органаў і судовых рашэнняў залежылі чалавечыя жыцці.

“Новае забойства якое, на жаль, адбылося ў Драгічынскім раёне, наводзіць вось на якія думкі. Было б злачынствам у дадзенай сітуацыі прыводзіць смяротны прысуд Юзэпчуку ў выкананне, да канца не разабраўшыся з чарговымі выпадкамі. Прычым, вяртаючыся да справы Міхасевіча, мы памятаем, як следчыя фабрыкавалі крымінальныя справы супраць розных людзей. Вельмі не хацелася б, каб сітуацыя з фабрыкаваннем працягвалася. І зноў жа, у нас як прыклад ёсць магілёўскі выпадак, калі людзей ледзь не расстралялі, бо пракуратура фактычна выступіла з патрабаваннем вынесці смяротны прысуд. І толькі прынцыповая пазіцыя суда змагла разбурыць гэтую справу. Мне падаецца, што мы зноў сутыкнуліся з пытаннем смяротнага пакарання, якое патрабуе прыняцця тэрміновых рашэнняў”, - агучыў пазіцыю праваабаронцаў А. Бяляцкі.

 Таксама віцэ-прэзідэнт FIDH дадае, што адносна смяротнага пакарання беларускім ўладам варта было б пераняць досвед Расіі па гэтай праблеме: 

“Гэта вельмі ўзважаны і разумны прыклад. І няхай бы наш Канстытуцыйны суд павучыўся ў дадзеным выпадку ў Канстутыцыйнага суда Расіі таму, як трэба бараніць правы грамадзянаў сваёй краіны”.        

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны