Андрэй Хадановіч: “Смяротнае пакаранне адвеку было спробай трымаць чалавека ў рамках, нагнятаючы пачуццё страху” (відэа)
Андрэй Хадановіч, беларускі паэт, перакладчык, старшыня Беларускага ПЭН-цэнтру, далучыўся да кампаніі супраць смяротнага пакарання ў Беларусі:
“Адчуваю радасць і гонар з прычыны, што магу далучыцца да кампаніі супраць смяротнага пакарання ў Беларусі. Бо я рашуча супраць такой жорсткай, варварскай, бязглуздай, мне здаецца, жахлівай і адначасова бессэнсоўнай працэдуры. Я не веру, што чалавек можа зрабіцца лепшым праз пачуццё страху. Смяротнае пакаранне адвеку было спробай трымаць чалавека ў рамках, нагнятаючы гэта пачуццё страху. Чалавек не зробіцца такім чынам лепшым. Мы імкнемся да грамадства, у якім людзьмі кіруе не боязь, што нас пакараюць за той ці іншы ўчынак, жахлівы ўчынак, а нейкае ўнутранае пачуццё справядлівасці, разумення, што такое “добра” і што такое “дрэнна”.
Я думаю, што смяротнае пакаранне не стрымае злачынцу. Ён проста пару разоў па-злодзеску паверне галавой - паглядзець, ці бачаць яго злачынства, ці будуць сведкі. А мы такім чынам, выхоўваем асцярожнасць, хітрасць, боязь, але не справядлівасць і не міласэрнасць. З іншага боку, смяротнае пакаранне – гэта заўсёды магчымасць памылкі, а смерць – гэта тое, чаго нельга выправіць. Несправядлівае ў вязня, які ў турме, гэта тое, што яшчэ выправіць можна. Гільятына, электрычнае крэсла, расстрэл – гэта тое, што паправіць ужо немагчыма. Французкія асветнікі ў такім выпадку казалі, што лепш апраўдаць дзесяцярых віноўных, чым асудзіць аднаго невінаватага. Цалкам падтрымліваю!
А яшчэ ўзгадваю эпізод з Булгакава. Там Понцій Пілат кажа Іешуа, што можа абрэзаць той валасок, на якім вісіць зараз ягонае жыццё. Мудры, здаецца, безабаронны Іешуа адказвае: “Не, абрэзаць валасок можа толькі той, хто сам жа яго і падвесіў”. Мы не падвешвалі чужыя жыцці на гэтым валаску. Ніхто з нас яшчэ не ўмее ўваскрашаць з мёртвых. Пакуль мы не ўмеем уваскрашаць з мёртвых, мы не тая інстанцыя, каб вырашаць, варты чалавек жыцця ці не. Не варта забіраць жыццё, якое мы не давалі.