Да дня Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека: Абараняць свае правы ў вялікім і малым, паўсюль і заўсёды

Нашая краіна абавязалася перад усім сьветам паважаць, абараняць і забясьпечваць правы чалавека. Але наколькі гэтыя міжнародныя абавязкі выконваюцца? Спынімся на адным з найважнейшых палажэньняў Дэкларацыі -- артыкуле 3:  “Кожны чалавек мае права на жыцьцё, на свабоду і на асабістую недатыкальнасьць.”

Права на жыцьцё з’яўляецца неад’емным, і ніхто не можа пазбавіць чалавека жыцьця, нават ад імя дзяржавы. Разам з тым, Беларусь – адзіная ў Еўропе краіна, дзе дагэтуль захоўваецца сьмяротнае пакараньне. Беларусь застаецца апошняй і з постсавецкіх дзяржаваў, дзе выносяцца і прыводзяцца ў выкананьне смяротныя прысуды. Толькі ў гэтым годзе Беларусь асудзіла да пакарання сьмерцю дваіх чалавек.

Напрацягу 2009 года грамадзянская супольнасць краіны, праваабаронцы, людзі добрай волі актыўна адстойвалі права на жыцьцё для кожнага чалавека. У Беларусі распачалася кампанія “Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня”, галоўнай мэтай якой было абвешчана спыненьне сьмяротнай кары ў краіне і далучэньне Беларусі да агульнаеўрапейскіх каштоўнасьцяў.

У межах гэтай кампаніі  была падрыхтаваная петыцыя, зьвернутая да беларускіх уладаў з патрабаваньнем адмены сьмяротнага пакараньня ў Беларусі. Яе падпісалі многія відныя грамадзкія дзеячы, палітыкі, мастакі, музыканты, літаратары.

У супрацоўніцтве з уплывовай міжнароднай арганізацыяй Amnesty International праводзіліся прэс-канферэнцыі на тэму сьмяротнага пакараньня. Быў падрыхтаваны і прэзентаваны даклад “Спынім сьмяротныя пакараньні ў Еўропе: на шляху да адмены сьмяротнай кары ў Беларусі”, у якім грунтоўна прааналізаваныя прававыя, палітычныя, сацыяльны і маральныя аспекты гэтай праблемы.

На працягу года ў розных гарадах Беларусі праводзіліся шматлікія акцыі, пікеты, перфомансы, скіраваныя на прыцягненьне ўвагі грамадзтва да праблемы пакараньня сьмерцю. Найбольш актыўна яны праходзілі ў Менску, Гародні, Берасьці, Баранавічах, Магілёве, Наваполацку.

Пад час акцый сярод жыхароў Беларусі былі распаўсюджаныя тысячы  адмысловых паштовак з заклікам да Прэзідэнта Беларусі неадкладна ўвесьці мараторый  на сьмяротнае пакараньне ў краіне. Многія асабіста даслалі гэты зварот у Адміністрацыю прэзідэнта.

Неабыякавасьць многіх беларусаў да тэмы пакараньня сьмерцю яскрава выявіў конкурс творчых прац па тэме сьмяротнага пакараньня, у якім прынялі ўдзел журналісты, мастакі, літаратары, студэнты. Імёны пераможцаў гэтага конкурсу, які праходзіў у межах кампаніі “Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня ў Беларусі”, былі ўрачыста абвешчаныя 10-га кастрычніка, у Міжнародны дзень барацьбы супраць сьмяротнага пакараньня.

Актыўная дзейнасьць праваабаронцаў не засталася незаўважанай не толькі ў самім грамадзтве, але і беларускімі ўладамі. Дзяржава вымушаная прызнаць наяўнасьць такой праблемы і пачынае шукаць шляхі яе вырашэньня.

Кампанія па адмене сьмяротнага пакараньня ў Беларусі ў чарговы раз засьведчыла, што ўлады не заўсёды гатовыя кіравацца прынцыпамі, закладзенымі ва Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека і таму важна кожнаму з нас абараняць свае правы у вялікім і малым, паўсюль і заўсёды.

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны