Урад супраць разгляду ў ААН паведамлення маці Жука
З Упраўлення Вярхоўнага Камісара па правах чалавека ААН атрымана інфармацыя аб атрыманні каментарыяў ураду РБ на індывідуальнае паведамленне маці прыгаворанага да смяротнага пакарання Андрэя Жука.
Па словах праваабаронцы Рамана Кісляка, у дадзеным каментарыі дзяржава аспрэчвае не толькі дапушчальнасць паведамлення, але аспрэчвае і сам разгляд у Камітэце дадзенага паведамлення. Беларускія чыноўнікі спасылаюцца на тое, што прыведзеныя сведчанні недаставерныя, што Андрэй Жук не выкарыстаў усе сродкі прававой унутранай абароны.
- Тым не менш,тыя сродкі, на якія яны спасылаюцца,- кажа праваабаронца, - гэта зварот з надзорнай скаргай і памілаваннем – яны з’яўляюцца экстараардынарнымі і не з’яўляюцца абавязковымі да падачы паведамлення ў Камітэт па правах чалавека.Выклікае здзіўленне той факт, што РБ у сваёй інфармацыі фактычна адмаўляецца ад сваіх абавязкаў па Факультатыўнаму пратаколу Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Але яна не можа ў аднабаковым парадку адмаўляцца ад сваіх абавязкаў па дадзенай дамове
Раман Кісляк лічыць гэта недапушчальным парушэннем міжнароднага права ў прыватнасці ў адносінах да грамадзян. Да 7 студзеня ў Камітэт па правах чалавека павінен паступіць каментарый праваабаронцы на гэтую інфармацыю.