Смяротнае пакаранне ў Беларусі. 2009 год

2009 год не стаў для Беларусі вырашальным у пытанні адмены ці ўвядзення мараторыя на смяротнае пакаранне. Беларусь па-ранейшаму застаецца адзінай дзяржавай на еўрапейскім кантыненце, а таксама на постсавецкай прасторы, дзе выносяцца і прыводзяцца ў выкананне смяротныя прысуды.

Разам з тым, упершыню за гады існавання незалежнай Беларусі тэма смяротнага пакарання стала прадметам шырокай дыскусіі ў краіне. Калі ў папярэднія гады найперш міжнародныя структуры і праваабарончая супольнасць актуалізавалі дадзеную праблему, то на працягу 2009 года і прадстаўнікі розных узроўняў беларускіх уладаў перыядычна заяўлялі пра неабходнасць канкрэтных крокаў па адмене ці ўвядзенні мараторыя на смяротнае пакаранне. Аднак, неабходна прызнаць, што абмеркаванне дадзенай праблемы беларускімі ўладамі вялося найперш у палітычнай плоскасці і з абсалютна прагматычных пазіцый, зважаючы перш за ўсё на ціск міжнароднай супольнасці. Пры гэтым такія важныя аспекты, як узаемасувязь наяўнасці смяротнага пакарання з узроўнем злачыннасці ў дзяржаве, гуманізацыя крымінальнага заканадаўства, маральны бок праблемы, на жаль, не знайшлі належнага адлюстравання ў выкладзеных пазіцыях афіцыйных асобаў. Спробу не выключаць дадзеныя аспекты з агульнай дыскусіі больш прадпрымалі прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці.  

Першая палова года давала ўстойлівую надзею на тое, што беларускія ўлады гатовы разглядаць пытанне аб адмене ці ўвядзенні мараторыя на смяротнае пакаранне. Афіцыйны Мінск разглядаў крокі ў дадзеным накірунку як дэманстрацыю абвешчанай лібералізацыі, адзін з палітычных аспектаў наладжвання дыялогу з еўрапейскімі краінамі, а таксама звязваў з перспектывамі ўступлення Беларусі ў Савет Еўропы. Дадзеная пазіцыя выразна праглядалася ў заявах  афіцыйных асобаў.

Так, 21 студзены на прэс-канферэнцыі Генеральны пракурор Беларусі Рыгор Васілевіч заявіў, што не выключае адмены смяротнага пакарання пры ўступленні ў Савет Еўропы: “Гэта патрабаванне Савета Еўропы. Калі мы ідзем туды – трэба прымаць правілы, якія існуюць. Кажуць, у чужы манастыр са сваім статутам не ходзяць”. Аднак пры гэтым Генпракурор дадаў, што на дадзеным этапе лічыць існаванне такой меры пакарання абгрунтаванай “у першую чаргу ў прафілактычных мэтах”.

Тое, што ўвядзенне мараторыя на смяротнае дазволіць “лягчэй наладжваць” дыялог з дзяржавамі Еўропы, адзначыў на прэс-канферэнцыі 20 мая намеснік старшыні камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ Палаты прадстаўнікоў Анатоль Глаз. Па ягоных словах, Беларусь можа разгледзець дадзенае пытанне, і зараз “магчыма прапрацаваць заканадаўчыя асновы па ўвядзенні мараторыя на смяротнае пакаранне”. Старшыня камісіі па заканадаўству і судова-прававых пытаннях Мікалай Самасейка ў інтэрвью “Комсомольской правде” (07.04.2009) сцвярджаў, што “на дадзены момант Рэспубліка Беларусь фактычна падышла да пытання аб адмене смяротнага пакарання. Разам з тым, першапачаткова павінна абвяркоўвацца пытанне аб увядзенні мараторыя на смяротнае пакаранне. Афіцыйна яно пакуль у парламенце не падымалася. Але абмеркаванне дадзенага пытання можа наспець у агляднай будучыні”.

Пераканаўчыя заявы адносна працы ў дадзеным накірунку гучалі і з Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі. 11 чэрвеня намеснік кіраўніка Адміністрацыі Валерый Міцкевіч заявіў: “Пытанне аб смятротным пакаранні ўзнікла не зараз, яно абмяркоўваецца пастаянна і будзе абмяркоўвацца да таго часу, пакуль не будзе прынята канчатковае рашэнне”. Па ягоным меркаванні, прыняцце рашэння аб увядзенні мараторыя магчымае: “Магчымыя любыя рашэнні і любое заканадаўчае рэгуляванне. Для гэтага трэба прыняць або праект закона, або нарматыўны акт кіраўніка дзяржавы”. У сваю чаргу 17 чэрвеня кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Уладзімір Макей падчас паседжання Грамадска-кансультатыўнага Савета, прысвечанага праблеме гуманізацыі пенітэнцыярнай сістэмы, адзначыў, што “пытанне аб смяротным пакаранні не трэба разглядаць як нешта застылае назаўсёды. Я таксама сустракаўся са спадаром Рыгоні (спецдакладчык ПАСЕ па Беларусі – рэд.), і мы на гэтую тэму размаўлялі. У нас ужо паменшылася колькасць артыкулаў у Крымінальным кодэксе, за якія давалі смяротнае пакаранне, і на практыцы такое пакаранне сталі прымяняць радзей. Тым больш, што гэта (пытанне адмены смяротнага пакарання – рэд.) трэба разглядаць у кантэксце ўступлення Беларусі ў Савет Еўропы. Пакуль мы гаворым толькі аб вяртанні статуса запрошанага, але калі будзе дакладнае рашэнне аб уступленіі ў Савет Еўропы, то нам прыйдзецца пайсці на гэты крок (увесці мараторый на смяротнае пакаранне – рэд.)”.

Адначасова еўрапейскія структуры дэманстравалі выразнае жаданне ісці на збліжэнне з беларускімі ўладамі. Адзін з такіх крокаў быў зроблены 26 мая, калі паліткамісія ПАСЕ адзінагосна прагаласавала за вяртанне парламенту Беларусі статуса спецзапрошанага. Старшыня паліткамісіі Горан Ліндблад пракаментаваў гэтае рашэнне наступным чынам: “Мы лічым, што такім чынам мы можам садзенічаць зменам у краіне, якая адчувае недахоп дэмакратыі, краіне з рэпрэсіўным урадам, краіне, дзе да гэтага часу існуе смяротнае пакаранне...”  Афіцыйны Мінск лічыў пытанне з вяртаннем парламенту статуса спецзапрошанага практычна вырашаным. У гэтых абставінах тым больш нечаканана і востра на сесіі Парламенцкай Асамблеі СЕ 23 чэрвеня ў Страсбургу загучала пытанне аб наяўнасці ў Беларусі смяротнага пакарання. Выступаючы ў дыскусіі пасля дакладу Андрэа Рыгоні, які прапанаваў вярнуць беларускаму парламенту статус спецзапрошанага, віцэ-старшыня камітэта ПАСЕ па юрыдычных пытаннях і правах чалавека Хрыстас Пургурыдэс вылучыў прапанову зрабіць гэта толькі пасля ўвядзення мараторыя на смяротнае пакаранне. Гаворачы аб важнасці гэтай умовы, Х. Пургурыдэс эмацыйна падкрэсліў: “У Беларусі расстрэльваюць людзей, а сем’ям пакараных не выдаюць целы і не паведамлюяць, дзе іх пахавалі” (у Беларусі прымяняецца такая працэдура прывядзення смяротнага прысуду ў выкананне – рэд.) Па ягоных словах, “неабходна правесці яшчэ вельмі вялікую працу”, перш чым прадставіць беларускаму парламенту статус спецзапрошанага. “У Беларусі адбываецца шмат няправільнага. Прадстаўляючы статус, нам неабходна вылучыць беларускім уладам пэўныя ўмовы,” – выказаў перакананне Х. Пургурыдэс. Падаўляючая большасць дэпутатаў ПАСЕ падтрымалі гэтую прапанову і прагаласавалі за прыняцце дадзенай папраўкі ў рэзалюцыю, прадэманстраваўшы такім чынам, што для дыялогу і саступак з боку еўраструктураў выключна рыторыкі беларускіх уладаў недастаткова – ад іх чакаюцца канкрэтныя і хуткія дзеянні па прыняцці юрыдычнага рашэння па ўвядзенні мараторыя на смяротнае пакаранне.

У гэты ж дзень, 23 чэрвеня, МЗС Беларусі выказаў засмучэнне, што ПАСЕ вылучае новыя папярэднія ўмовы для ўзнаўлення статуса спецзапрошанага, “у прыватнасці, адносна ўвядзення мараторыя на смяротнае пакаранне ў Беларусі”. Пры гэтым МЗС адзначыў, што з разуменнем ставіцца да пазіцыі Савета Еўропы адносна пытання смяротнага пакарання: “Неабходнае абмеркаванне і аналіз на гэтую тэму вядуцца ў парламенце Беларусі, у юрыдычнай супольнасці нашай краіны, дзе, бясспрэчна, прымаюць да ўвагі не толькі пазіцыю Савета Еўропы, але і важкае меркаванне грамадзян Беларусі, якое было выказана на ўсенародным рэферэндуме (1996 года) па дадзеным пытанні”. Асабліва ў паведамленіі МЗС адзначалася, што “наколькі нам вядома, адмена смяротнага пакарання або ўвядзенне мараторыя на яго ўжыванне згодна са статутнымі дакументамі Савета Еўропы з’яўляюцца ўмовамі для ўступлення краіны ў Арганізацыю, а не для прадстаўлення статуса “спецыяльнага запрошанага”.

Віцэ-спікер Палаты прадстаўнікоў Валерый Іваноў, які прадстаўляў на сесіі ПАСЕ Нацыянальны сход Беларусі, пасля галасавання па беларускім пытанні заявіў, што “сёння было прынята палітычнае рашэнне. Юрыдычнае рашэнне будзе прымацца Бюро ПАСЕ восенью (7 верасня на паседжанні Бюро ПАСЕ ў Парыжы – рэд.). За гэты час мы папрацуем над дадзеным пытаннем”.

Беларускія ўлады, атрымаўшы выразны і адназначны сігнал: калі яны сапраўды хочуць бачыць свой парламент у ПАСЕ, прыйдзецца выканаць умову адносна ўвядзення мараторыя на смяротнае пакаранне, неадкладна пачалі дэманстраваць бачнасць актыўнай дзейнасці у дадзеным накірунку.

25 чэрвеня старшыня Вярхоўнага суда Валянцін Сукала заявіў журналістам, што судовая сістэма Беларусі гатова да ўвядзення мараторыю на смяротнае пакаранне. “Калі ў Канстытуцыі Беларусі гэты выключны від пакарання пазначаны як часовы, то гэта норма непазбежна пацягне за сабой яе адмену”, - дадаў ён. В.Сукала таксама выказаў меркаванне, што мараторый на смяротнае пакаранне можа стаць свайго роду прамежкавым этапам да яе адмены, і гэтую меру ён лічыць цалкам рэальнай і абгрунтаванай. Пры гэтым кіраўнік Вярхоўнага суда нагадаў, што ў Беларусі дзейнічае яшчэ адзін выключны від пакарання - пажыццёвае зняволенне. “Па сваім цяжары і суровасці яно мала чым саступае смяротнаму пакаранню”, - падкрэсліў ён. У апошнія гады, па словах В.Сукалы, смяротнае пакаранне ў Беларусі ўжываецца вельмі рэдка, “таму ніякіх перашкод з пункта гледжання судовай сістэмы няма”.

29 чэрвеня старшыня камісіі па нацыянальнай бяспецы Палаты прадстаўнікоў Віктар Гумінскі зрабіў заяву, што ў беларускім парламенце ствараецца працоўная група па распрацоўцы прапаноў па ўвядзенні мараторыя на смяротнае пакаранне. Пры гэтым дэпутат адзначыў: “Мая пазіцыя ў тым, што мы павінны наблізіцца да адмены смяротнага пакарання. Не таму, што Еўропа паставіла нам ўмову, а мы самі ўжо падышлі да таго, што гэтае пытанне можа быць пастаўлена на парадак дня. Да гэтага ўсё ідзе. Я думаю, што ў нас выспее рашэнне аб адмене смяротнага пакарання без усялякіх указак ды падказак”. Чакалася, што працоўную парламенцкую групу ўзначаліць сам В. Гумінскі.
У пачатку ліпеня старшыня камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах і сувязях з СНД Сяргей Мацкевіч паведаміў, што зацікаўленыя ведамствы разглядаюць пытанне аб неабходнасці стварэння працоўнай групы па распрацоўцы прапаноў аб увядзенні мараторыя на смяротнае пакаранне. Па ягоных словах, па пытанні стварэння такой групы праводзяцца кансультацыі ў парламенце, МЗС, урадзе, Адміністрацыі прэзідэнта, органах суда і пракуратуры. “Калі гэта будзе міжведамасная група, то яна можа быць дастаткова вялікай, па некалькі чалавек ад кожнага ведамства. Пытанне аб мараторыі можна ўзгадніць і да пачатку паседжання Бюро ПАСЕ ў верасні. Тэарэтычна, можам і да гэтага часу зрабіць (увесці мараторый – рэд.)”. Пры гэтым С. Мацкевіч адзначыў, што “пакуль няма канкрэтыкі, ці патрэбна такая група”.

Адначасова пачалася праца ў накірунку фармавання адпаведнай грамадскай думкі адносна смяротнага пакарання. У пачатку ліпеня дзяржаўны тэлеканал ГНТ правёў ток-шоў з удзелам прадстаўнікоў зацікаўленых дзяржаўных струтур і праваабаронцаў па дадзенай тэматыцы. 30 чэрвеня ў рэдакцыі газеты “Советская Белоруссия” адбыўся “круглы стол” па праблемах гуманізацыі пакаранняў і смяротнага пакарання ў тым ліку, у якім бралі ўдзел дзяржаўныя службоўцы, святары, праваабаронцы.

Актыўная рыторыка беларускіх уладаў у гэты перыяд не пакідала сумневу, што пытанне ўвядзення мараторыя на смяротнае пакаранне стаіць на парадку дня і можа быць вырашана бліжэйшым часам. Аднак гэтыя чаканні не спраўдзіліся, больш за тое, на фоне гучных заяваў беларускія ўлады выразна прадэманстравалі значны адкат і нават выклік еўрапейскай супольнасці: 29 чэрвеня і 17 ліпеня былі вынесены два новыя смяротныя прысуды. На некалькі месяцаў таксама былі фактычна згорнуты ўсе захады па вырашэнні праблемы, ніякай інфармацыі пра падрыхтоўку да ўвядзення мараторыя не агучвалася, звесткі пра стварэнне працоўных груп – парламенцкай і міжведамаснай – не паступалі. Афіцыйны Мінск у чарговы раз прадэманстраваў сваё нежаданне ісці на саступкі па любых пытаннях, якія лічацца выключна палітычнымі. Агульную пазіцыю беларускіх уладаў акрэсліў 19 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка, прымаючы даверчыя граматы паслоў 11 дзяржаў: “Беларусь не будзе рабіць скарацечных захадаў, каб дагадзіць Еўропе перад прыняццем якіх-небудзь рашэнняў адносна краіны”, а “націскаць на Беларусь бесперспектыўна”.

Нягледзячы на зацятую пазіцыю беларускіх уладаў, у гэты перыяд еўрапейская супольнасць працягвала пасылаць станоўчыя, але адназначныя сігналы аб магчымасці наладжвання супрацоўніцтва. 11 верасня старшыня паліткамітэта ПАСЕ Горан Ліндблад заявіў, што статус спецыяльнага запрошанага ў ПАСЕ можа быць вернуты парламенту Беларусі да канца года, калі ў краіне адменяць смяротнае пакаранне. “Я быў бы рады, калі б яны (беларусы – рэд.) вярнуліся ў ПАСЕ да канца года, але ўсё залежыць ад іх”.

20 кастрычніка кіраўнік прадстаўніцтва Еўрапейскай камісіі ў Мінску Жан-Эрык Хольцапфель выказаў надзею, што Беларусь увядзе мараторый на смяротнае пакаранне як мага хутчэй. Пры гэтым дыпламат адзначыў, што гэта – адна з умоў для далейшага развіцця адносін краіны з Еўрасаюзам і нагадаў, што мараторый на ўжыванне смяротнага пакарання застаецца адным з пунктаў 12 умоваў ЕС па нармалізацыі статункаў з Беларусью, сфармуляваных яшчэ ў 2006 годзе.

Пасля працяглага маўчання беларускае кіраўніцтва вярнулася да абмеркавання праблемы смяротнага пакарання толькі ў канцы года.

29 лістапада, напярэдадні візіту ў Беларусь прэм’ер-міністра Італіі Сільвіа Берлусконі, у інтэрв’ю газеце “Стампа” Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі будзе праводзіцца інфармацыйная кампанія па адмене смяротнага пакарання. “Мы тыдзень таму вызначыліся, што пачынаем шэраг мерапрыемстваў у гэтым кірунку, пачынаючы з парламенцкіх слуханняў і ўзняцця гэтай тэмы ў СМІ”. А. Лукашэнка пры гэтым спаслаўся на тое, што на рэферэндуме 1996 года большасць грамадзян выказалася за захаванне дадзенай меры пакарання, а рашэнне рэферендума, па ягоных словах, можа скасаваць толькі новы рэферэндум.

Кіраўнік Генеральнага дырэктарату Савета Еўропы па дэмакратыі і палітычных пытаннях Жан-Люі Ларан, які знаходзіўся ў Мінску 30 лістапада -1 снежня, на прэс-канферэнцыі па выніках візіту адзначыў, што падчас сустрэч з кіраўніцтвам Беларусі “асноўнае пытаньне, якое дамінавала ў дыскусіях, гэта пытаньне адмены сьмяротнага пакараньня. Сёння адмена смяротнага пакарання – гэта частка стандартаў і патрабаванняў Савета Еўропы. Калі Беларусь хоча ўступіць у Савет Еўропы, стаць часткай гэтай дэмакратычнай сям’і, то гэтага пытання ня ўдасца пазбегчы”. Тое, што смяротнае пакаранне застаецца таксама ўмовай вяртання беларускаму парламенту статусу спецыяльна запрошанага ў ПАСЕ, Жан-Люі Ларан пракаментаваў наступным чынам: “Як бы мы ні ставіліся да гэтага, рашэнне ўжо прынята. Неабходныя інфармацыйныя кампаніі і іншыя дзеянні. І ўрэшце павінна быць прынята рашэнне на палітычным узроўні”.

2 кастрычніка старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка на адкрыцці трэцяй сесіі паведаміў, што пытанне аб магчымасці ўвядзення мараторыя на смяротнае пакаранне ці яго адмене плануецца разгледзець на “круглым стале” пад эгідай Савета Еўропы. Па яго словах, вядзецца падрыхтоўка да правядзення гэтага паседжання. “Меркаванне беларускага народа скрайне важна для выпрацоўкі ўзважаных падыходаў да такіх складаных пытанняў, як увядзенне мараторыя на смяротнае пакаранне ці яго адмена і прызнанне Беларуссю Абхазіі і Паўднёвай Асеціі. Дэпутаты павінны працягнуць працу па вывучэнні меркавання сваіх выбаршчыкаў”, - сказаў спікер парламента. На жаль, да канца года намеры беларускіх парламентароў так і засталіся няздзейсненымі, “круглы стол” не праведзены, а пра вывучэнне меркавання выбаршчыкаў па гэтым вострым пытанні нічога невядома грамадскасці.

Увогуле спасылка на “меркаванне народу” і вынікі рэферэндума 1996 года вельмі часта прысутнічалі ў выказваннях вышэйшых дзяржаўных чыноўнікаў, калі ішла гаворка пра праблему смяротнага пакарання і магчымасці ўвядзення мараторыю на яго ці адмены. Так, міністр юстыцыі Віктар Галаванаў 20 кастрычніка, выступаючы на прэзентацыі вынікаў праекта “Садзеянне больш шырокаму прымяненню міжнародных стандартаў у галіне правоў чалавека ў працэсе адпраўлення правасуддзя ў Рэспубліцы Беларусь, заявіў, што пытанне аб увядзенні ў краіне мараторыя на смяротнае пакаранне “знаходзіцца ў кампетэнцыі беларускага народа”. Міністр адзначыў: “У 1996 годзе гэтае пытанне выносілася на реферэндум. Падаўляючая воля народа вядома – увядзеннне мараторыя заўчасна. На сёння смяротнае пакаранне ўжываецца ў 86 краіінах свету, у тым ліку ў Японіі, большасці штатаў Амерыкі. Але ніхто не кажа, што гэтыя краіны нецывілізаваныя”. Тым не менш, паведаміў В. Галаванаў, згодна заключэнню Канстытуцыйнага суда, у краіне існуюць прававыя механізмы, якія дазваляюць увесці мараторый на прымяненне смяротнага пакарання. “А ці будзе яна адменена, трэба спытаць у народа, у родных забітых: ці даравалі яны пакуты сваіх блізкіх злачынцу. Я думаю, да гэтага пытання кожная краіна павінна прыйсці самастойна, перш за ўсё абапіраючыся на волю народа” – дадаў міністр. Чыноўнік у сваім выступе апелюе да ахвяраў злачынстваў, і гэтая тэндэнцыя павышаць эмацыйны складнік праблемы была характэрна для многіх выказванняў беларускіх службоўцаў на працягу года.

Неадназначныя меркаванні выказваліся кіраўніцтвам краіне і адносна магчымых прававых механізмаў увядзення мараторыя. Большасць прадстаўнікоў юрыдычнай супольнасці апелявалі ў гэтым пытанні да  Заключэння Канстытуцыйнага суда РБ ад 11 сакавіка 2004 года “Аб адпаведнасці Канстытуцыі РБ і міжнародным дамовам РБ палажэнняў Крымінальнага кодэкса РБ, якія прадугледжваюць ужыванне ў якасці пакарання смяротнае пакаранне”, паводле якога абвесціць мараторый, прынамсі ў якасці першага кроку, можа ці кіраўнік дзяржавы, прэзідэнт, ці парламент, і, адпаведна, не патрабуецца правядзення рэферэндуму. У Заключэнні адназначана сказана, што ч. 3 арт. 24 Канстытуцыі, якая ўсталёўвае магчымасць ужывання смяротнага пакарання ў якасці выключнай меры пакарання толькі да яе адмены, дазваляе прыняць рашэнне аб абвяшчэнні мараторыю на ўжыванне смяротнага пакарання ці аб поўнай адмене гэтага віду пакарання. Таксама ў гэтым Заключэнні адзначана, што вынікі рэферэндуму 1996 году, падчас якога за захаванне смяротнага пакарання выказалася 80, 44% грамадзянаў, не мелі абавязковага характару.

Таму асаблівае непаразуменне выклікалі выказванні старшыні Канстытуцыйнага суда Беларусі Пятра Міклашэвіча (займае гэтую пасаду з 8 лютага 2008 года), які на прэс-канферэнцыі 11 сакавіка заявіў, што прэзідэнт і парламент могуць толькі ініцыяваць адмену смяротнага пакарання. “Норма аб смяротным пакаранні размешчана ў першым раздзеле Канстытуцыі, які мае асаблівую абарону. Унясенне зменаў і дапаўненняў у гэты раздзел магчыма толькі шляхам рэферэндума”, -- адзначыў П. Міклашэвіч. Ён спаслаўся на тое, што ў 1996 годзе пытанне аб смяротным пакаранні выносілася менавіта на рэферэндум, і за захаванне гэтага інстытута прагаласавала больш за 80% насельніцтва краіны. Пазіцыя П. Міклашэвіча адназначна супярэчыць прынятаму ў 2004 годзе і дзеючаму на дадзены момант Заключэнню Канстытуцыйнага суда, старшынёй якога ён з’яўляецца.

Упэўненасць у тым, што для ўвядзення мараторыя на смяротнае пакаранне ў Беларусі рэферэндуму не патрабуецца, выказаў 1 снежня, падчас візіту ў Мінск, кіраўнік Генеральнага дырэктарата Савета Еўропы па дэмакратыі і палітычных пытаннях Жан‑Луі Ларан: “Тут трэба палітычная воля лідэраў краіны. Для мяне гэта найперш пытанне маралі. Я найперш кіруюся тым, што смяротнае пакаранне - гэта адзіная форма пакарання, якое не можа быць выпраўлена. Беларусь не павінна адмяняць смяротнае пакаранне дзеля інтарэсаў Страсбургу, а дзеля інтарэсу краіны. Рэферэндум па гэтай справе зусім не абавязковы”.

Незалежныя эксперты таксама ўпэўнены, што праводзіць рэферэндум па пытанні ўвядзення мараторыя не патрабуецца: дастаткова парламенту ўнесці змены ў заканадаўства Рэспублікі Беларусь, выключыўшы з Крымінальнага кодэкса такі від пакарання, або ўвесці мараторый указам прэзідэнта.

У грамадскім меркаванні да гэтага часу пераважвае, хаця і нязначна, падтрымка захавання смяротнага пакарання. Так, згодна з дадзенымі нацыянальнага апытання, праведзенага ў чэрвені 2009 года Незалежным інстытутам сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў, адказы на пытанне “Вы за ці супраць адмены смяротнага пакарання ў Рэспубліцы Беларусь” размеркаваліся наступным чынам: “за адмену” – 41,7%, “супраць адмены” – 48,4%. Сацыялагічная перавага прыхільнікаў смяротнага пакарання тлумачыцца экспертамі найперш недастатковай інфармаванасцю грамадства. Цікава адзначыць, што ў параўнанні з вераснёўскім апытаннем 2008 года колькасць прыхільнікаў смяротнага пакарання хаця і не на шмат, але ўзрасла: тады за адмену смятротнага пакарання выказаліся 44,2% рэспандэнтаў і 47,8% -- супраць. Не выключана, што прычына палягае ў выключнай палітызаванасці праблемы, а таксама ў тым, што ў дзяржаўных СМІ праблема смяротнага пакарання асвятлялася найперш з пункту гледжання жорстасці здзейсненых злачынстваў асуджанымі да вышэйшай меры пакарання і вельмі часта ў эмацыйным ключы. Разам з тым, дадзеныя сацыялагічныя даследванні сведчаць пра значную гуманізацыю поглядаў грамадзянаў Беларусі па пытанні смяротнага пакарання і даюць падставу сцвярджаць, што спасылкі на дадзеныя рэферэндума 1996 года састарэлі і не адпавядаюць рэальнаму стану грамадскай думкі.

Артыкул 24 Канстытуцыі гарантуе кожнаму права на жыццё, у ім жа замацаваны часовы характар смяротнага пакарання: “Смяротнае пакаранне да яго адмены можа ўжывацца ў адпаведнасці з законам як выключная мера пакарання за асабліва цяжкія злачынствы і толькі згодна прысуду суда”. Крымінальны кодэкс прадугледжвае прымяненне смяротнага пакарання за 12 складаў злачынстваў ва ўмовах мірнага часу і 2 склады – ва ўмовах ваеннага. Асуджаныя да смяротнага пакарання могуць звярнуцца з хадайніцтвам аб памілаванні да прэзідэнта. Акрамя хадайніцтваў аб памілаванні прэзідэнт разглядае матэрыялы асуджаных да смяротнага пакарання, якія не хадайнічаюць аб памілаванні. Хадайніцтва аб памілаванні асуджаныя могуць падаць на працягу 10 сутак з моманту атрымання копіі прысуду ці касацыйнага азначэння. Калі асуджаны не падасць у вызначаны тэрмін хадайніцтва аб памілаванні ці заявіць аб сваім нежаданніі звяртацца з такім хадайніцтвам, пра гэта складаецца адпаведны акт. Хадайніцтва ці акт накіроўваюцца прэзідэнту не пазней трохдзённага тэрміна з дня прыёму хадайніцтва ад асуджанага ці складання акта. Выкананне прысуду прыпыняецца да разгляду хадайніцтва аб памілаванні ці матэрыялаў аб адмове ад падачы хадайніцтва. Хадайніцтвы аб памілаванні, а таксама матэрыялы асуджаных, якія не хадайнічаюць аб памілаванні, да вынясення на разгляд прэзідэнта папярэдне разглядае Камісія па пытаннях памілавання пры прэзідэнце, якая збіраецца на свае паседжанні не радзей за адзін раз у квартал. Хадайніцтвы аб памілаванні асобаў, асуджаных да смяротнага пакарання, ці матэрыялы аб адмове гэтых асобаў аб памілаванні да вынясення на разгляд Камісіі высылаюцца Вярхоўнаму суду і Пракуратуры, якія на працягу двух тыдняў прадстаўляюць заключэнні, што ўтрымліваюць апісанне зместу прынятых рашэнняў суда, абставін здзейсненых злачынстваў, дадзеныя пра асуджанных, а таксама свае прапановы па сутнасці кожнага хадайніцтва ці матэрыялаў аб адмове ад падачы хадайніцтва. Пасля разгляду ў Камісіі ўсе матэрыялы разам з прапановамі Камісіі ўносяцца на разгляд прэзідэнта. Рашэнні аб памілаванні ці аб адхіленні хадайніцтваў аб памілаванні прымаюцца ў форме указаў прэзідэнта і накіроўваюцца для выканання ў Вярхоўны суд. Паведамленні аб выкананні ўказаў прэзідэнта у адносінах да асуджаных да смяротнага пакарання накіроўваюцца прэзідэнту Вярхоўным судом. Нягледзячы на тое, што “Палажэнне аб парадку ажыццяўлення ў Рэспубліцы Беларусь памілавання асуджаных” прадугледжвае магчымасць запрашэння на паседжанні Камісіі прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый і сродкаў масавай інфармацыі (пункт 9) і асвятленне ў СМІ інфармацыі аб працы Камісіі і рашэнняў кіраўніка дзяржавы аб памілаванні асуджаных (пункт 24), іх дзейнасць па-ранейшаму застаецца закрытай ад грамадскасці, і найперш гэта датычыць справаў асуджаных да смяротнага пакарання. Прадметам галоснасці стала толькі інфармацыя, што ў 2003 годзе Камісія адхіліла хадайніцтвы аб памілаванні двух асуджаных да смяротнага пакарання, а адна справа была вернута ў Вярхоўны суд для праверкі ў парадку нагляду, у выніку чаго смяротнае пакаранне асуджанаму было заменена  на 15 гадоў пазбаўлення волі. Іншай інфармацыі пра вынікі дзенасці Камісіі і рашэнняў прэзідэнта па справах асуджаных да смяротнага пакарання не распраўсюджвалася.

У 2009 годзе ў Беларусі былі вынесены 2 смяротныя прысуды (у 2008 – 1, 2007 – 4, 2006 – 9, 2005 – 2, 2004 – 2). 29 чэрвеня Брэсцкі абласны суд асудзіў да смяротнага пакарання 30-гадовага жыхара Драгічынскага раёна Васіля Юзэпчука, які быў прызнаны вінаватым у здзяйсненні серыі забойстваў пажылых жанчын. 17 ліпеня суд Мінскай вобласці прызнаў вінаватым у забойстве двух чалавек 25-гадовага жыхара г. Салігорска Андрэя Жука і вынес яму смяротнае пакаранне. 2 кастрычніка Вярхоўны суд пакінуў без зменаў прысуд В. Юзэпчуку, 27 кастрычніка – А. Жуку. Цалкам абгрунтаванымі назваў у гутарцы з журналістамі 19 жніўня Генеральны пракурор Рыгор Васілевіч вынесеныя смяротныя прысуды: “Гэтая мера адказнасці суровая, але справядлівая. Пакуль наш Крымінальны кодэкс не зменены ў гэтай частцы, і Канстытуцыя дапускае прымяненне смяротнага пакарання”. Асуджаныя В. Юзэпчук і А. Жук накіравалі хадайніцтвы аб памілаванні прэзідэнту. В. Юзэпчук прасіў захаваць яму жыццё, настойваючы на тым, што ў будучым могуць з’явіцца абставіны, якія пацвердзяць яго невінаватасць. Калі ж прысуд будзе выкананы, то, у выпадку выяўлення памылкі, выправіць яе будзе немагчыма. Па словах адвакатаў, што выступалі ў судовым паседжанні па справе В. Юзэпчука, прысуд Брэсцкага абласнога суда пабудаваны на здагадках, прамых доказаў няма, у аснову абвінаваўчага прысуду былі пакладзеныя галоўным чынам сведчанні супрацоўнікаў міліцыі. Ёсць факты таго, што В.Юзэпчуку падчас знаходжання ў следчым ізалатары наносіліся цялесныя пашкоджанні, што было зафіксавана. Таксама, паводле заключэння камісіі экспертаў, у асуджанага  лёгкая ступень разумовай адсталасці, ён кепска арыентуецца ў наваколлі, непісьменны. Таму існуе вельмі сур’ёзная заклапочанасць наконт таго, што віна асуджанага да смяротнага пакарання не даказаная належным чынам. У справе Андрэя Жука адвакаты таксама адзначаюць, што смяротны прысуд - занадта жорсткае і неабгрунтаванае пакаранне, паколькі ёсць змякчаючыя віну абставіны: ён прызнаў сваю віну, дабраахвотна супрацоўнічаў са следствам і раскаяўся ва ўчыненым злачынстве.  Пры дапамозе праваабаронцаў Васіль Юзэпчук накіраваў індывідуальны зварот аб парушэнні яго правоў, у тым ліку права на справядлівае судовае разбіральніцтва і права на жыццё, у Камітэт па правах чалавека ААН. 12 кастрычніка Камітэт зарэгістраваў ягоны зварот пад нумарам 1906/2009 і запатрабаваў ад Беларусі не выконваць смяротны прысуд да разгляду скаргі па сутнасці. Маці Андрэя Жука таксама звярнулася ў Камітэт па правах чалавека ААН, і 30 кастрычніка зварот быў зарэгістраваны ў неадкладным парадку пад нумарам 1910/2009. У адпаведнасці са спецыяльнай працэдурай, Жэнеўскі офіс Вярхоўнага камісара па правах чалавека накіраваў Рэспубліцы Беларусь паведамленне пра рэгістрацыю звароту і патрабаванне не прыводзіць у выкананне смяротны прысуд, пакуль справа знаходзіцца на разглядзе Камітэта.

Еўрасаюз І Савет Еўропы выступілі з рэзкай крытыкай вынясення чарговых смяротных прысудаў. “Вынясенне яшчэ аднаго смяротнага прысуду ў Беларусі сведчыць пра неадкладную неабходнасць увядзення мараторыя на смяротнае пакаранне”, -- заявіў 4 ліпеня старшыня ПАСЕ Луіс Марыя дэ Пуч у сувязі з асуджэннем В. Юзэпчука. “Я заклікаю ўлады Беларусі не прыводзіць гэты прысуд у выкананне, прыняць усе неабходныя меры для ўвядзення мараторыя і такім чынам прадэманстраваць сваю гатоўнасць ісці насустрач каштоўнасцям і стандартам Савета Еўропы і тым самым яшчэ крыху наблізіць усіх нас да канчатковай адмовы ад смяротнага пакарання на еўрапейкім кантыненце”, -- сказаў кіраўнік ПАСЕ. 3 жніўня прэс-службай прадстаўніцтва Еўракамісіі у Мінску была распаўсюджана заява, у якой адзначалася, што Еўрапейскі Саюз выказвае сурьёзную занепакоенасць вынясеннем двух смяротных прысудаў у Беларусі. У дакуменце падкрэслівалася, што Еўрасаюз “выступае супраць прымянення вышэйшай меры пакарання ў любых справах і пры любых абставінах і паслядоўна заклікае да яго адмены ва ўсім свеце. ЕС перакананы, што забарона смяротнага пакарання – гэта галоўны элемент абароны чалавечай годнасці і прагрэсіўнага развіцця правоў чалавека”. Пасля таго, як Вярхоўны суд пакінуў у сіле смяротныя прысуды, з сумеснай заявай выступілі старшыня Камітэта міністраў Савета Еўропы Самуэль Жбогар і Генеральны сакратар СЕ Турбьерн Ягланд, у якой заклікалі прэзідэнта Беларусі памілаваць асуджаных і замяніць вынесеные прысуды да смяротнага пакарання тюрэмным зняволеннем. “Акт міласэрнасці з боку прэзідэнта Беларусі будзе недухсэнсоўным сігналам аб намеры Беларусі далучыцца да 47 дзяржаў – членаў Савета Еўропы, якія прыпынілі ці адмянілі смяротнае пакаранне”, -- падкрэслівалася ў заяве.

У 2009 годзе праблема смяротнага пакарання была ў цэнтры ўвагі і праваабарончай супольнасці. Праваабарончы цэнтр “Вясна” і Беларускі Хельсінкскі камітэт ініцыявалі кампанію “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання”, якая стартавала ў студзені пры падтрымцы “Міжнароднай Амністыі”. На працягу года аказвалася найперш прававая дапамога асуджаным да смяротнага пакарання, была праведзена шырокая інфармацыйная кампанія (наколькі гэта магчыма ў Беларусі з улікам фактычнай манапалізацыі медыйнай прасторы дзяржавай), арганізоўваліся прэс-канферэнцыі, дыскусіі, конкурсы творчых прац, масавыя акцыі і г.д. Прадстаўленне аб’ектыўнай інфармацыі, вядзенне вольнай і адкрытай грамадскай дыскусіі па сутнасці праблемы смяротнага пакарання  з пункту гледжання каштоўнаснага, гуманістычнага, цывілізацыйнага, каб грамадзяне маглі зрабіць свядома свой уласны выбар адносна гэтай балючай праблемы – такая канцэпцыя была абрана праваабаронцамі ў працы з насельніцтвам.

У межах кампаніі была падрыхтавана адмысловая петыцыя з заклікам да ўладаў адмяніць у Беларусі смяротнае пакаранне, пад якой падпісаліся больш за 30 чалавек – вядомыя культурныя і грамадскія дзеячы, праваабаронцы, юрысты і навукоўцы; 10 снежня петыцыя была перададзена ў Адміністрацыю прэзідэнта і адначасова яе копія – у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. 24 снежня праваабаронцы атрымалі адказ на свой зварот ад старшыні камісіі па нацыянальнай бяспецы Палаты прадстаўнікоў Віктара Гумінскага. “Як вам вядома, -- піша ў лісце дэпутат, - летам гэтага года Нацыянальнаму сходу Рэспублікі Беларусь вярнулі статус спецыяльнага запрошанага ў ПАСЕ на адзін год, але пры ўмове ўвядзення мараторыя на пакаранне смерцю”. Выкладзеныя ў лісце звесткі адназначна не адпавядаюць рэчаіснасці, і відавочна, што старшыня парламенцкай камісіі не валодае сітуацыяй. Разам з тым, з ліста дэпутата прасочваецца ступень гатоўнасці заканадаўчай галіны ўлады да вырашэння праблемы смяротнага пакарання: “Беларусь непасрэдна падышла да таго, каб пачаць падрабязна, празрыста і шырока: абмяркоўваць у грамадстве пытанне аб адмене пакарання смерцю. А для гэтага нам, дэпутатам, неабходны дыялог з народам. Ён можа праходзіць у розных формах. Але мы найперш вывучым магчымасць правядзення парламенцкіх слуханняў па гэтай тэме”. Праваабаронцы віталі намер дэпутатаў абмеркаваць дадзенае пытанне, наладзіць дыялог з народам і ў сваю чаргу заклікалі іх правесці парламенцкія слуханні па дадзенай праблеме з удзелам як  мага шырэйшага кола зацікаўленых бакоў, у тым ліку - беларускіх праваабаронцаў і прадстаўнікоў міжнародных праваабарончых арганізацый.

У асноўным беларускія ўлады не аказвалі супрацьдзеяння праваабаронцам у правядзенні грамадскіх акцый, звязаных з інфармаваннем грамадзян аб праблеме смяротнага пакарання, аднак некаторыя з іх завяршаліся затрыманнямі іх удзельнікаў. Так, 5 чэрвеня ў Менску на вуліцы Няміга падчас правядзення перфомансу, які суправаджаўся раздачай інфармацыйных матэрыялаў, удзельнікі мастацкай пастаноўкі былі затрыманыя нібыта “за ўдзел у масавым мерапрыемстве” (пазней былі адпушчаныя без складання пратаколаў адміністратыўнага правапарушэння). 10 кастрычніка ў Наваполацку падчас інфармацыйнай акцыі, прымеркаванай да Сусветнага дню барацьбы супраць смяротнага пакарання, супрацоўнікі міліцыі затрымалі праваабаронцу Зміцера Салаўёва, а таксама двух моладзевых актывістаў. Затрыманыя былі дастаўлены ў дзяжурную частку для разбіральніцтваў, адкуль праз гадзіну былі адпушчаны без складання пратаколаў. Да кампаніі праваабаронцаў у многіх рэгіёнах далучыліліся іншыя грамадскія актывісты і арганізацыі, найперш моладзевыя. У Брэсце акцыю па распаўсюду матэрыялаў супраць смяротнага пакарання 10 жніўня правялі актывісты “Маладога Фронту”, у Гродна да праваабаронцаў далучыліся моладзевыя актывісты БСДГ, АГП, “Маладых дэмакратаў” і “Грамадзянскага форуму”.

Праваабаронцы віталі цвёрдую пазіцыю еўрапейскіх стуктур адносна недапушчальнасці прымянення смяротнага пакарання і ўмову Парламенцкай Асамблеі Савета Еўропы аб ўвядзенні мараторыя на смяротнае пакаранне дзеля вяртання парламенту Беларусі статуса спецзапрошанага ў ПАСЕ, лічачы гэты крок вельмі сімвалічным і адпавядаючым духу правоў чалавека і еўрапейскіх каштоўнасцяў.

Вялікі ўнёсак у кампанію супраць смяротнага пакарання ў Беларусі зрабіла сусветная праваабарончая арганізацыя “Міжнародная Амністыя”, прадстаўнікі якой на працягу года двойчы наведалі краіну. 24 сакавіка на прэс-канферэцыі ў Мінску праграмны дырэктар арганізацыі па Еўропе і Цэнтральнай Азіі Нікала Дакворт і эксперт Хэза Макгіл прэзэнтавалі даклад “Спынім смяротныя пакаранні ў Еўропе: на шляху да адмены смяротнай кары ў Беларусі” і заклікалі беларускія ўлады неадкладна ўвесці мараторый на вынясенне і выкананне смяротных прысудаў у якасці першага кроку да поўнай адмены дадзенага віда пакарання. Праваабаронцы выказалі ўпэўненасць, што грамадзтва краіны мае права на інфармацыю пра выпадкі ўжывання смяротнага пакарання і на дыскусію пра тое, ці варта яго захоўваць. Падчас візіту прадстаўнікоў “Міжнароднай Амністыі” ў Беларусь з імі знайшлі час сустрэцца  толькі чыноўнікі Міністэрства юстыцыі, ад міністра ўнутраных спраў і з Адміністрацыі прэзідэнта былі атрыманы адмовы. Падчас візіту ў Беларусь у лістападзе Хэза Макгіл прыняла ўдзел у “круглым стале”, які праводзіўся ў офісе АБСЕ па праблеме смяротнага пакарання. Як станоўчыя зрухі ў стаўленні беларускіх уладаў яна расцаніла гатоўнасць прадстаўнікоў беларускага парламента, міністэрстваў і Вярхоўнага суда абмяркоўваць гэтае пытанне. “Гэта ўжо ёсць важны крок наперад. Канечне, мы лічым, што гэтага недастаткова. Мы хочам бачыць пэўныя захады, што абвешчаны мараторый. Але ўсё ж такі ёсць надзея,” – адзначыла эксперт “Міжнароднай Амністыі”.

Такім чынам, у 2009 годзе Беларусь не прадэманстравала палітычную волю і не прадпрыняла рашучых крокаў па адмене смяротнага пакарання ці ўвядзенні мараторыя. Смяротнае пакаранне дзяржаўнымі ўладамі Беларусі па-ранейшаму выкарыстоўваецца як прадмет палітычнага гандлю, жыццё чалавека не разглядаецца як вышэйшая каштоўнасць, на якую не можа замахвацца ніхто, у тым ліку і дзяржава. 

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны