У Беларусі прыведзены ў выкананне смяротныя прысуды

Адміністрацыя СІЗА № 1 адмовілася прыняць прадуктовую перадачу ад маці Андрэя Жука і паведаміла аб прывядзенні ў выкананне смяротных прысудаў, вынесеных  улетку 2009 году яе сыну і Васілю Юзэпчуку.

Улады цынічна праігнаравалі патрабаванне беларускіх праваабаронцаў і Камітэта па правах чалавека ААН (КПЧ) не прыводзіць прысуды ў выкананне, пакуль справы знаходзяцца на разглядзе ў КПЧ.

Прадугледжаныя заканадаўствам афіцыйныя паведамленні судоў, якія вынеслі смяротныя прысуды, аб іх выкананні да цяперашняга часу родным не дасланыя.

Праваабаронцы лічаць, што прывядзенне смяротных прысудаў у выкананне было здзейснена насуперак патрабаванням нацыянальнага заканадаўства і міжнародных абавязкаў, ратыфікаваных нашай краінай.

Рэспубліка Беларусь ратыфікавала Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах і Факультатыўны пратакол да яго, тым самым прызнаўшы кампетэнцыю Камітэта па правах чалавека ААН разглядаць індывідуальныя скаргі па меркаванаму парушэнню якога-небудзь з правоў, выкладзеных у Пакце.

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь гарантуе выкананне агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права і гарантуе правы і свабоды грамадзян Беларусі, замацаваныя ў Канстытуцыі, законах і прадугледжаныя міжнароднымі абавязацельствамі дзяржавы (арт. арт. 8; 21). Крымінальна-выканаўчы кодэкс Рэспублікі Беларусь замацаваў прыярытэт міжнародных дамоваў над нацыянальным заканадаўствам, якое рэгулюе выкананне крымінальных пакаранняў (арт.3).

Паводле арт. 61 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, кожны мае права ў адпаведнасці з міжнародна-прававымі актамі, ратыфікаванымі Рэспублікай Беларусь, звяртацца ў міжнародныя арганізацыі з мэтай абароны сваіх правоў і свабодаў, калі вычарпаны ўсе наяўныя ўнутрыдзяржаўныя сродкі прававой абароны.

Абодва асуджаных выкарысталі гарантаванае Канстытуцыяй  права. Васіль Юзэпчук і маці Андрэя Жука накіравалі індывідуальныя скаргі ў КПЧ. Дзяржава атрымала ноту Упраўлення Вярхоўнага Камісара ААН па правах чалавека пра рэгістрацыю іх індывідуальных зваротаў і абгрунтаванае на правіле 92 Працэдур КПЧ патрабаванне не прыводзіць у выкананне смяротныя прысуды, пакуль справы знаходзяцца на разглядзе ў КПЧ.

Нягледзячы на гэта, беларускія ўлады прывялі абодва прысуды ў выкананне.

Праваабаронцы рашуча асуджаюць прывядзенне ў выкананне смяротных прысудаў у дачыненні да В. Юзепчука і А. Жука і абураныя тым фактам, што дзяржава расстраляла сваіх грамадзян, дэмантруючы ігнараванне правоў чалавека і міжнародных працэдур, якія забяспечваюць гарантыі па іх выкананні.

Праваабаронцы нагадваюць, што на сённяшні дзень Беларусь застаецца адзінай дзяржавай у Еўропе, якая выкарыстоўвае смяротнае пакаранне. 

Праваабаронцы нагадваюць, што КПЧ прыраўняў існуючую ў Беларусі працэдуру выканання смяротнага пакарання да нечалавечай формы абыходжання.

Праваабаронцы патрабуюць ад кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь выканання нацыянальнага заканадаўства і міжнародных абавязкаў, павагі да правоў чалавека і найвышэйшай каштоўнасці – чалавечага жыцця.

Таксама праваабаронцы патрабуюць выдаць родным целы расстраляных для пахавання ў адпаведнасці з існуючымі традыцыямі.

Праваабаронцы працягваюць настойваць на найхутчэйшым прыняцці рашэння пра ўвядзенне мараторыя на смяротнае пакаранне ў Рэспубліцы Беларусь. 

 

“Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”

 

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны