Маці расстралянага Андрэя Жука: “Мы аб'ездзілі ўсе могілкі вакол Мінска”

фота belapan.com
фота belapan.com

23 сакавіка ў Мінску прайшла экстранная прэс-канферэнцыя лідэраў праваабарончых арганізацый, звязаная з прывядзеннем у выкананне смяротных прыгавораў у дачыненні да Андрэя Жука і Васіля Юзэпчука.

Паводле слоў старшыні рэспубліканскага праваабарончага аб'яднання "Беларускі Хельсінкскі камітэт" Алега Гулака, згодна з Канстытуцыяй і міжнародна-прававымі актамі, ратыфікаванымі Рэспублікай Беларусь, прыгавораныя падалі скаргі ў Камітэт па правах чалавека ААН. "Больш за тое, Беларусь атрымала ноту Упраўлення вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека аб тым, што іх звароты былі зарэгістраваны, і абгрунтаванае патрабаванне не прыводзіць у выкананне смяротныя прыгаворы да разгляду скаргаў у камітэце ААН", — сказаў Гулак.

Інфармацыя пра гэта была даведзена да адпаведных дзяржаўных органаў, паведаміў праваабаронца Валянцін Стэфановіч. Нягледзячы на тое што камітэт ААН яшчэ не разгледзеў гэтыя скаргі, Юзэпчук і Жук былі пакараны.

На прэсс-канферэнцыі прысутнічала Святлана Міхайлаўна Жук, маці аднаго з расстраляных. "Пасля сустрэчы 4 сакавіка я спытала, калі можна перадаць сыну наступную перадачу, — паведаміла яна. — Мне адказалі — 19 сакавіка. <…> Прывезлі перадачу, як звычайна падала заяву. Мне сказалі: пачакайце — іх некуды павезлі. <…> Потым выйшаў нейкі дзяжурны адміністратар і сказаў: "Увогуле, вы яго нідзе не шукайце, чакайце паведамлення".

Гэта быў шок — такі, што нельга перажыць… Мы ездзілі па могілках вакол Мінска, шукалі свежыя магілы. Учора пайшлі на прыём да начальніка СІЗА, ён сказаў: "Мы яго адправілі па месцы прыгавора. Ідзіце ў суд — туды, дзе яму выносілі прыгавор". Адвакат параіў: "Нікуды не хадзіце. Ніхто вам праўды не скажа".

Дваццаціпяцігадовы Андрэй Жук быў прызнаны вінаватым у разбойным нападзе на работнікаў СВК "Бальшавік-Агра", якія перавозілі грошы для выплаты зарплаты работнікам сельгаспрадпрыемства, і іх забойстве 27 лютага 2009 года на аўтадарозе ў Салігорскім раёне Мінскай вобласці. Аднаго з саўдзельнікаў Жука прыгаварылі да пажыццёвага зняволення, другога — да 13 гадоў пазбаўлення волі.

Пасля таго як стала вядома аб прывядзенні ў выкананне двух смяротных прысудаў у Беларусі, праваабарончая арганізацыя "Міжнародная амністыя" заклікала Аляксандра Лукашэнку неадкладна ўвесці мараторый на смяротную кару.

 

 

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны