Сыніка Хурскайнэн: “Ня можа быць прагматызму ў пытаньні правоў чалавека”
Дакладчыца камітэту па палітычных пытаньнях Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Сыніка Хурскайнэн прэзэнтавала праект рэзалюцыі аб Беларусі, у якім заклікала Раду Эўропы прыпыніць кантакты на высокім узроўні зь Беларусьсю, але працягваць дыялёг з уладамі і грамадзянскай супольнасьцю.
Ніжэй – тэкст прамовы Сынікі Хурскайнэн.
“За апошнія некалькі гадоў мы бачылі некалькі абнадзейлівых прыкметаў, якія далі нам нагоду паверыць, што новы пачатак мог быць зроблены ў адносінах зь Беларусьсю. На жаль, другі раз гэты працэс быў спынены. Сёньня мы праводзім тэрміновыя дэбаты аб сытуацыі ў Беларусі. Прычынаў для гэтых тэрміновых дэбатаў шмат. Самая важная зь іх – сьмяротныя пакараньні, што былі выкананыя ў сакавіку 2010 году.
Пакараньне сьмерцю – непрымальная асаблівасьць беларускіх уладаў, нежаданьне выконваць адзін з фундамэнтальных прынцыпаў у нашай арганізацыі – права на жыцьцё. Пакараньне сьмерцю сталася сур'ёзным выклікам нашым памкненьням наблізіць Беларусь да эўрапейскіх каштоўнасьцяў. Тэкст і чарнавік рэзалюцыі, якую я вам сёньня прапаную, вынікаюць з апошніх падзеяў у Беларусі. На жаль, гэтыя падзеі ня добрыя. Я прывяду тры прыклады. Мы вельмі занепакоеныя нядаўнімі нападкамі на незалежныя СМІ, грамадзянскую супольнасьць ды апазыцыйныя арганізацыі.
Другі – палітыка ў адносінах да нацыянальных меншасьцяў выклікае заклапочанасьць у сувязі, у прыватнасьці, зь перасьледам чальцоў Саюзу палякаў. Парушаюцца правы на стварэньне саюзаў і суполак.
Трэці момант – пакараньне сьмерцю двух чалавек у сакавіку ва ўмовах татальнай сакрэтнасьці. Нягледзячы на тое, што з гэтай сытуацыяй разьбіралася камісія ў правох чалавека ААН, беларускія ўлады, тым ня менш, не адмовіліся ад выкананьня гэтых прысудаў. Я хачу яшчэ раз падкрэсьліць, што ў Эўропе няма месца сьмяротнаму пакараньню. Гэта фундамэнтальнае палажэньне не падлягае ніякім перамовам ці торгу. У гэтым сіла нашай арганізацыі.
Беларускія ўлады часта гавораць, што яны хочуць весьці прагматычны дыялёг з Эўропай. Але ня можа быць ніякага прагматызму ў пытаньні правоў чалавека. Нягледзячы на вартыя расчараваньня падзеі, я працягваю спадзявацца на дыялёг і супрацоўніцтва. Рада Эўропы не павінна вяртацца да палітыкі ізаляцыі. Але ня можа быць прагрэсу ў дыялёгу без прагрэсу ў кірунку да стандартаў Рады Эўропы. Але, як сказаў наш генэральны сакратар, мы павінны атрымаць дакладны сыгнал з самых вярхоў Беларусі, што беларускі ўрад хоча працаваць з намі ў пытаньні сьмяротнага пакараньня. Мы павінны ўбачыць нейкі адчувальны прагрэс. У маім праекце рэзалюцыі я прапаную працягваць дыялёг зь Беларусьсю, у тым ліку з уладамі.
Але пасьля гэтых двух пакараньняў мы ня можам весьці дачыненьняў, як звычайна. Нельга ігнараваць гэтых крокаў назад і гэтага знаку палітычнага нежаданьня з боку ўладаў наблізіцца да каштоўнасьцяў Рады Эўропы. Таму я прапаную ў якасьці санкцыяў прыпыніць кантакты на высокім узроўні зь беларускімі ўладамі