Смяротнае пакаранне. Так? Не?
У размове з Валерыем Філіпавым, адным з першых праваабаронцаў, хто звярнуў увагу на праблему смяротнага пакарання ў нашай краіне, Ірына Тоўсцік імкнулася не проста атрымаць аргументы на карысць адмены смяротнай кары, але знайсці адказы для вырашэння складанай дылемы, што існуе ў грамадскай свядомасці, — «так» ці «не» гэтай вышэйшай меры пакарання.
— Валеры Віктаравіч, што падштурхнула вас звярнуць увагу на гэту праблему?
— Абсалютная адсутнасць логікі. У Канстытуцыі нашай краіны запісана, што дзяржава гарантуе права на жыццё. Неад’емнае права кожнага чалавека, якое немагчыма абмежаваць. Альбо яно ёсць, альбо яго няма. Аднак дзяржава дазваляе сабе адымаць гэта права ў чалавека. Рэальная практыка прыходзіць у абуральную супярэчнасць з Канстытуцыяй.
— Наколькі гэта мера як пакаранне адпавядае мэтам крымінальнай адказнасці?
— Як від пакарання смяротная кара не можа разглядацца, таму што супярэчыць прынцыпам крымінальнай адказнасці, у якіх закладзена выпраўленне злачынцы, а не яго знішчэнне. У крымінальным заканадаўстве і Рэспублікі Беларусь, і іншых краін фігуруе менавіта выпраўленне злачынцы, іншага не паказана. Таму пазбаўленне чалавека жыцця супярэчыць мэтам і прынцыпам крымінальнай адказнасці. Такім чынам, з пункту гледжання фармальнай логікі ў Беларусі трэба альбо мяняць Крымінальны кодэкс, альбо адмяняць смяротнае пакаранне.
— Але многія асцерагаюцца, што адмена смяротнага пакарання прывядзе да росту злачынстваў…
— На гэтую тэму было праведзена шмат даследаванняў. Іх вынікі паказваюць, што ўзровень злачыннасці не залежыць ад наяўнасці або адсутнасці смяротнага пакарання ў краіне. Непазбежнасць пакарання — найбольш сур’ёзны стрымліваючы матыў. Узровень злачыннасці, на самай справе, вызначаецца не толькі сістэмай мер крымінальнага пакарання, а шэрагам іншых фактараў — стабільнасцю эканамічнага становішча, узроўнем карупцыі ў краіне, узроўнем культуры… Сур’ёзная праблема — узровень алкагалізацыя насельніцтва. Большасць забойстваў і наўмысных цяжкіх цялесных пашкоджанняў здзяйсняюцца асобамі, якія знаходзяцца ў стане алкагольнага ап’янення.
— У выпадку замены смяротнага пакарання на пажыццёвае зняволенне, кажуць, што падаткаплацельшчыкі будуць «вымушаны карміць злачынцу са сваёй кішэні»?
— Яны і зараз кормяць масу зняволеных. А калі хтосьці здзейсніў забойства, тады ўзнікае пытанне, чаму я павінен карміць забойцу. Але ж забойцамі не нараджаюцца, імі становяцца. І як бы трывіяльна гэта ні гучала, такімі іх робіць грамадства.
Давайце возьмем канкрэтны прыклад — тую ж гомельскую злачынную групоўку. На працягу 10 гадоў яны здзяйснялі злачынствы, забойствы... І што, улада не магла з імі справіцца, праваахоўныя органы не маглі іх знайсці на працягу дзесяці гадоў?
У выніку трох з гэтай злачыннай групоўкі прысудзілі да смяротнага пакарання. Ціха і хутка пазбавіліся, каб лішняе не ўсплыло. Магчыма, калі б яны засталіся жывыя, высветліліся б новыя факты і імёны людзей, якія маюць дачыненне да гэтых злачынстваў. Але для гэтага праваахоўным органам трэба было зрабіць вялікую працу. А так — людзей пакаралі смерцю, і канцы ў ваду.
Ці, да прыкладу, справа Ігнатовіча. Усплыў факт яго датычнасці да знікнення Дзмітрыя Завадскага. Але Ігнатовіча асудзілі да смяротнага пакарання, не паглыбляючыся ў гэта пытанне. І толькі шмат у чым дзякуючы ўмяшанню генеральнага сакратара Савета Еўропы, прадстаўнікоў іншых міжнародных арганізацый, смяротнае пакаранне Ігнатовічу замянілі на пажыццёвае зняволенне. Такім чынам, застаўся носьбіт вельмі каштоўнай інфармацыі, звязанай з нераскрытай справай. Атрымліваецца, што пажыццёвае зняволенне дае магчымасць пры неабходнасці вярнуцца да расследавання такога кшталту спраў.
Яшчэ адзін важны аспект: пытанне аб адмене смяротнага пакарання непасрэдна звязана з глабальнай праблемай рэфармавання пенітэнцыярнай сістэмы ў цэлым. Абцяжараныя першапачаткова гулагаўскай сістэмай, а затым сістэмай калоній, якія ствараліся пры будоўлях буйных заводаў для прадастаўлення некваліфікаваных працоўнай сілы, мы жудасна зацягнулі з гэтым працэсам. Усе разумеюць, што «турма не выпраўляе». Пенітэнцыярныя ўстановы толькі памнажаюць колькасць людзей з разбуранымі сацыяльнымі, сямейнымі адносінамі, падарваным здароўем, страчанай кваліфікацыяй. І пераадоленне гэтых наступстваў ажыццяўляецца, у тым ліку, і за наш кошт, з кішэні падаткаплацельшчыкаў.
Калі разабрацца, то значная частка асуджаных не ёсць злачынцы па свайму менталітэту, схільнасці ці ладу жыцця. Большасць з іх нясуць пакаранне за злачынствы маёмаснага характару. Дык навошта людзей, якія не з’яўляюцца сацыяльна небяспечнымі, пазбаўляць свабоды на многія гады і трымаць у калоніі за наш кошт? Хай працуюць і кампенсуюць матэрыяльную шкоду.
А вось людзі, схільныя да сацыяльна небяспечных дзеянняў, якія здзяйсняюць цяжкія і асабліва цяжкія злачынствы, ідуць на забойствы, — гэта і ёсць тая катэгорыя людзей, якая павінна ўтрымлівацца ў ізаляцыі. Зараз робяцца спробы гэту сітуацыю неяк развязаць.
— Калі паўстае пытанне аб адмене смяротнага пакарання, дзяржава спасылаецца на волю народа, выказаную на рэферэндуме 1996 года.
— Праводзіць рэферэндум па гэтым пытанні, калі людзі зусім не гатовыя да яго, было заўчасным крокам. Людзі ў гэтым пытанні не інфармаваныя. Людзям трэба было даць нагоду абмеркаваць гэтую праблему, паразважаць. З кожным годам працэнт насельніцтва, які выступае за смяротнае пакаранне, скарачаецца. Які ён на самай справе, цяжка сказаць, але гэта не той 81 %, які быў агучаны на рэферэндуме 1996 года. Падкрэслю, што ў іншых краінах смяротнае пакаранне адмянялася ў сітуацыі, калі большасць насельніцтва выступала за яго захаванне.
Класічны прыклад — Германія, дзе гэты від пакарання адмянілі ў 1949 годзе. І калі на наступны год пасля адмены смяротнага пакарання 55 % насельніцтва было за яго, то ў 1973 годзе «за» заставалася толькі 30 %, а ў 1976-м — 22 %.
Трэба дакладна разумець, што адмена смяротнага пакарання — гэта палітычнае рашэнне. І ў нашай дзяржаве толькі вышэйшае кіраўніцтва можа прыняць такое рашэнне.