Праваабарончыя арганізацыі асуджаюць вынясенне двух смяротных прысудаў у Беларусі

Amnesty International, Беларускі Хельсінскі Камітэт і Праваабарончы цэнтр “Вясна”

Лондан/Мінск, 17.05.2010

Amnesty International далучаецца да вядучых беларускіх праваабарончых арганізацыяў з асуджэннем смяротных прысудаў, вынесеных у адносінах да дзвюх асобаў, якія былі прызнаныя вінаватымі ў здзяйсненні забойства ў горадзе Гродне.

14 мая 2010 года Алег Грышкаўцоў (29) і Андрэй Бурдыка (28) прысуджаныя да смяротнага пакарання праз расстрэл за злачынствы, здзейсненыя падчас узброенага нападу на кватэру ў Гродне ў кастрычніку 2009 года. Абодва мужчыны былі прызнаныя вінаватымі ў наўмысным забойстве, разбоі, падпале, выкраданні непаўналетняга, крадзяжы і рабаўніцтве[1].

 “Смяротнае пакаранне – не адказ на гвалтоўнае злачынства. У той час, калі свет імкнецца да адмены смяротнага пакарання, Беларусь рухаецца ў адваротным накірунку,” – адзначыла Галя Гован, дырэктар праграмы Amnesty International па Еўропе і Цэнтральнай Азіі.

Беларусь застаецца адзінай еўрапейскай краінай, якая па-ранейшаму прыводзіць у выкананне смяротныя прысуды. Amnesty International, Беларускі Хельсінскі Камітэт і Праваабарончы цэнтр “Вясна” з’вярнуліся да беларускіх уладаў з заклікам прадэманстраваць імкненне да адмены смяротнага пакарання шляхам змягчэння абодвух прысудаў.

“Мы будзем ацэньваць урад па яго дзеяннях, а вынясенне гэтых прысудаў паказвае сапраўднае жаданне ўладаў надалей выкарыстоўваць гэтае жорсткае і безсэнсоўнае пакаранне. Адзінай пераканаўчай заявай было б абвяшчэнне мараторыя”, - кажа Алег Гулак, старшыня Беларускага Хельсінскага Камітэта.

Важна адзначыць, што прысуды былі абвешчаны праз два дні пасля крытыкі, якая прагучала ў адрас Беларусі за выкарыстанне краінай смяротнага пакарання падчас сесіі працоўнай групы па прадастаўленні Ўніверсальнага перыядычнага агляду ААН. Урад адзначыў, што смяротнае пакаранне – часовая мера, якая выкарыстоўваецца толькі за найбольш цяжкія злачынствы, і што ідзе актыўнае абмеркаванне яго адмены.

“Смяротныя прысуды Алегу Грышкаўцову і Андрэю Бурдыку яшчэ раз прадэманстравалі патрэбу ва ўвядзенні неадкладнага мараторыя на смяротнае пакаранне. Зразумела, што пакуль закон прадугледжвае смяротнае пакаранне, суддзі будуць працягваць выносіць смяротныя прысуды,” кажа Галя Гован.

Таксама нагадаем, што два чалавекі былі расстраляныя ў Беларусі ў сакавіку. Васіль Юзэпчук быў пакараны смерцю за забойства шасці жанчынаў, а Андрэй Жук атрымаў смяротны прысуд за ўзброены напад і забойства мужчыны і жанчыны.     

[1] Як паведамляецца, Алег Грышкаўцоў і Андрэй Бурдыка абрабавалі кватэру ў Гродна, забіўшы пры гэтым мужчыну і дзвюх жанчынаў, а таксама ўзялі дзіцё ў якасці заложніка. Яны падпалілі кватэру і прымусілі вадзіцеля таксі адвезці іх у Мінск ці Маскву, але былі затрыманы наступнай раніцай, калі вадзіцелю ўдалося ўцячы.

 

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны