Смяротнае пакаранне. У пошуках афіцыйнай статыстыкі

Інфармацыйная кампанія БелаПАН учора агучыла колькасць выкананых у Беларусі з 1985 году смяротных прысудаў – 299. У сваіх падліках журналісты кіраваліся інфармацыяй, здабытай уласнымі намаганнямі, а таксама звесткамі Amnesty International. Гэта сусветная праваабарончая арганізацыя ў сваім дакладзе “Спынім смяротныя пакаранні ў Еўропе: На шляху да адмены смяротнай кары ў Беларусі”, выдадзеным у сакавіку 2009 году, адзначае, што “з моманту атрымання Беларуссю незалежнасці ад Савецкага Саюза ў 1991 годзе магло быць пакарана каля 400 чалавек”. Аднак афіцыйная статыстыка па гэтым пытанні да гэтага часу не паведамляецца. І спробы беларускіх праваабаронцаў атрымаць такія звесткі ад уладаў пакуль вынікаў не даюць.

12 траўня прадстаўнікі кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” накіравалі на імя Міністра ўнутраных справаў, Генеральнага пракурора і Старшыні Вярхоўнага Суду Рэспублікі Беларусь запыты пра колькасць вынесеных і выкананых смяротных прысудаў з 1990 па 2009 год.

- З Дэпартаменту выканання пакаранняў МУС нам адказалі, што не могуць даць такіх звестак і гэту інфармацыю можна атрымаць у Вярхоўным Судзе. Вярхоўны Суд, у сваю чаргу, адказаў, што ўся інфармацыя адносна колькасці смяротных прысудаў, у тым ліку і выкананых, знаходзіцца ў Міністэрстве юстыцыі. Мы накіравалі запыт у Мінюст, але адказу пакуль не атрымалі, - распавяла каардынатар кампаніі Ірына Тоўсцік.

Нагадаем, што на дадзены момант Беларусь засталася адзінай краінай у Еўропе і на постсавецкай прасторы, дзе выносяцца і прыводзяцца ў выкананне смяротныя прысуды. Нягледзячы на патрабаванні праваабарончай супольнасці краіны і крытыку аўтарытэтных міжнародных структураў, беларускія ўлады працягваюць жорсткую практыку. Факты выканання смяротных прысудаў у дачыненні да Андрэя Жука і Васіля Юзэпчука ў сакавіку 2010 году і вынясення двух смяротных прысудаў у дачыненні да Алега Грышкаўца і Андрэя Бурдыкі 14 траўня 2010 г. сведчаць аб нежаданні Беларусі кіравацца фундаментальнымі прынцыпамі правоў чалавека.

 

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны