Маці Андрэя Жука, расстралянага ў сакавіку, толькі зараз атрымала пасведчанне пра смерць сына
У ЗАГСе Салігорска 1 чэрвеня Святлане Жук, нарэшце, выдалі пасведчанне пра смерць сына. У дакуменце ўказаны дзень смерці – 18 сакавіка 2010 года, у графе “прычына смерці” – прочырк. Акт зафіксавання смерці датаваны 21-ым сакавіка.
Каб атрымаць пацверджанне пра тое, што сына больш няма ў жывых, жанчыне давялося прыкласці нямала намаганняў. Стаўленне беларускіх чыноўнікаў да бацькоў, у якіх расстралялі сына, інакш як здзекам не назавеш. Прысуд выканалі, а паведаміць бацькам не лічаць патрэбным.
31 траўня Святлана Жук наведала Міністэрства ўнутраных справаў, паколькі так і не дачакалася адказу на свой запыт на імя міністра, накіраваны яшчэ 6 красавіка. Яна прасіла пацвердзіць факт расстрэлу сына, паведаміць дату і месца захавання, а таксама патлумачыць прычыны такога хуткага выканання смяротнага прысуду.
Са словаў Святланы Міхайлаўны, у МУС ёй ніхто так і не змог патлумачыць сваё маўчанне, але за такога кшталту інфармацыяй яе накіравалі ў Вярхоўны Суд. Калі Святлана Жук прыйшла ў Вярхоўны Суд, адтуль яе перанакіравалі ў суд першай інстанцыі - Менскі абласны, дзе выносіўся смяроотны прысуд. Аблсуд, у сваю чаргу, накіраваў у ЗАГС па месцы рэгістрацыі для атрымання пасведчання пра смерць, так і не патлумачыўшы, чаму больш за два месяцы бацькам афіцыйна не паведамілі пра выкананне прысуду ў дачыненні да іх сына.
- Мы так і меркавалі, што Андрэя расстралялі 18 сакавіка, але афіцыйна нам пра гэта ніхто не паведаміў, не даслалі ніякіх папераў. Да гэтага часу Андрэй быў прапісаны ў нашай кватэры, камунальныя плацяжы прыходзяць з разлікам на яго. На мясцовых выбарах 25 красавіка ён яшчэ быў у спісах выбаршчыкаў, - распавядае Святлана Міхайлаўна.
Жанчына зазначае, што спадзяванне на тое, што сын яшчэ жывы, было - нават нягледзячы на тое, што начальнік турмы на словах пацвердзіў выкананне прысуду яшчэ 22 сакавіка.
- Як маці я да гэтага часу не магу паверыць у тое, што адбылося, што яго ўжо няма. Страшна нават уявіць, як гэта адбывалася, як яго вялі на расстрэл… Я шмат чытала пра выкананне прысудаў у Беларусі і іншых постсавецкіх краінах, як гэта адбывалася ў савецкія часы. Страшна… Страшна ад таго, што не вядома, дзе пахаваны мой сын. Страшна, што не выдаюць цела. Крыўдна, што не змаглі развітацца, не змагла апошні раз абняць свайго сына… На апошнім спатканні, 4 сакавіка, у мяне нават і не было думкі пра расстрэл. Я верыла, што выкананне такога страшнага прысуду прыпынена. А ён, Андрэй, нібыта адчуваў нешта, пытаўся пра выкананне. Я яму казала, каб нават не думаў пра гэта. Мы спадзяваліся, што зварот у Камітэт па правах чалавека ААН прыпыніць выкананне прысуду, мы верылі, што ёсць яшчэ міжнародны механізм абароны правоў чалавека, што ён дзейсны, але…
“Пададзеная скарга ў Камітэт па правах чалавека ўжо прыпыніла выкананне прысуду (у дачыненне да мяне і Васі) ці яшчэ чакаецца адказ? Маці мне і піша і распавядае пра гэта, але ж я яе дзіця. Можа, яна проста супакойвае мяне? Не варта хвалявацца, калі пішаш пра смяротнае пакаранне і ўсё, што з ім звязана. Гэта мая бытнасць, а рабіць выгляд, быццам нічога не адбываецца - гэта не пра мяне. І нават пры рэальным поглядзе на рэчы я застаюся аптымістам ...”, – пісаў з Менскага СІЗА Андрэй Жук у лісце да Ірыны Тоўсцік, каардынатара кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”, не ведаючы, што жыць яму ўжо заставалася менш за месяц.
- Пасля таго як начальнік турмы пацвердзіў, што прысуд выкананы, мы зладзілі памінкі. Зрабілі магілку ў вёсцы, куды б можна было прыйсці, памянуць сына. Падхавалі туды рэчы Андрэя, каб магілка хоць неяк атаясамлівалася з ім. Мне ж не вярнулі нават яго асабістыя рэчы, але сказалі, што я магу напісаць заяву на іх атрыманне. Я напісала, але не ведаю, ці аддадуць. Вельмі складана ў нашай краіне дабіцца праўды. Думаю, што, калі б я сама не пайшла ў МУС, то так бы і не атрымала гэтае пасведчанне пра смерць, - кажа Святлана Міхайлаўна.
Зараз пра сына ёй штодзень нагадваюць двое яго дзяцей.
- Дагэтуль партрэт Андрэя стаіць у нас з чорнай стужкай. Яго васьмігадовы сын часта стаіць перад ім і маўчыць. Пра што ён думае ў гэты час, не ведаю…
У апошнія месяцы свайго жыцця Андрэй Жук таксама думаў пра сваіх дзяцей і родных, пра што казаў у тым жа лісце:
“Вось ты просіш распавесці, што я змяніў бы ў сваім жыцці, калі б апынуўся на волі. Сказаць «шмат» - роўна нічога не сказаць. Адно ведаю дакладна: прысвяціў бы сябе сваім дзецям, каханай і бацькам, а таксама лепшаму сябру і брату ў адной асобе. Сям'я - гэта корань, ад гэтага і трэба зыходзіць. Тады і сітуацый такіх не было б. Калі б я загадзя ўзважыў усе «за» і «супраць», але не з разліку «грошы, я, сябры», а думаў бы выключна пра тое, што калі раптам ... што будзе з імі, з маімі любымі і дарагімі мне людзьмі ... Наўрад ці б я тут апынуўся. Але ў тым жа ўся і справа, што «б» ... Сам вінаваты ...”.
Нагадаем, Андрэй Жук і Васіль Юзэпчук былі расстраляныя згодна з вынесенымі ім смяротнымі прысудамі, але ў парушэнне міжнародных нормаў у галіне правоў чалавека. Прысуды былі прыведзеныя ў выкананне насуперак патрабаванням Камітэта па правах чалавека ААН, дзе былі зарэгістраваныя індывідуальныя звароты, накіраваныя ад імя Андрэя Жука і Васіля Юзэпчука. Камітэт накіроўваў уладам Беларусі вербальную ноту з патрабаваннем не выконваць прысуды да разгляду скаргаў па сутнасці.