Чаму большасьць беларусащ – ЗА сьмяротнае пакараньне?

Алена Макоўская, старшыня Рады ЗБС “Бацькаўшчына”:
“АД НЕМАГЧЫМАСЦІ САМАРЭАЛІЗАЦЫІ”
Гэта нагадвае пра сябе назапашаная незадаволенасць жыццём. Немагчымасць самарэалізацыі. А паколькі чалавеку неабходна неяк рэалізоўвацца, дык гэтая немагчымасць выяўляецца праз такія формы.

Яўген, прадпрымальнік:
“ГЭТА ВЫНІК ПРАВАСЛАЎНАГА ВЫХАВАННЯ”
Для беларусаў уласціва патрыярхальнае разуменне справядлівасці. Старазапаветнае. На ўзроўні – вока за вока, нос за нос. Яно больш зразумелае, чым хрысціянскае. “Не судзі ды не судзімы будзеш”. І каштоўнасць чалавечага жыцця для беларусаў меншая, чым такая справядлівасць. Не таму, што яны крыважэрныя. А таму, што праўда павінна быць простая і ясная. Пануючая праваслаўная традыцыя не прышчапіла ім хрысціянскага разумення справядлівасці. І ўхваленне смяротнай кары – гэта вынік праваслаўнага выхавання большасці беларусаў. Нават калі яны праваслаўныя атэісты. А ўсё тое, што мы называем універсальнымі каштоўнасцямі, у тым ліку, адмена смяротнай кары, – гэта каштоўнасці пратэстанцкія. У Беларусі яны не прыжыліся. Разам з грамадзянскай супольнасцю, разам з індывідуалізмам, як адказнасцю ў прыняцці рашэнняў, разам з правамі чалавека. Пратэстанцкія каштоўнасці арганічна не ўласцівыя беларусам.

Юры Залоска, праваслаўны святар:
“ГЭТА СУСВЕТНАЯ ТЭНДЭНЦЫЯ”
Ведаеце, усё ж не ўсе беларусы выступаюць за смяротнае пакаранне. А толькі частка. Хай і значная. Але рэакцыя беларусаў не з’яўляецца ў гэтым пытанні арыгінальнай, адмысловай. Бо ў кожнай краіне свету ёсць такая частка людзей, якія кажуць “так” смяротнай кары. Магчыма, гэта пачуццё справядлівасці. Магчыма, жаданне помсты на адрас злачынцаў. Але гэта сусветная тэндэнцыя. І наша грамадства ўпісваецца ў гэтую тэндэнцыю.

Тацяна, хатняя гаспадыня:
“АД БЯССІЛЛЯ”
Падтрымліваць смяротную кару – гэта ўдзел слабых. Нацыя наша слабая. І ад свайго бяссілля, ад немагчымасці інакш уплываць на сітуацыю, на гэтых людзей, ідзе зрыў. Расстрэл – гэта не вырашэнне праблемы, ні для грамадства, ні для будучых злачынцаў. Смяротная кара не дае магчымасці ўсведамлення свайго злачынства. Калі забіваюць забойцу, грамадства таксама вінаватае. А смяротная кара не дае магчымасці пакаяння і грамадству. Забіць лягчэй, чым займацца праблемай злачынцаў.

Марына Коктыш, журналістка:
“ХОЧАЦЦА ПРЫСТРЭЛІЦЬ НЕКАТОРЫХ ЧЫНОЎНІКАЎ”
Я сама за тое, каб смяротная кара была адмененая. Але часам мне, калі асабіста сутыкаюся з некаторымі беларускімі чыноўнікамі, нягледзячы на тое, што я за адмену смяротнай кары, мне самой хочацца іх прыстрэліць. Я думаю, што падобныя пачуцці перажывае большасць беларусаў.

Сяргей, лекар:
“АД АЗЛОБЛЕНАСЦІ НА СВОЙ ЛЁС”
Гэта ідзе ад азлобленасці на свой убогі лёс. Маўляў, калі мне такому класнаму і працавітаму так хранова жывецца, дык чаму нейкі маньяк-забойца павінен жыць? Хай яго расстраляюць, павесяць ці ўтопяць.

Адам Глобус, пісьменнік:
“НЯПРАВІЛЬНАЕ ПЫТАННЕ”
Таму, што пытанне сацыёлагі няправільна задаюць. Калі пытанне задаваць правільна і разгорнута, вынік быў бы зусім іншы. “Ці хацелі б Вы, каб Ваш сваяк трапіў пад гільятыну?” “Ці хацелі б Вы, каб Вашы ўнукі жылі ў дзяржаве, дзе людзей садзяць на электрычнае крэсла?” Гэта, пагадзіцеся, не тое самае, што спытаць “Ці хацелі б Вы жыць у Амерыцы?” І сацыялогія займаецца эквілібрыстыкай з пытаннямі. “Ці мае права чалавек забіраць жыццё ў іншага чалавека?” Я думаю, на такое пытанне працэнтаў 90 людзей дало б адмоўны адказ.

Апытаньне тыдня

Айцец Сіяон, настаяцель царквы вёскі Васькаўка, Мазыршчына:
“ГЭТА НЕШТА ПАГАНСКАЕ”
Такі наш менталітэт. Гэта закладзена ў нашых генах, у нашай падсвядомасці. Наша гісторыя зрабіла нас такімі. Мы да гэтага яшчэ не дараслі. Нас Гасподзь стварыў людзьмі свабоднымі. І права на памылку ў нас ёсць, мы не можам не рабіць памылак. Недзе глыбока ў нас нешта паганскае трымаецца. Наша свядомасць пакуль не дарасла да адмены смяротнага пакарання.

Валянцін Акудовіч, філосаф:
“БЕЛАРУСЫ НЕ ДАЮЦЬ ВЕРЫ БОГУ”
Па-першае, таму, што для большасці беларусаў жыццё – яшчэ толькі інстынкт жыцця, а не каштоўнасць. Па-другое, таму, што апошняе стагоддзе на вачах беларусаў было забіта некалькі мільёнаў ні ў чым не вінаватых суайчыннікаў. А калі жыццё невінаватага нічога не каштуе, дык чаму павінен заставацца ў жывых забойца? І па-трэцяе. Таму, што беларусы, нават калі і вераць у Бога, дык усё роўна не даюць яму веры. Гэта значыць, яны не вераць, што Бог пакарае злачынцу ў той жорсткай меры, якую гэты злачынца заслугоўвае.

Віталь Тарас, журналіст:
“ДЗЯРЖАВА – ГЭТА МЫ”
Не існуе рацыянальных доказаў у падтрымку смяротнага пакарання. Таксама, як не існуе рацыянальных доказаў супраць. Ёсць доказы ірацыянальныя – напрыклад, рэлігійныя. Хоць у розных канфесіяў да пакарання смерцю ставяцца па-рознаму. Каталіцкая царква супраць, праваслаўная ў асноўным за. А ў Савудаўскай Аравіі згодна з Каранам рубяць галовы, рукі і іншыя часткі цела. Такая традыцыя. Часцей за ўсё, у сваім стаўленні да смяротнага пакарання мы кіруемся эмоцыямі. І гэта натуральна. Калі мы даведваемся, што нейкі маньяк забіў некалькі дзяўчынак ці хлопчыкаў, нам хочацца крычаць: забіць гадзіну! Паведамленні пра сексуальных маньякаў і “простых” забойцаў мы чуем штодня, і нам становіцца страшна. Але нам чамусьці не хапае фантазіі ўявіць сябе на месцы... ката. Прапануй каму-небудзь зарэзаць курыцу, не тое што чалавека – ён, хутчэй за ўсё, адмовіцца. Але ж існуе цэлая дзяржаўная інстытуцыя смяротнага пакарання. Ходзіць на працу чалавек, атрымлівае грошы, адпачынак, пенсію. За тое, што страляе асуджаным на смерць у патыліцу. Ён не ман’як, гэта яго прафесія. Запатрабаваная дзяржавай і грамадствам. Гітлер, як вядома, асабіста не забіў ніводнага чалавека (акрамя як на 1-й сусветнай вайне, ды й то – невядома). Дзяржава (Райх) вышэй за ўсё. Ад імя дзяржавы можна забіваць дзясяткамі, сотнямі, як цяпер у Кітаі, нават мільёнамі. Гэта ўсяго толькі статыстыка, якая, быццам бы, не мае да нас дачынення. Але ж, перафразуючы французскага караля, скажам: дзяржава – гэта мы.

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны