Што стрымлівае ўлады Беларусі ад прыняцьця станоўчага рашэньня па праблеме адмены сьмяротнага пакараньня?

Кіраўніцтва Беларусі дэманстратыўна не жадае рабіць крокі насустрач Еўропе ў пытаньні адмены сьмяротнага пакараньня ці ўвядзеньня мараторыя на яго выкананьне. Пры гэтым, вышэйшыя чыноўнікі неаднаразова заяўлялі, што час нібыта сасьпеў, аднак замест кроку наперад робіцца два назад. Чаму? Каб падкрэсліць сваю непахіснасьць, цьвердасьць у прыманьні ўласных рашэньняў, а не з улікам аказваемага ціску.

Ахвяры і злачынцы 

1 чэрвеня ў ЗАГСе Салігорска маці расстралянага Андрэя Жука Святлане Жук выдалі пасьведчаньне пра сьмерць сына. Пазначаная дата – 18 сакавіка, у графе “прычына сьмерці” – прочырк. Каб атрымаць афіцыйную інфармацыю пра выкананьне сьмяротнага прысуду, жанчыне прыйшлося доўгі час абіваць парогі розных дзяржустановаў, ды безвынікова.

Сьвятлана Міхайлаўна так і не дачакалася адказу з МУС на свой запыт на імя міністра, накіраваны яшчэ напачатку красавіка. Яна прасіла пацьвердзіць факт расстрэлу сына, паведаміць дату і месца пахаваньня, а таксама патлумачыць прычыны прывядзеньня ў выкананьне сьмяротнага прысуду насуперак патрабаваньням Камітэту ААН па правах чалавека. Але што яны ёй адкажуць – усё зьдзейсьнена згодна з заканадаўствам?! Не, бо і нацыянальнае, і міжнароднае заканадаўства Рэспубліка Беларусь у дадзеным выпадку парушыла. Папросяць прабачэньня? Такое і ўявіць сабе цяжка! Прасьцей маўчаць…альбо пераводзіць стрэлкі з аднаго ведамства на другое. Выключная мера пакараньня, ахвярай якой сталі Андрэй Жук разам з Васілём Юзэпчуком, разыграная ў вялікай палітычнай гульні. Таксама сьмяротнае пакараньне тут выступае як дэманстрацыя жорсткасьці і справядлівасьці дзяржавы.

“Я шмат чытала пра выкананьне прысудаў у Беларусі і іншых постсавецкіх краінах, як гэта адбывалася ў савецкія часы. Страшна… што невядома, дзе пахаваны мой сын, што не выдаюць цела… крыўдна, што не змагла развітацца, абняць яго ў апошні раз…”, - гэта словы маці, сын якой зьдзейсьніў злачынства. Але дзяржава пакарала не толькі Андрэя Жука, дзяржава таксама пакарала і яго родных, не даўшы магчымасьці правесьці ў апошні шлях блізкага ім чалавека.

Тая сакрэтнасьць, якая створана вакол вынясеньня сьмяротных прысудаў і іх выкананьня, супярэчыць здароваму сэнсу. Уся афіцыйная інфармацыі з’яўляецца недаступнай. На гэтую акалічнасьць асабліва зьвяртаюць увагу прадстаўнікі міжнароднай праваабарончай арганізацыі Amnesty International. “Адна з праблемаў – гэта менавіта пакуты, якія сьмяротная кара прыносіць сваякам вязьняў. Паводле рашэньня КПЧ ААН, прынятага ў 1999 годзе, сакрэтнасьць, якой акутана сьмяротнае пакараньне ў Беларусі, на самой справе, у дачыненьні да сваякоў прыроўніваецца да катаваньняў.  Яны не могуць разьвітацца з родным чалавекам, не атрымаюць яго цела і нават яго рэчы, не будуць ведаць, дзе ён пахаваны”, – адзначае эксьперт па Беларусі Хэза Макгіл.

Прадстаўнікі кампаніі “Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня”, якая праводзіцца ў Беларусі з 2009 году, у сваю чаргу 12 траўня зьвярнуліся з адпаведнымі запытамі пра колькасьць вынесеных і выкананых сьмяротных прысудаў з 1990 па 2009 год да міністра унутраных справаў, Генеральнага пракурора і Старшыні Вярхоўнага Суду.  “Пералічаныя дзяржустановы адказалі, што не могуць прадставіць такія зьвесткі і параілі зьвярнуцца ў Міністэрства юстыцыі. Мы накіравалі запыт у Мінюст, але адказу пакуль не атрымалі”, - распавяла каардынатар кампаніі Ірына Тоўсцік.

Інфармацыйная кампанія БелаПАН напрыканцы траўня агучыла колькасьць выкананых у Беларусі з 1985 году сьмяротных прысудаў – 299. У сваіх падліках журналісты кіраваліся інфармацыяй, здабытай уласнымі намаганьнямі, а таксама зьвесткамі Amnesty International.

Прычапным вагонам

Фактычна на пачатку сваёй незалежнасьці беларуская дзяржава пераклала адказнасьць за вырашэньне праблемы сьмяротнага пакараньня на народныя плечы. Пытаньне “Ці падтрымліваеце Вы адмену сьмяротнай кары ў Рэспубліцы Беларусь?” Аляксандр Рыгоравіч вынес на рэферэндум 1996 году.

Між тым, пад час рэферэндуму грамадзянам краіны прапаноўвалася адказаць на 7 (!) пытаньняў. З улікам складанасьці фармулёвак, узроўнем прававой культуры і інфармаванасьці насельніцтва некаторыя з пытаньняў падаваліся дастаткова складанымі. І навошта ўвогуле было пытацца ў бабулек (і не толькі бабулек, але больш нікога крыўдзіць не буду): “Ці згодны Вы, што фінансаваньне ўсіх галінаў улады мусіць ажыцьцяўляцца галосна і толькі з дзяржаўнага бюджэту?” А дзеля таго, каб задурыць мазгі і прыняць новую рэдакцыю Канстытуцыі, якая надавала неабмежаваную ўладу прэзідэнту Беларусі. Гэта, насамрэч, было тады галоўным! Так яно і атрымалася.

Па заключэньню БХК рэфэрэндум быў праведзены са шматлікі парушэньнямі, якія не дазвалялі лічыць яго легітымным, а вынікі сапраўднымі. “9 лістапада 1996 г., г.зн. за два тыдня да рэферэндуму, пачалося народнае галасаваньне без апублікаваньня канчатковых тэкстаў зьменаў і дадаткаў да Канстытуцыі. І толькі 12-га лістапада выйшаў чатырохмільённым накладам прэзідэнцкі праект Канстытуцыі. Альтэрнатыўны праект Канстытуцыі, вынесены на рэферэндум депутатамі Вярхоўнага Савету, быў апублікаваны толькі 21 лістапада і азнаёміцца з ім выбаршчыкі практычна не мелі магчымасьці”.

Што ж тычыцца пытаньня сьмяротнага пакараньня, то выносіць яго на рэферэндум увогуле недарэчна – гэта мусіць быць воля дзяржавы. Як вядома, іншыя краіны Еўрасаюзу кіраваліся менавіта такім прынцыпам, бо людзьмі кіруюць у першую чаргу ўсё ж пачуцьці, эмоцыі.

“Ні ў адной краіне сьвету сьмяротнае пакараньне не было ўведзена па выніках рэферэндуму. Гэта вельмі дзіўна. І ўвогуле немагчыма ў гэтым пытаньні спасылацца толькі на меркаваньне людзей. Людзі часта абараняюць сьмяротнае пакараньне, таму што ў іх існуе памылковае ўяўленьне аб тым, што гэта самы просты спосаб змагацца са злачыннасьцю. Але пакараньне сьмерцю ў краіне толькі спрыяе жорсткасьці паміж людзьмі, таму што гэта ўзаконеная помста. А ўрад павінен дзейнічаць не з помсты, а з правасудзьдзя”, – упэўнена прадстаўніца міжнароднай праваабарончай арганізацыі Amnesty International, эксьперт па Беларусі Хэза Макгіл.

Амбасадар Францыі ў Рэспубліцы Беларусь Мішэль Рэнеры выказаў меркаваньне, што рэферэндум не зьяўляецца вышэйшым выражэньнем дэмакратыі. “Бо вельмі многія тэмы з тых, што выносяцца на рэферэндум, занадта маштабныя і складаныя, каб звычайны грамадзянін быў дастаткова дасьведчаны і меў свой пункт гледжаньня, які можна было б выказаць падчас рэферэндуму”.

Сп. Рэнеры згодны з тым, што рэакцыяй чалавека, які згубіў свайго роднага ці блізкага, можа быць жаданьне адпомсьціць. “Аднак гэта зусім не прычына дзеля таго, каб помста стала легальнай нормай у сучаснай заканадаўчай сістэме. Парламентары дзеля таго і абіраюцца, каб цьвяроза прааналізаваць сітуацыю і дазволіць закону ўзяць вяршыньства над эмоцыямі. Менавіта па гэтай прычыне ў Францыі падобнага роду пытаньні разглядае парламент на рэгулярных паседжаньнях на працягу году,” – сьцьвярджае амбасадар. 

Рулявы выбірае іншы накірунак

Насамрэч, беларускія ўлады ўсё добра разумеюць, але гавораць адно і тое ж: сьмяротнае пакараньне – мера часовая і ў персьпектыве будзе адменена. Яны робяць выгляд, што вывучаюць “шматбаковую і надзвычай складаную” праблему, вырашэньне якой залежыць ад розных фактараў – эканамiчных, палiтычных умоваў, крымiнагеннай сiтуацыi, духоўна-маральнага і рэлiгiйнага асьпектаў.

У 2002 годзе напярэдадні правядзеньня парламенцкiх слуханьняў на тэму «Палiтыка-прававыя праблемы адмены сьмяротнага пакараньня ў Рэспублiцы Беларусь» у газеце “Звязда” дукавалася інтервію з намесьнiкам Старшыні Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь Уладзiмiрам Канаплёвым. Ён яшчэ тады зазначыў, што зьнешнепалiтычны асьпект праблемы (адмена сьмяротнага пакараньня як адна з умоваў уступленьня дзяржавы ў Савет Еўропы) не можа i не павiнен быць рашаючым пры вызначэньнi пазiцыi па гэтаму пытаньню.

Сп. Канаплёў ведаў, што нават у такой краiне як Францыя выкарыстаньне сьмяротнага пакараньня было забаронена валявым рашэньнем прэзiдэнта Мiтэрана, у той час як большасьць насельнiцтва выказалася за яго захаваньне. “Можна не сумнявацца, што сьмяротнае пакараньне ў персьпектыве будзе адменена ў Беларусi. Аднак гэта трэба зрабiць так, каб у далейшым аб гэтым не шкадаваць, – канстатаваў сп. Канаплёў.

І вось ўжо каторы год цягнецца валакіта. Прынцыповая пазіцыя Захаду не знаходзіць водгуку ў беларускага кіраўніцтва. Патрабаваньне далучыцца да адмены сьмяротнай кары сьледам за іншымі народамі Еўропы прагучала ў лістападзе 2006 году як адна з 12 умоваў ЕС. Летам 2009 году Парламенцкая Асамблея Савета Еўропы прыняла рашэньне вярнуць Беларусі статус сьпецзапрошанага, прыпынены з 1997 году, толькі пасля ўвядзеньня мараторыя на сьмяротнае пакараньне. Акрамя гэтага ўвядзеньне мараторыя зьяўляецца адной з умоваў адмены візвых санкцыяў у дачыненьні да высокіх беларускіх чыноўнікаў, якія ЕС працягнуў да кастрычніка 2010 году.

Тым часам у адказ гучаць усё тыя ж словы – вывучаем, дасьледуем і г.д., ніякіх рэальных крокаў няма, акрамя стварэньня летась рабочай парламенцкай групы па вывучэньню магчымасьці ўвядзеньня мараторыя на сьмяротнае пакараньне. Вынікі яе працы грамадзкасьці невядомыя. Старшыня камісіі па заканадаўству і судова-прававым пытаньням Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Мікалай Самасейка заявіў, што пры пры прыняцьці рашэньня, зьвязанага з выкарыстаньнем сьмяротнай кары, павінны ўлічвацца ўсе фактары: палітычная воля, міжнародныя дамовы, грамадзкая думка. "Меркаваньне Еўрасаюзу будзе ўлічвацца, але не стане вызначальным", - падкрэсьліў ён.

Хіба нельга было за столькі гадоў вывучыць праблематыку, міжнародную практыку і г.д.? Вядома, можна, калі б была адмашка самага галоўнага прыхільніка захаваньня выключнай меры пакараньня. Але Лукашэнка так апроста не здаецца! І мае на гэта свае прычыны – ён не жадае  рабіць яўных саступак, па-першае, і чакае зручнага моманту, па-другое.

Упартае нежаданьне ўраду Беларусі вырашыць праблему сьмяротнага пакараньня кіраўнік Праваабарончага цэнтру “Вясна”, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека (FIDH) Алесь Бяляцкі зьвязвае з ідэалагічнымі перакананьямі і псіхалагічнымі асаблівасьцямі прэзідэнта краіны. На думку праваабаронцы, акрамя фактару повязі з рэферэндумам 1996 году, дзе сьмяротнае пакараньне было "прычэпным вагончыкам, які фактычна завуаляваў больш істотныя для беларускіх уладаў пытаньні", у дадзенай сітуацыі на першы план выходзяць не рацыянальныя  тлумачэньні, а больш са сьферы ідэалогіі, са сьферы асабістых прыхільнасьцяў і пачуцьцяў кіраўніка дзяржавы.

“Мне падаецца, што сёньняшнее кіраўніцтва Беларусі бачыць у адмене сьмяротнага пакараньня больш страту ідэалагічнага парадку, бо яно ўвайшло ў пералік такіх пэўных ідэалагемаў, якія паказваюць людзям фармат гэтай улады і фармат адносінаў да злачынстваў. Гэта такі ясны пасыл, зразумелы для простых людзей, што мы жорстка змагаемся са злачынцамі і мы не дадзім ім ніякага дараваньня. Пасыл, які пайшоў, мабыць, яшчэ са сталінскіх часоў. Гэтае шырокамаштабнае змаганьне з ворагамі народу зараз, у рэшце рэшт, перайшло ў змаганьне са злачынцамі, але тым ня менш сувязь для мяне тут відавочная. Адным словам,  – рэзюміраваў Алесь Бяляцкі – гэтая ідэалагема знаходзіцца ў базе прыярытэтаў сёньняшняй улады нараўне з чырвона-зялёным сьцягам, гімнам, савецкімі назвамі вуліц, таму Лукашэнку так цяжка адмовіцца ад сьмяротнага пакараньня”.

Лідэр АГП Анатоль Лябедзька лічыць, што беларускія ўлады хочуць, каб перад імі ніхто ніколі ня ставіў ніякіх пытаньняў. “Ня хочуць браць на сябе ніякіх абавязкаў. Хочуць нешта атрымліваць, а ўзамен не даваць нічога. Фактар, хутчэй за ўсё, псіхалагічны – ня хоча Лукашэнка пераходзіць бар’ер, які ён не пераходзіў 15 гадоў”, – мяркуе апазіцыйны палітык.

Палітолаг, аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (BISS) Дзяніс Мельянцоў мяркуе, што беларускі бок не жадае рабіць саступку ў гэтам пытаньні, бо асьцерагаецца, што такі крок будзе ўспрыняты ў Брусэлі і іншых заходніх палітычных цэнтрах як слабасьць, і яшчэ горш, калі гэтак будзе думаць беларускі электарат і беларуская наменклатура”. Да таго ж, на думку аналітыка, паўнавартаснае сяброўства ў Савеце Еўропы не зьяўляецца прыярытэтам і жаданай мэтай беларускіх уладаў, а дзеля атрыманьня статусу сьпецыяльна запрошанага адмена сьмяротнага пакараньня ўспрымаецца кіраўніцтвам краіны як занадта вялікая саступка. “Тым больш, што паляпшэньне іміджу краіны ўжо пасьпяхова рэалізавана праз іншыя інструменты – Ўсходняе партнёрства і дыялог з ЕС у цэлым. – адзначае Мельянцоў. –  Таму сьмяротнае пакараньне, як важнае для еўрапейскага гарамадзкага меркаваньня пытаньне, застаецца  тым "таварам", які можна будзе больш выгодна "прадаць" у больш спрыяльнай для беларускага кіраўніцтва сітуацыі”.

 

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны