Смяротнае пакаранне. У пошуках афіцыйнай статыстыкі. Працяг
Нарэшце праваабаронцы атрымалі адказ з Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь на запыт аб колькасці вынесеных і выкананых смяротных прысудаў з 1990 па 2009 год.
Пра выкананыя смяротныя прысуды Міністэрства юстыцыі інфармацыю не прадаставіла. Міністэрства юстыцыі абмежавалася толькі інфармацыяй пра колькасць асуджаных да смяротнага пакарання (па прысудах, якія ўступілі ў законную сілу):
1990 год - 20 асобаў
1991 – 21 асоба
1992 – 24 асобы
1993 – 20 асобаў
1994 – 24 асобы
1995 – 37 асобаў
1996 – 29 асобаў
1997 – 46 асобаў
1998 – 47 асобаў
1999 – 13 асобаў
2000 – 4 асобы
2001 – 7 асобаў
2002 – 4 асобы
2003 – 4 асобы
2004 – 2 асобы
2005 – 2 асобы
2006 – 9 асобаў
2007 – 4 асобы
2008 – 2 асобы
2009 – 2 асобы
Так, па агульных падліках атрымліваецца, што з 1990 па 2009 год да смяротнага пакарання ў Беларусі быў асуджаны 321 чалавек.
У адказе на запыт каардынатара кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” Ірыны Тоўсцік за подпісам начальніка кіравання арганізацыі і аналітычнага забеспячэння дзейнасці судовых органаў Л.А.Мяльгуй напісана:
“Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь не валодае дадзенымі пра разгляд спраў з прызначэннем пакарання ў выглядзе смяротнага пакарання ў касацыйным парадку і парадку нагляду, а таксама ў частцы выканання прысудаў і памілавання асобаў, асуджаных да смяротнага пакарання. Функцыі ў сферы выканання і адбыцця пакарання ажыццяўляе Дэпартамент выкананння пакаранняў Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь”.
Нагадаем, што праваабаронцы ў межах кампаніі супраць смяротнага пакарання ў Беларусі ўжо звярталіся з аналагічнымі зваротамі ў Міністэрства ўнутраных спраў, у Вярхоўны суд і Генеральную пракуратуру. Усе пералічаныя органы ў сваіх адказах спасылаліся адзін на аднаго ў агалошванні афіцыйнай статыстыкі.
“Я лічу, што нашае грамадства мусіць ведаць афіцыйную статыстыку як па вынесеных прысудах, так і па выкананых. Зацверджаны Указам прэзідэнта РБ № 186 ад 12.04.2004 года “пералік звестак, што складаюць дзяржаўную таямніцу Рэспублікі Беларусь”, згадак пра смяротнае пакаранне не мае. Таму інфармацыя мусіць быць агучаная”, – пракаментаваў юрыст ПЦ “Вясна” Валянцін Стэфановіч.