Далучыцца да петыцыі за адмену сьмяротнага пакараньня можа кожны

2007 год стаў гістарычнай вехай у накірунку змаганьня за адмену сьмяротнага пакараньня ва ўсім сьвеце: 15 лістапада Трэці камітэт ААН (сацыяльныя, гуманітарныя пытаньні і пытаньні культуры) прыняў Рэзалюцыю, якая заклікала нацыі ўвесьці мараторый на сьмяротнае пакараньне. Ніколі раней абмеркаваньне дадзенага пытаньня ў межах Трэцяга камітэту, дзе права голасу маюць усе краіны-ўдзельніцы ААН, не прыводзіла да прыняцьцья Рэзалюцыі з-за рознасьці поглядаў дзяржаваў і розных прававых сістэмаў.

У Рэзалюцыі ўказваецца, што “ўжываньне сьмяротнага пакараньня падрывае чалавечую годнасьць” і выказваецца перакананасьць у тым, “што мараторый на ўжываньне сьмяртнага пакараньня спрыяе больш поўнаму выкананьню і прагрэсіўнаму разьвіцьцю правоў чалавека, што няма ніякіх пераканаўчых доказаў таго, што сьмяротнае пакараньне зьяўляецца фактарам стрымліваньня, і што любыя памылкі ці недахопы сістэмы правасудзьдзя ў справе ўжываньня сьмяротнага пакараньня маюць незваротны і непапраўны характар”. Рэзалюцыя заклікала ўсе дзяржавы, у якіх яшчэ захоўваецца сьмяротнае пакараньне, паступова абмяжоўваць іх ўжываньне і скарачаць колькасьць злачынстваў, за якія яно можа быць вынесенае, а таксама “ўвесьці мараторы на прывядзеньне сьмяротных прысудаў у выкананьне ў мэтах адмены сьмяротнага пакараньня”.

Рэзалюцыя была падрыхтаваная па ініцыятыве Еўрапейскага Саюзу і ўнесена да разгляду ад імя 74 дзяржаваў. Дакумент быў прыняты большасьцю галасоў ва ўмовах напружаных дыскусіяў і супрацьстаяньня. Вынікі галасаваньня: 99 краінаў – “за”, 52 – “супраць” і 33 – “устрымаліся”. Найбольш актыўна супраць Рэзалюцыі выступалі Кітай, Ірак, Іран і ЗША (падаўляючая большасьць сьмяротных пакараньняў прыходзяцца якраз на гэтыя краіны). Беларусь падчас галасаваньня ўстрымалася.

Яшчэ адной важнай падзеяй на міжнародным узроўні стала абвяшчэньне Радай Еўропы Еўрапейскага дня барацьбы супраць сьмяротнага пакараньня. Гэтае рашэньне РЕ назвала еўрапейскім унёскам у Сусьветны дзень супраць сьмяротнага пакараньня, які адзначаецца кожны год 10 кастрычніка.

Напачатку 2009 году беларускія праваабаронцы распачалі кампанію "Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня", мэтай якой ёсьць спыненьне сьмяротнай кары ў краіне і далучэньне Беларусі да агульнаеўрапейскіх каштоўнасьцяў.

Прадстаўнікі праваабарончай супольнасьці краіны падрыхтавалі адпаведную петыцыю. Гэты зварот за подпісамі вядомых беларускіх дзеячоў і праваабаронцаў 10 сьнежня 2009 году, у Міжнародны дзень правоў чалавека, быў перададзены ў Адміністрацыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і Парламент. Зараз збор подпісаў працягваецца і кожны грамадзянін Беларусі можа далучыцца да петыцыі. Ініцыятары кампаніі спадзяюцца, што ўлады Беларусі пяройдуць да рашучых дзеяньняў, накіраваных на спыненьне выкананьня сьмяротных прысудаў.

Далучыцца да кампаніі і паставіць свой подпіс пад петыцыяй можа кожны.

 

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны