Прадстаўнікі “Міжнароднай Амністыі” ў рамках праграмы супраць смяротнага пакарання наведалі Гродна
Прадстаўнікі праваабарончай арганізацыі "Міжнародная амністыя" Хэза Макгіл ды Айша Юнг наведалі Гродна ў рамках праграмы змагання супраць практыкі смяротных пакаранняў злачынцаў.
Хэза Макгіл, лічыць, што гэтай акцыяй яны здолеюць зрушыць разуменне ўладаў пра неабходнасць адмены смяротнага пакарання ў адзінай краіне Еўропы, дзе гэта практыкуецца:
- Мы прыехалі, каб тут распачаць нашую кампанію супраць смяротнага пакарання ў Беларусі. Вельмі важна, каб розныя групоўкі ў грамадстве пачалі казаць пра смяротнае пакаранне, таму што гэта адзіны спосаб, каб развіваць грамадскую думку супраць смяротнага пакарання.
У рамках знаходжання прадстаўнікоў праваабарончай арганізацыі адбыліся сустрэчы з бацькамі асуджаных на смерць, а таксама з прадстаўнікамі розных няўрадавых арганізацыі, прадстаўнікамі праваслаўнай Царквы.
Паштоўкі, якія падрыхтаваны непасрэдна Аляксандру Лукашэнку ад імя арганізацыі, будуць дасланы цягам бліжэйшага часу сябрамі “Міжнароднай амністыі”.