Праваабаронца Раман Кісьляк зьвярнуўся ў МЗС ў пытаньні сьмяротнай кары
Праваабаронца Раман Кісьляк зьвярнуўся ў міністэрства замежных спраў з заявай аб прывядзеньні крымінальна-выканаўчага кодэксу ў адпаведнасьць зь Міжнародным пактам грамадзянскіх і палітычных правоў для ўзнаўленьня правоў родных тых людзей, якія пакараныя сьмерцю ў Беларусі.
Як адзначае праваабаронца, менавіта МЗС — орган, які кантралюе выкананьне міжнародных дамоваў:
«Я спадзяюся, што менавіта МЗС паставіць перад Саветам міністраў і іншымі органамі, якія валодаюць заканадаўчай ініцыятывай, пытаньне пра ўнясеньне законапраекту аб зьмене артыкулу 175 з тым, каб кодэкс у новай рэдакцыі забясьпечваў захаваньне права сваякоў асуджаных да сьмерці не падвяргацца бесчалавечнаму абыходжаньню. Размова ідзе пра артыкул 7 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.»
Раман Кісьляк прапануе:
прысуджанага да сьмерці, яго абаронцу і блізкіх сваякоў інфармаваць пра дзень пакараньня,
даваць асуджанаму дастаткова часу, каб разьвітацца з сваімі сваякамі,
цела пакаранага выдаваць сваякам для пахаваньня,
у выпадках, калі пакаранага ўжо пахавалі, інфармаваць сваякоў пра месца пахаваньня.