Дэпутаты абмяркуюць магчымасьць скасаваньня сьмяротнага пакараньня

"23 верасьня рабочая група Нацыянальнага сходу па вывучэньні праблематыкі сьмяротнага пакараньня, прыме ўдзел у пасяджэньні "круглага стала", арганізаванага Радай Эўропы", — паведамілі ў прэсавай службе ПП НС.

"Адбудзецца дыскусія з нагоды магчымых крокаў Беларусі ў бок мараторыя і скасаваньня сьмяротнага пакараньня, у якой будуць удзельнічаць як прадстаўнікі нашай краіны, так і Рады Эўропы", — заявіў супрацоўнік прэсавай службы.

"Гэтая сустрэча зьяўляецца магчымасьцю для вядучых экспэртаў Рады Эўропы прадставіць беларускім уладам канкрэтныя парады, як ліквідаваць бар'еры, якія перашкаджаюць скасаваньню сьмяротнага пакараньня ў краіне, узмацніць папулярнасьць гэтай ідэі з боку грамадзкай думкі і мабілізаваць экспэртаў на падтрымку адмены гэтага віду пакараньня", — паведамілі Інтэрфаксу ў Радзе Эўропы.

"Скасаваньне сьмяротнага пакараньня павінна суправаджацца ўвядзеньнем адэкватнай турэмнай сыстэмы і прымальных альтэрнатыўных пакараньняў", — перакананыя ў РЭ.

"Скасаваньне сьмяротнага пакараньня ў Беларусі наблізіць краіну да стандартаў Рады Эўропы ў галіне правоў чалавека", — адзначаюць прадстаўнікі РЭ.

Чарговы сьмяротны прысуд вынесены 15 верасьня ў Магілёве Ігару Мяліку, які разам з Аляксандрам Сычовым займаўся разбоем на аўтамагістралі Гомель — Магілёў.

Беларусь засталася адзінай краінай у Эўропе, дзе ўжываецца сьмяротнае пакараньне.

29 красавіка 2010 году Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы прыпыніла кантакты зь Беларусьсю ў сувязі зь "недастатковым прагрэсам" краіны ў галіне адпаведнасьці стандартам Рады Эўропы.

Прычынай такога рашэньня стала выкананьне двух сьмяротных прысудаў у дачыненьні да 25-гадовага Андрэя Жука і 30-гадовага Васіля Юзапчука. Іх расстралялі ў сакавіку 2010 году, нягледзячы на тое, што іх скаргі знаходзіліся на разглядзе ў Камітэце ААН па правах чалавека.

Паводле праваабаронцаў, ад часу абвяшчэньня краінай незалежнасьці ў 1991 годзе такіх прысудаў было вынесена больш за 400.

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны