На мяжы затрымалі актывістаў кампаніі супраць смяротнага пакарання ў Беларусі

5 кастрычніка на памежным пункце “Каменны Лог” былі затрыманыя актывісткі кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” Ірына Тоўсцік і Паліна Сцепаненка. Іх высадзілі з аўтобусу “Вільня-Менск”. Супрацоўнікі Ашмянскай мытні затрымалі інфармацыйныя матэрыялы кампаніі, якія везлі актывісткі.

Налепкі і буклеты “Скажы НЕ смяротнаму пакаранню” былі прымеркаваныя да Сусветнага дня барацьбы супраць смяротнага пакарання, што адзначаецца 10 кастрычніка. Пратакол затрымання тавараў і дакументаў на іх склаў старэйшы інспектр Ашмянскай мытні Шумскі Аляксандр Мікалаевіч.

- Мытнікі нам сказалі, што налепкі і буклеты будуць адпраўлены на экспертызу ў праваахоўныя органы ў Ашмяны. Таксама паведамілі, што пасля мы можам забраць сваю інфармацыйную прадукцыю, - распавяла праваабаронца Ірына Тоўсцік.

Між іншым І.Тоўсцік адзначыла, што супрацоўнікі мытні, з якімі актывісткам давялося размаўляць, паказалі сябе  дасведчанымі ў праблеме смяротнага пакарання і даволі прыхільна паставіліся да інфармацыі, выкладзенай у буклетах. Нават сказалі, што таксама супраць смяротнага пакарання, падкрэсліла Ірына.

На памежным пункце П.Сцепаненка і І.Тоўсцік пратрымалі прыкладна з 15.30 да 18.00. Да Менску яны дабіраліся спадарожнай машынай. Актывісткі выказалі спадзяванне на тое, што усё ж атрымаецца вярнуць друкаваную прадукцыю, як ім паабяцалі мытнікі.

 

 

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны