Калі Беларусь увядзе мараторый на смяротнае пакаранне?
Увядзенне мараторыя на смяротнае пакаранне ў Беларусі будзе магчыма тады, калі грамадскае меркаванне зменіцца істотна. Аб гэтым на адкрыцці выставы “Смерць — гэта не правасуддзе” ў сталічным Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны заявіў старшыня сталай камісіі Палаты прадстаўнікоў па заканадаўстве і судова-прававых пытаннях, кіраўнік рабочай групы па вывучэнні праблематыкі смяротнага пакарання Мікалай Самасейка.
Экспазіцыю “Смерць — гэта не правасуддзе” ўтвараюць 100 плакатаў, адабраных больш як з 2000 работ у межах конкурса “Poster4Tomorrow”, які ладзіўся сёлета пад патранатам Генсека Рады Еўропы. Адначасова з Мінскам выстава адкрылася ў чатырох дзесятках гарадоў па ўсім свеце, у тым ліку ў штаб-кватэры ААН ў Нью-Ёрку і будынку Еўрапарламента ў Бруселі.
“Часовая мера”
Па словах Мікалая Самасейкі, беларускі бок “цудоўна ведае, што большасць краінаў Еўропы пайшлі на адмену смяротнага пакарання насуперак грамадскаму меркаванню”. Ён нагадаў, што ў Беларусі ў 1996 годзе адбыўся рэферэндум, на якім больш за 80 % грамадзян выказаліся супраць яе адмены.
Старшыня парламенцкай камісіі падкрэсліў, што смяротнае пакаранне значыцца ў Канстытуцыі і Крымінальным кодэксе як часовая мера і на заканадаўчым ўзроўні прадугледжана яе адмена. Пытанне толькі: “Калі?” Ён таксама патлумачыў, што ў Крымінальным кодэксе ёсць 14 артыкулаў, якія прадугледжваюць смяротны прысуд у якасці найвышэйшай меры пакарання, аднак на справе цягам доўгіх год ён выкарыстоўваецца толькі па адным — “наўмыснае забойства з абцяжарваючымі абставінамі”.
“Мы прызнаём еўрапейскія каштоўнасці… Аднак у сілу геаграфічнага становішча паміж Захадам і Усходам, у нас свая спецыфіка і павінен быць свой шлях, на якім неабходна ўлічваць грамадскае меркаванне”, — адзначыў дэпутат.
Пры гэтым заканатворца заўважыў, што поўная адмена смяротнага пакарання ў Беларусі магчыма толькі шляхам рэферэндуму. Аднак “увядзенне мараторыя на смяротнае пакаранне будзе першым крокам да яе адмены”.
Выстава, арганізаваная Інфармацыйным пунктам Рады Еўропы ў Мінску сумесна з прадстаўніцтвам Еўразвяза ў Беларусі, будзе працаваць з 9 кастрычніка па 11 снежня. Дадамо, што 23 верасня ў Мінску адбыўся круглы стол паміж прадстаўнікамі беларускага парламента і Рады Еўропы па праблеме адмены смяротнага пакарання.