Раман Кісляк супраць Міністэрства замежных спраў
Брэсцкі юрыст-праваабаронца Раман Кісляк атрымаў адказ з Міністэрства замежных спраў Беларусі на сваю заяву, у якой ён намагаўся адмяніць закон аб тайне часу расстрэлу і месцы пахавання прысуджанага да смяротнага пакарання.
Па меркаванні Рамана Кісляка, трэба змяніць артыкул Крымінальна-выканаўчага кодэкса, які забараняе выдаваць целы расстраляных і інфармаваць родных пра месца пахавання, што супярэчыць сёмаму артыкулу Міжнароднага пакта, дзе сказана, што таямніца наконт часу расстрэлу, невыдача цела і таямніца пра месца пахавання – гэта негуманная трактоўка родных.
Намеснік міністра Сяргей Алейнік, які падпісаў адказ юрысту, такой праблемы не бачыць.
– І тым не менш, – сказаў Раман Кісляк, – намеснік міністра замежных спраў палічыў, што няма ніякіх парушэнняў. Пра гэта быў праінфармаваны камітэт па правах чалавека. Пра гэта ён мне паведаміў. Я расцэньваю гэтую пазіцыю намесніка міністра як страўса, які хавае галаву ў пясок. Дзяржаўны орган адмаўляецца ад вырашэння праблемы, адмаўляе існаванне самой праблемы.
Раман Кісляк лічыць, што дадзеная праблема існуе і праваабаронцы будуць дабівацца яе вырашэння.