Праваабаронцы заклікалі Вэстэрвэле выставіць Менску шэраг патрабаваньняў
Міжнародная праваабарончая арганізацыя "Amnesty International"
заклікала міністра замежных спраў Нямеччыны Гіда Вэстэрвэле запатрабаваць ад
беларускіх уладаў падчас візыту ў Менск "неадкладнага мараторыю на
сьмяротнае пакараньне".
Пра гэта ў размове з агенцтвам DPA заявіла генэральны сакратар нямецкай сэкцыі
"Міжнароднай амністыі" Моніка Люкэ.
Паводле Монікі Люкэ, кіраўнік нямецкага замежнапалітычнага ведамства павінен
таксама заклікаць афіцыйны Менск спыніць арышт мірных дэманстрантаў і цэнзуру ў
СМІ.
У Менск нямецкі міністар прыбудзе ў аўторак пасьля наведаньня Літвы і Расеі.
Свой візыт у Беларусь падчас кампаніі прэзыдэнцкіх выбараў у гэтай краіне
Вэстэрвэле разам з сваім польскім калегам Радаславам Сікорскім робіць на даручэньне
ЭЗ. На перамовах зь беларускім міністрам Сяргеем Мартынавым і прэзыдэнтам
Аляксандрам Лукашэнкам пасланцы Эўразьвязу маюць засяродзіць увагу на пытаньні
свабодных і справядлівых выбараў.
DPA ўзгадвае, што пасьля мінулых "ашуканскіх прэзыдэнцкіх выбараў у 2006
годзе і здушэньня акцый апазыцыі" ЭЗ мусіў увесьці санкцыі ў дачыненьні да
высокіх беларускіх чыноўнікаў на чале з Лукашэнкам.