Лукашэнка: сьмяротнае пакараньне можна замяніць пажыцьцёвым зьняволеньнем
"Каб гэтую праблему вырашыць, нам трэба правесьці
рэфэрэндум", — заявіў Аляксандар Лукашэнка. У інтэрвію нямецкім журналістам,
вытрымкі зь якога прыводзіць БелТА, кіраўнік Беларусі адзначыў, што з тых часоў, калі сьмяротнае пакараньне
было замацаванае вынікамі рэфэрэндуму, пазыцыя людзей не зьмянілася.
Лукашэнка ўзгадаў, што ў Беларусі праводзіцца сэрыя мерапрыемстваў, каб
"паспрабаваць людзей неяк павярнуць да эўрапейскіх каштоўнасьцяў".
Лукашэнка нагадаў, што ў Беларусі паралельна са сьмяротным пакараньнем
выкарыстоўваецца пажыцьцёвае зьняволеньне. "У асноўным мы ўжываем
пажыцьцёвае зьняволеньне, ну, калі ўжо не абуральнае злачынства супраць
чалавечнасьці", — запэўніў журналістаў кіраўнік дзяржавы.
"Хутчэй за ўсё, у гэтай плашчыні будзе ляжаць у нас адмена сьмяротнага
пакараньня, бо ёсьць, як альтэрнатыва сьмяротнаму пакараньню, пажыцьцёвае
зьняволеньне. Таму, магчыма, мы неяк выбудуем палітыку, што суды ня будуць
ужываць самі вось гэтую жорсткую меру пакараньня", — паабяцаў Александар
Лукашэнка.
Беларусь засталася адзінай краінай у Эўропе, дзе ўжываецца сьмяротнае
пакараньне.
29 красавіка 2010 году Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы прыпыніла кантакты зь
Беларусьсю ў сувязі зь "недастатковым прагрэсам" краіны ў галіне
адпаведнасьці стандартам Рады Эўропы.
Паводле праваабаронцаў, ад часу абвяшчэньня краінай незалежнасьці ў 1991 годзе
сьмяротных прысудаў было вынесена больш за 400.