”Праблемы прымянення смяротнага пакарання ў Беларусі” вачамі журналістаў
Двухдзённы семінар “Праблемы прымянення смяротнага пакарання ў Беларусі і іх асвятленне ў СМІ” для журналістаў прайшоў ў Менску. Арганізатары мерапрыемства –няўрадавая арганізацыя “Міжнародная турэмная рэформа” (Расія) і Беларуская асацыяцыя журналістаў – не ставілі на мэце пераканаць прадстаўнікоў сродкаў масавай арганізацыі ў неабходнасці адмены смяротнага пакарання. Галоўнае, лічаць арганізатары, навучыць журналістаў больш узважана, аб’ектыўна і прафесійна падыходзіць да асвятлення тэмы смяротнай кары, якая сёння сарамліва замоўчваецца афіцыйнымі СМІ ў Беларусі.
Пра гістарычныя аспекты і падыходы розных краін да тэмы пакарання смерцю распавядаў праваабаронца Валянцін Стэфановіч. Ён падрабязна спыніўся на заканадаўчай аснове вышэйшай меры пакарання, азнаёміў з тэорыяй і практыкай яго прымянення ў Беларусі, адказаў на шматлікія пытанні ўдзельнікаў семінару.
З вынікамі сацыялагічных даследванняў, прысвечаных праблеме адмены смяротнай кары ў свеце і Беларусі азнаёміў удзельнікаў семінару сацыёлаг, кіраўнік лабараторыі «Новак» Андрэй Вардамацкі. Па дадзеных лабараторыі “Новак” за 2008 год, за адмену смяротнага пакарання выступаюць 39% беларусаў, 48% супраць. Аднак гэтыя прапорцыі ў розных сацыяльных і ўзроставых групах неаднолькавыя. Напрыклад, сярод жыхароў заходніх рэгіёнаў краіны (Гродзенская і Брэсцкая вобласць) прыхільнікаў адмены смяротнага пакарання значна болей – 51%. Сацыёлаг перакананы, што пры дапамозе арганізаванай медыйнай кампаніі, гэтыя прапорцыіі можна змяніць вельмі хутка.
Аднак нягледзячы на заявы афіцыйных асобаў аб тым, што тэма смяротнага пакарання актыўна абмяркоўваецца ў грамадстве, дзяржаўныя СМІ па-ранейшаму неахвотна асвятляюць гэтую праблему. Найперш, гэта датычыць дзяржаўнага тэлебачання і некаторых цэнтральных газет. Аналіз сродкаў масавай інфармацыі за 2010 год, які прадставіў журналістам медыя-эксперт Аляксандр Коктыш, сведчыць аб тым, што найбольш зацікаўленыя ў асвятленні тэмы адмены смяротнага пакарання якраз незалежныя СМІ, недзяржаўныя інфармацыйныя сайты, тэлеканал “Белсат”, радыё “Рацыя” і радыё “Свабода”. Ацэньваючы карэктнасць разгладаемых матэрыялаў Коктыш зрабіў акцэнт на тыповыя памылкі, якія дапускаюць журналісты, што асвятляюць гэтую тэму.
Эксперт АБСЕ Ірада Гусейнава правяла адмысловы майстар-клас, пад час якога былі разгледжаныя асноўныя ўяўленні і штампы ў сродках масавай інфармацыі ў дачыненні да смяротнай кары і выпрацаваныя падыходы да аб’ектыўнага і ўсебаковага асвятлення тэмы смяротнага пакарання.
Удзельнікі семінару наведалі таксама выставу «Смерць - гэта не правасуддзе» ў музеі Вялікай Айчыннай вайны, на якой прадстаўлена 100 плакатаў і постэраў.
Падводзячы вынікі працы, каардынатар праграм няўрадавай арганізацыі “Міжнародная турэмная рэформа” Сяргей Шымавалос выказаў спадзяванне, што супрацоўніцтва з журналістамі будзе працягнутае і тэма смяротнага пакарання будзе часцей прысутнічаць у беларускіх СМІ.