Новы рапарт Amnesty International аб сьмяротных прысудах у сьвеце
У сьвеце памяншаецца лічба выкананых сьмяротных прысудаў, заяўляюць экспэрты зь міжнароднай праваабарончай арганізацыі Amnesty International. Арганізацыя распаўсюдзіла адмысловы рапарт на гэтую тэму.
З дакумэнту вынікае, што летась сьмяротныя прысуды былі выкананыя ў 23 краінах сьвету. Колькасьць выкананых прысудаў зьменшылася з 714 да 527. Аднак гэтыя дадзеныя не ахопліваюць Кітая, дзе сьмяротныя прысуды выконваюцца масава. У мінулым годзе на моцы права забіта каля 2 тысяч людзей, а гэта ўтрая больш, чым ва ўсіх іншых разам узятых краінах.
У першай тройцы „лідараў” па выкананых сьмяротных прысудаў застаюцца Іран і Паўночная Карэя.
У мінулым годзе да краінаў, якія зьнесьлі сьмяротнае пакараньне, далучыў Габон і стаў 139 краінай сьвету, дзе вышэйшай мерай пакараньня зьяўляецца пажыцьцёвае турэмнае утрыманьне. У сваю чаргу Манголія ўвяла мараторый на выкананьне кары сьмерці.
Што тычыцца эўрапейскага кантынэнту, адзінай краінай, дзе надалей выконваюцца сьмяротныя прысуды, застаецца Беларусь. У мінулым годзе на падставе судовых прысудаў былі пазбаўленыя жыцьця дзьве асобы. Як зазначае дырэктарка польскай сэкцыі АІ Драгінія Надаздзін, міжнародную супольнасьць вельмі непікоіць спросаб выкананьня сьмяротных прысудаў у Беларусі.
Драгінія Надаздзін: Асноўнае пытаньне, якое нас вельмі непокоіць у справе выкананьня сьмяротных прысудаў у Беларусі, гэта, па- першае сам факт, што гэтыя асобы пазбаўляюцца жыцьця, як ахвяры леташняга выкананьня сьмяротнага прысуду. Пры чым яны былі забітыя ў адпаведнасьці з прысудам, выдадзеным падчас несправядлівага працэсу. Было шмат аргумэнтаў за тым, каб сьледзтва й працэс адбыліся паўторна. Акрамя гэтага неабходна зьвярнуць ўвагу на спосаб стаўленьня да асуджаных на сьмерць. Ані яны, ані іх сем’і ня ведалі, калі й дзе адбудзецца выкананьне прысуду. Усё гэта сьведчыць аб тым, што выкананьне сьмяротных прысудаў у Беларусі ў ніякім выпадку не зьяўляецца пошукам справядлівасьці, а толькі дадаткова павялічвае людзкое цярпеньне й праяўляе сваю жахлівасьць.
Віцэ- старшыня міжнароднага праваабарончага камітэру Алесь Бяляцкі паведаміў, што на сёньняшні дзень на выкананьне сьмяротных прысудаў чакаюць яшчэ тры асобы.
Алесь Бяляцкі: Гэтыя людзі прысуджаныя да сьмерці. Апошняе, што засталося, гэта рашэньне прэзыдэнта. Ён мае права альбо памілаваць, альбо пакінуць прысуд у сіле. Зварот камітэту па правох чалавека быў, якім чынам Беларусь на яго адрэагуе, пабачым. Усе трое абвінавачваюцца ў забойствах. Двое з Горадні, адзін з Гомеля, усе яны цяпер знаходзіцца ў Магілёўскім СІЗА. Мы лічым, не так істотна, што зрабілі гэтыя людзі, але істотны сам прынцып гуманізма ці негуманізма беларускай каральнай сыстэмы, якая існуе на сёньняшні дзень. І, нажаль, яна адрозьніваецца ад усіх узораў, якія існуюць на сёньняшні дзень у Эўропе.
Праваабаронца прыгадвае, што ў мінулым годзе шэраг беларускіх арганізацый ініцыяваў грамадзянскую кампанію «Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня». Яны праводзілі інфармацыйную кампанію па праблеме адмены сьмяротнага пакараньня ў Беларусі. Падавалася, што ўлады пачалі інакш спазіраць на гэтую праблему.
Алесь Бяляцкі: Пад ціскам беларускай і міжнароднай грамадзкасьці некалькі высокага ранга беларускіх чыноўнікаў выказаліся, што прыйшоў час на ўвядзеньне мараторыя на выкананьні сьмяротных пакараньняў. Але ад сьнежня сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі раптоўна пагоршылася і мы баімся, каб гэта не адбілася на чарговых сьмяротных прысудах. Іншая справа, што беларускія ўлады займаюць у гэтым пытаньні такую няўступлівую пазыцыю й насуперак зваротам міжнароднай супольнасьці й завротам Рады Эўропы ў нас няма ўпэўненасьці, што гэтыя тры сьмяротныя прысуды ня будуць выкананыя.
А прычынаю да такіх сумневаў зьяўляецца факт прывядзеньня ў выкананьне двух сьмяротных прысудаў у палове мінулага году пасьля таго, як Беларусь атрымала статус спэцыяльна запрошанай ад Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы.
Алесь Бяляцкі: Гэтыя прысуды былі выкананыя, людзі былі расстраляныя нягледзячы на задзеяньне ўсіх міжнародных механізмаў. Гэта быў вельмі моцны шок і гэта вельмі моцна стурбавала Раду Эўропы, ці Беларусь хацела быць спэцыяльна запрошанай. Мне падаецца, што няспынная ўвага Рады Эўропы да гэтых прысудаў насьцярожыла нас- беларускіх праваабаронцаў яшчэ ў мінулым годзе. Усе гэтыя размовы пра лібэралізацыю, якія так любілі весьці беларускія ўлады, ставіліася пад вяліаке пытаньне, што ўрэшце рэшт тут ў сьнежні й спраўдзілася. Што гэта былі толькі размовы, а дзеяньні беларускіх уладаў далёка не адпавядаюць усім абяцанкам, якія гучалі летась. Таму мы сапраўды турбуемся за лёс гэтых трох асуджаных да сьмяротнага пакараньня, што зь імі будзе, і будзем далей спрабаваць дапамагаць ім настолькі, наколькі гэта магчыма ў дадзенай сытацыі.
Прывёўшы ў выкананьне гэтыя два сьмяротныя прысуды, улады Беларусі сьвядома парушылі нормы нацыянальнага й міжнароднага права. Беларусь ратыфікавала Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правох, у адпаведнасьці зь якім яе грамадзяне маюць права падаваць скаргі ў Камітэт па правах чалавека ААН. Расстраляныя Юзэпчук і Жук скарысталіся гэтым правам. Аднак, нягледзячы на тое, што іх звароты яшчэ не былі разгледжаны, сьмяротныя прысуды былі зьдзейсьненыя. А гэта чарговы прыклад таго, як беларускія ўлады ставяцца да міжнароднага права й стандартаў. І пакуль сытуацыя ня зьмяніцца, Беларусь будзе засатавацца апошняй крывавай плямай на мапе эўрапейскага кантынэнту.