Калі ў Беларусі адменяць смяротнае пакаранне?
Два смяротныя прысуды ў нашай краіне былі прыведзены ў выкананне роўна год назад.Увогуле ў мінулым годзе ў Беларусі тры чалавекі былі асуджаны на смяротнае пакаранне за ўзброенае рабаванне, наўмыснае забойства, узброены напад і выкраданне малалетніх. Сёння Беларусь з’яўляецца адзінай краінай у Еўропе, дзе выконваюць смяротныя прысуды. Ці ёсць шанцы на тое, што ў Беларусі іх адменяць? Пра гэта інтэрнэт-выданне “Тут і цяпер” запыталася ў юрыста незарэгістраванага праваабарончага цэнтра “Вясна” Валянціна Стэфановіча.
— Беларусь не толькі ў Еўропе, але і на тэрыторыі былога Савецкага Саюза за-стаецца адзінай краінай, дзе выконваюцца смяротныя прысуды, паколькі Узбекістан параўнальна нядаўна адмяніў смяротнае пакаранне, — заўважае Валянцін Стэфановіч. — І мне цяжка адказаць, чаму так адбываецца. Калі фармальна падыходзіць да гэтага пытання, то Беларусь не брала на сябе абавязацельстваў па адмене смяротнага пакарання. Тыя міжнародныя дамовы, у якіх удзельнічае наша краіна, не патрабуюць адмены смяротнага пакарання. І Беларусь не ўваходзіць у Савет Еўропы, дзе адно з патрабаваняў да яго членаў — якраз адмена альбо мараторый на смяротнае пакаранне.
— Але, увёўшы мараторый на смяротнае пакаранне, Беларусь можа вярнуць статус спецыяльна запрошанага ў ПАСЭ.
— Гэты статус сам па сабе не абавязвае краіну ўводзіць нейкі мараторый і адпавядаць тым крытэрыям, што выстаўляюцца Саветам Еўропы. І нават ніхто не змушае Беларусь ратыфікоўваць Еўрапейскую канвенцыю аб правах чалавека і прызнаваць кампетэнцыю Еўрапейскага суда ў Страсбургу, што таксама абавязкова для членаў Савета Еўропы. Але калі разглядалася пытанне аб вяртанні статусу спецыяльна запрошанага, які Беларусь некалі мела, то Савет Еўропы вырашыў, што адным з такіх крытэрыяў магло б быць увядзенне мараторыя на смяротнае пакаранне.
— У мінулым годзе здавалася, што згаданы мараторый — справа бліжэйшага часу.
— Да 19 снежня, назіраючы так званую лібералізацыю, я, шчыра кажучы, таксама думаў, што мараторый на смяротнае пакаранне вось-вось увядуць. І нават прадстаўнікі ўлады пачыналі пра гэта гаварыць, абмяркоўваць тое, што Беларусь падышла да адмены смяротных прысудаў, паколькі іх колькасць паменшылася пасля 1999 года. Але пасля 19 снежня я, напрыклад, ужо не чуў ніякіх разваг на гэтую тэму. І, на маю думку, у бліжэйшы час мараторый аб’яўлены не будзе. Адзін з пасылаў беларускіх улад на гэты конт — нібыта гэтая мера не папулярная ў беларускім грамадстве. Калі б і ў іншых краінах прытрымліваліся такой логікі, то смяротнае пакаранне ўвогуле нідзе б не адмянялася. Бо на момант яго адмены грамадская думка ў Еўропе збольшага падтрымлівала захаванне інстытута смяротнага пакарання. Так было і ў Вялікабрытаніі, і ў Францыі, і ў іншых краінах. Але там улады бралі на сябе адказнасць за гэтае пытанне.
— Яшчэ нашы чыноўнікі кажуць, што наяўнасць смяротнага пакарання спрацоўвае як стрымліваючы фактар для росту злачыннасці…
— На мой погляд, гэты аргумент не спрацоўвае, бо вельмі шмат канкрэтных прыкладаў, калі, наадварот, нават цяжкіх злачынстваў супраць асобы станавілася менш пасля ад-мены смяротнага пакарання. У прыватнасці, такія працэсы адзначаліся ў Канадзе і Літве. А доказаў таго, што менавіта пасля адмены смяротнага пакарання колькасць забойстваў вырасла, няма. Злачыннасць засталася прыкладна на тым жа самым узроўні — пра гэта сведчаць даследаванні, што праводзіліся амаль ва ўсіх краінах, дзе адмянілі смяротнае пакаранне.
“Мы супраць!”
Петыцыю супраць смяротнага пакарання ў Беларусі, якая раз-мешчана на сайце незарэгістраванага праваабарончага цэнтра “Вясна”, падпісалі ўжо больш за дзве тысячы чалавек. “Мы лічым, што жыццё з’яўляецца найвышэйшай каштоўнасцю, натуральным і неад’емным правам чалавека, — напісана ў тэксце петыцыі. —Смяротнае пакаранне мы расцэньваем як парушэнне права на жыццё, гарантаванае Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і міжнароднымі дамовамі ў галіне правоў чалавека. Мы цвёрда перакананы: нішто не можа апраўдаць наўмыснае і бязлітаснае пазбаўленне чалавека жыцця ад імя дзяржавы. Смяротнае пакаранне мае незваротны характар. Пазбаўленне жыцця не толькі не выправіць здзейсненага злачынцам і не адновіць справядлівасць, але і не зможа прывесці яго да пакаяння, усведамлення сваёй віны”.
Ці ведаеце вы….
…калі ставіцца пытанне аб адмене смяротнага пакарання альбо мараторыі, то няма неабходнасці ўносіць адпаведныя змены ў Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь. Трэба толькі, каб дэпутаты ўнеслі змены ў Крымінальны кодэкс. А мараторый на смяротнае пакаранне можа ўвесці прэзідэнт сваім указам. У такім выпадку смяротная кара заста-ецца ў заканадаўстве як мера пакарання, але не выкарыстоўваецца на практыцы;
…смяротнае пакаранне не ўжываецца да непаўналетніх, жанчын і мужчын, якія дасяг-нулі 65-гадовага ўзросту.
“Тут і цяпер”