Прэзэнтацыя дакументальнага фільму па праблеме сьмяротнага пакараньня (відэа)

Прэзэнтацыя фільму
Прэзэнтацыя фільму

29 ліпеня ў Мінску ў Галерэі “Ў” адбылася  прэзэнтацыя дакументальнага  фільма  “Прычына сьмерці - прочырк“,  створанага ў межах кампаніі “Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня”. Прэзэнтацыю вёў каардынатар кампаніі Андрэй Палуда, які здымаўся ў фільме.

Рэжысэр фільму Віктар Трацякоў сфакусаваў асноўную ўвагу на пакутах родных і блізкіх асобаў, асуджаных на сьмяротнае пакараньне. Праваабаронца Валянцін Стэфановіч адзначыў, што беларускае заканадаўства не прадугледжвае выдачу цела і асабістых рэчаў асуджанага ягонай сям’і. Не паведамляецца і месца пахаваньня. А ў пасьведчаньні аб сьмерці, якое выдаецца родным, у графе “Прычына сьмерці” ставіцца прочырк. Адсюль і такая назва фільму.

Гераіняй фільму стала маці Андрэя Жука, асуджанага на сьмяротнае пакараньне і растралянага ў сакавіку 2010 году. Як адзначыла аўтар сцэнару фільма, пісьменьніца і праваабаронца Паліна Сьцепаненка, у  большасьці выпадкаў родныя асуджаных не гатовыя кантактаваць з грамадзкімі арганізацыямі ды ініцыятывамі, якія працуюць па праблематыцы сьмяротнага пакараньня. У гэтым сэнсе спадарыня Сьвятлана Жук ёсьць унікальнай асобай.

На прэзэнтацыі прысутнічаў таксама былы старшыня Вярхоўнага Савету Мечыслаў Грыб, які быў адным з герояў фільму. Спадар Грыб зьвярнуў увагу на тое, што намаганьні праваабаронцаў, якія змагаюцца супраць сьмяротнага пакараньня ў Беларусі, не прайшлі марна. Калі ў першыя гады незалежнасьці Беларусі штогод у выкананьне прыводзілася каля 30 сьмяротных прысудаў, то апошнім часам колькасьць іх зьнізілася да 2-3 на год.

Рэжысэр Віктар Трацякоў так пракамэнтаваў сваё бачаньне праблемы сьмяротнага пакараньня: “Кожны з нас нясе адказнасьць за тое, што адбываецца ў нашай краіне. І сьмяротныя пакараньні выконваюцца ад імя кожнага з нас. Таму, каб зьмяніць сытуацыю, кожны мусіць нешта зрабіць”.

Фота

Валянцін Стэфановіч і Андрэй Палуда
Аўтар сцэнару Паліна Сьцепаненка і рэжысэр Віктар Трацякоў

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны